Дырэктыўна абмяжоўваць будаўніцтва ніхто не збіраецца

У Беларусі плануецца павялічыць аб’ёмы ўводу жылля для мнагадзетных сем’яў да 10 тысяч кватэр у год. Пра гэта паведаміў міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны.

У Беларусі ў бягучым годзе планавалася ўвесці ў строй 7 тысяч 29 кватэр для мнагадзетных сем’яў, па папярэдніх падліках будзе ўведзена на 50 кватэр больш. “Гэта максімум за апошнія гады. Зніжэння будаўніцтва жылля для гэтай катэгорыі грамадзян больш не будзе. Запланавана кожны год будаваць не менш як 7 тысяч кватэр, хоць цяпер шукаем сродкі для работы з указам № 240, для таго каб выходзіць на 10 тысяч кватэр у год для мнагадзетных сем’яў. Чакаецца, што гэта станоўча паўплывае на дэмаграфічную сітуацыю ў краіне”, — сказаў Анатоль Чорны.

У студзені — чэрвені для мнагадзетных сем’яў было ўведзена 240 тысяч кв.м жылля — гэта ў 2,7 разу больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Усяго ж для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пабудавана 413 тысяч кв.м.

Міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны таксама адзначыў, што дырэктыўна абмяжоўваць будаўніцтва жылля ніхто не збіраецца. “Трэба быць гатовымі да таго, што калісьці настане мяжа адносна будаўніцтва жылля ў Мінску ўнутры кальца”, — сказаў Анатоль Чорны.

Ён падкрэсліў, што ў сталіцы яшчэ ёсць рэзервы для жыллёвага будаўніцтва. На чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у Мінску стаяць 5,5 тысячы мнагадзетных сем’яў. “Іх неабходна забяспечыць жыллём у найбліжэйшыя два гады. Будуць яшчэ аб’екты на месцы старога жылля і г.д. Але калі настане мяжа, будаваць ужо не будзе дзе. Да гэтага трэба падрыхтавацца”, — дадаў міністр.

У сувязі з гэтым Анатоль Чорны акрэсліў перспектыву развіцця будаўніцтва жылля ў гарадах-спадарожніках. “Яны павінны атрымаць добрую інфраструктуру, дадатковыя рабочыя месцы. На ўзгадненні знаходзіцца праект указа адносна эксперымента па будаўніцтве жылля для мінчан у Смалявічах. Хочам запрасіць іх будаваць па заяўным прынцыпе незалежна ад месца ў чарзе. Сёння з Мінска ў Смалявічы можна дабрацца за 15—20 хвілін. Плануецца расшырэнне аўтатрасы ад Кургана Славы да гэтага горада-спадарожніка”, — адзначыў ён.

Раней намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін заяўляў пра разгляд прапановы па скарачэнні ў два разы жыллёвага будаўніцтва шматпавярховых дамоў у Мінску і абласных цэнтрах.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *