Акцыя “Гадзіна кода” ў Лелюкінскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, як і па ўсёй Беларусі, сёлета праходзіла з 3 па 9 снежня. У школе адбыліся мерапрыемствы, якія змянілі уяўленне навучэнцаў аб інфармацыйных тэхналогіях і праграмаванні.
Кожны змог адчуць сябе часткай усебеларускай інфармацыйнай прасторы, праверыць свае магчымасці, праявіць мэтанакіраванасць і напорыстасць.
Напярэдадні старту акцыі на афіцыйным сайце і ў сеткавых суполках ўстановы былі анансаваны цікавыя мерапрыемствы.
Навучэнцы пачатковых класаў пазнаёміліся з асновамі Scratch-праграмавання, паспрабавалі скласці найпрасцейшыя гульні.
У 5 класе прайшоў урок-адкрыццё “Гадзіна кода — гэта не мода”, мэтай якога стала знаёмства навучэнцаў з рознымі спосабамі кадавання і дэкадавання інфармацыі, развіцця лагічнага мыслення, пазнавальных інтарэсаў і ўспрымання, выхавання настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэтаў, выхавання інфармацыйнай культуры і ўстойлівай цікавасці да ІТ-прафесій. У 6—7 класах быў праведзены ўрок-падзея па інфарматыцы “Інфазнайкі-2018”, дзе кожны навучэнец змог паспрабаваць сябе ў ролі пачаткоўца-праграміста, стваральніка свайго праграмнага прадукту.
Вучні 8—11 класаў удзельнічалі ў вэб-квэсце “Я ў айцішнікі хачу — хай мяне навучаць!”, прысвечаным практычнаму вывучэнню прафесій IT-сферы.
Усе навучэнцы, якія бралі ўдзел у акцыі “Гадзіна кода”, пагадзіліся, што праграмаванне — гэта прасцей, чым здаецца. Варта толькі паспрабаваць.
Хочацца спадзявацца, што праведзеныя мерапрыемствы будуць садзейнічаць падтрымцы ў навучэнцаў імкнення да новых ведаў, якія дазволяць стаць у будучыні вядучым праграмістам або кіраўніком буйной кампаніі, стварыць свой паспяховы ІТ-прадукт, адкрыць уласны ІТ-бізнес.
Вольга БАЛАНОВІЧ,
настаўніца інфарматыкі
Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.