Беларускай навуцы ёсць кім і ёсць чым ганарыцца

Заўтра айчынныя вучоныя адзначаюць прафесійнае свята — Дзень беларускай навукі. Адначасова ў краіне праходзяць урачыстасці, прысвечаныя 85-годдзю Нацыянальнай акадэміі навук.

Найбольш значнай падзеяй тыдня стала Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Навука — інавацыйнаму развіццю грамадства”, прымеркаваная да гэтых дзвюх дат. У ёй прынялі ўдзел больш за 500 вучоных з краін СНД, Еўропы і Азіі.
Падчас канферэнцыі ў будынку прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук была разгорнута маштабная выстава вынікаў акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі. На ёй было прадстаўлена каля 500 апошніх навукова-тэхнічных распрацовак.
Выступаючы перад удзельнікамі канферэнцыі, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў адзначыў, што беларускім вучоным ёсць чым ганарыцца. Менавіта дзякуючы іх намаганням вырашаецца шэраг тэарэтычных і прыкладных праблем у галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, навук аб Зямлі. Міжнароднае прызнанне атрымалі навуковыя школы ў галіне тэарэтычнай фізікі, спектраскапіі і люмінесцэнцыі, лазернай фізікі, матэматыкі, гісторыі, мовазнаўства, аграрнай сферы, медыцыны.
Уладзімір Рыгоравіч паведаміў, што зараз распрацаваны праект праграмы ўдасканалення навуковай галіны Беларусі, якая вызначае развіццё навукі да 2025 года. У прыватнасці, пастаўлена задача рэалізаваць новую сістэму матывацыі ў навуковай галіне шляхам паслядоўнага ўкаранення персанальных умоў аплаты працы вучонага, якія будуць гібка ўлічваць як прадукцыйнасць яго работы па міжнародных крытэрыях, так і запатрабаванасць яго распрацовак айчыннай эканомікай.
Плануецца шырокае ўкараненне механізма ліцэнзійных адлічэнняў аўтарам і распрацоўшчыкам інтэлектуальнага прадукту. Прадугледжана развіццё грантавай падтрымкі маладых вучоных, а для дактароў і кандыдатаў навук на заслужаным адпачынку — устанаўленне надбаўкі да пенсіі.
Для арганізацыі прыярытэтных навуковых даследаванняў плануецца стварыць пэўную колькасць нацыянальных даследчых лабараторый і цэнтраў. Гэтая ідэя запазычана з вопыту функцыянавання нацыянальных лабараторый ЗША, Паўднёвай Карэі і іншых высокаразвітых дзяржаў. Такія цэнтры фінансуюцца пераважна з бюджэтных крыніц, забяспечваюцца найноўшай матэрыяльна-тэхнічнай базай, атрымліваюць найбольш кваліфікаваных спецыялістаў. На чале іх павінны стаць лепшыя вучоныя з высокім міжнародным аўтарытэтам. Работа гэтых цэнтраў будзе арыентавана на прарыўныя вынікі высокага ўзроўню, а таксама на даследаванні ў галіне нацыянальнай бяспекі, гісторыі і культуры народа.
Дзеля распрацоўкі і асваення навукаёмістай прадукцыі плануецца фарміраваць навукова-тэхналагічныя кластары. Яны будуць стварацца для вырашэння канкрэтных задач і адрознівацца мабільнасцю і гібкасцю. Фінансаванне такіх кластараў — пераважна пазабюджэтнае, бо іх дзейнасць будзе скіравана на асваенне новых навукаёмістых тэхналогій і прадукцыі з перспектывай рэалізацыі на ўнутраным і знешнім рынках. Уладзімір Гусакоў заўважыў, што дзеля больш эфектыўнага ўзаемадзеяння навукі і вытворчасці трэба стымуляваць фарміраванне сеткі малых і сярэдніх інавацыйных прадпрыемстваў, здольных ствараць навукаёмісты прадукт з высокім дабаўленым коштам. Як прыклад, ён назваў Нацыянальны навукова-тэхналагічны парк у галіне фармацэўтыкі, нана- і біятэхналогій “БелБіяград”, які зараз ствараецца. Там будзе прадстаўлены цэлы ланцужок ад фундаментальных даследаванняў да арганізацыі вытворчасці.
Сістэма фінансавання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці таксама павінна стаць больш гібкай. Вялікая роля адводзіцца венчурнаму фінансаванню навуковых распрацовак, стымуляванню прадпрыемстваў да ўкладання грошай у навукова-тэхнічныя праекты, увядзенню падатковага крэдыту для навуковых і інавацыйных прадпрыемстваў.
Іншымі словамі, Нацыянальная акадэмія навук дакладна ведае, у які бок яна будзе рухацца ў найбліжэйшы час. Навуковы патэнцыял даволі высокі, і перспектывы ў вядучай навуковай арганізацыі краіны, паводле меркавання саміх вучоных, вельмі добрыя.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Віктара ТАЛОЧКІ, БелТА.