Зімовы “Сонечны экспрэс”

- 12:42Нам пішуць

Менавіта так называўся аздараўленчы лагер дзённага знаходжання, арганізаваны на зімовых канікулах у Сінькоўскім ВПК яслі-сад — сярэдняя школа Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. На першы погляд гучыць гэта назва крыху незвычайна. Але нарадзілася яна ад цёплых дзіцячых усмешак, добрага настрою і пазітыву, якія напаўнялі кожны новы дзень.

На “сонечным экспрэсе” дзеці трапілі ў каралеўства Снежнай Чараўніцы, каб растапіць ледзяное сэрца злой прыгажуні і павярнуць час на лета.

Кожны новы дзень у лагеры пачынаўся з пераклічкі на казачным пероне. Потым згадвалася тая казачная станцыя, на якой дзеці пабывалі, з якімі заданнямі Снежнай Каралевы паспяхова справіліся. Тут жа атрымлівалі план далейшага маршруту. Сем дзён — сем станцый. На шляху ў казачнае каралеўства выхаванцы ўдзельнічалі ў спартыўных і інтэлектуальных спаборніцтвах, ляпілі снежныя фігуры, каб заблытаць чараўніцу, але нічога не атрымлівалася. Тады ўсе разам адправіліся на станцыю Навагоднюю, каб папрасіць дапамогі ў Дзеда Мароза і Снягуркі. Яны і падказалі, якім чынам перамагчы Снежную каралеву.

Сувеніры, святочныя паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі, малюнкі, дабрачынныя акцыі “Пакармі птушак”, “Цуды на Каляды” і шмат іншых добрых спраў заставілі каралеву ўсміхнуцца. Вось так толькі добрыя справы і шчырыя словы дапамаглі растапіць ледзяное сэрца.
Адным словам, адпачынак атрымаўся вясёлы і карысны. Доказам гэтаму — добры настрой і радасныя ўсмешкі выхаванцаў!

Вера ЛОБАЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Сінькоўскага ВПК яслі-сад — сярэдняя школа
Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.