Класная гадзіна аб грамадзянскасці

- 16:52Нам пішуць

Напярэдадні памятнай для нашай краіны падзеі — 100-годдзя ўтварэння БССР — у нашай школе прайшла аб’яднаная класная гадзіна “Шляхі беларускай грамадзянскасці”.

Ва ўрачыстай атмасферы канферэнц-залы школы вучні ўбачылі на экране жывыя кадры гісторыі нашай краіны: першыя дзяржаўныя сімвалы, з’езды ўрада, побыт землякоў у далёкія гады станаўлення нашай Радзімы. Вельмі ўразілі навучэнцаў музыка і тэкст гімна БССР, які гучаў адначасова са слайд-шоу агітацыйных плакатаў таго часу.

Патрыятызм, згуртаванасць, дружба, жаданне працаваць, вучыцца, абараняць сваю краіну — вось што ўбачылі нашы школьнікі ў жыцці савецкага грамадства. Але пачуць з першых вуснаў пра жыццё сваіх аднагодкаў у 50—60-я гады было самым уражлівым. Ветэран педагагічнай працы Браніслава Вікенцьеўна Клімава, нягледзячы на шаноўны ўзрост, наведала сваіх падапечных і асабіста расказала пра ўсё гэта. Дзеці нават патрымалі ў руках сапраўдныя пісьмовыя прылады школьнікаў пасляваенных гадоў і вельмі здзіўляліся, як можна было пісаць дыктоўку такімі прыстасаваннямі?

Шмат пытанняў сучасныя школьнікі задавалі ветэрану пра савецкія школьныя будні. Цікавым быў аповед пра тое, як, будучы дзяўчынкай, Браніслава Вікенцьеўна таксама не хацела хадзіць у школу, і маці адправіла яе працаваць нароўні з дарослымі. Пасля аднаго дня такой працы школа палюбілася на ўсё жыццё.

Шмат падобнага ўбачылі вучні ў сучасным жыцці і жыцці паўвекавой даўнасці: клопат пра дзяцей і старых, права на адукацыю, працу і адпачынак, спорт і здароўе. Ужо развітваючыся са сваім ветэранам, зрабілі выснову аб тым, што ўсё лепшае, што было прынята ў БССР, дзяржава паспрабавала ўдасканаліць і захаваць да нашых дзён. Дзеці паабяцалі ветэрану, што будуць вельмі клапаціцца аб нашай Радзіме, а традыцыі, закладзеныя іх прабабулямі і прадзядулямі, паспрабуюць захаваць.


Святлана ЯФІМАВА,
настаўніца сярэдняй школы № 2 Чавус.