70 гадоў на сувязі

- 10:39Якасць адукацыі

З наступнага навучальнага года Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі пачне падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.

“У гэтым жыцці ўсё звязана” — сцвярджае рэкламны слоган вядомага беларускага прадпрыемства. Відаць, таму ён і прыйшоўся людзям даспадобы, што кожны разумее: чым больш нябачных нітачак-сувязей звязвае людзей з грамадствам і навакольным светам, тым больш надзейным і стабільным становіцца наша жыццё.
У мінулую суботу Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі — альма-матар некалькіх пакаленняў сувязістаў Беларусі і замежжа — адсвяткаваў сваё 70-годдзе. Душэўная цеплыня, радасць сустрэчы з сябрамі панавалі ў зале, дзе адбыўся ўрачысты сход. Для ўсіх удзельнікаў ён ператварыўся ў сапраўды незабыўнае свята. Выпускнікі розных гадоў, сённяшнія навучэнцы і іх выкладчыкі, кіраўнікі філіяла і акадэміі сувязі, ганаровыя госці перагарнулі старонкі летапісу ўстановы-юбіляра, прыгадалі слаўныя справы і выдатныя дасягненні яе працоўнага калектыву.— Юбілей з’яўляецца своеасаблівай машынай часу — збіраюцца выпускнікі, успамінаюць гады вучобы, сваю маладосць і даўніх сяброў, сустракаюцца з выкладчыкамі, а тыя разам са сваімі вучнямі шчыра радуюцца іх поспехам, — адзначыў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Андрэй Зяневіч. — У гаспадароў сённяшняга свята багатая гісторыя, якой яны па праве могуць ганарыцца. За 70 гадоў установа прайшла шлях ад тэхнікума да філіяла акадэміі сувязі. Калектыў працуе зладжана, рыхтуе высокакваліфікаваных, запатрабаваных спецыялістаў. Усе выпускнікі нашага Віцебскага філіяла паспяхова працаўладкоўваюцца на прадпрыемствах галіны сувязі. Таксама хацелася б дадаць, што Віцебскі філіял — інавацыйная пляцоўка, дзе ўкараняюцца новыя адукацыйныя тэхналогіі; тут заўсёды было сучаснае абсталяванне, навукова-метадычнае і праграмна-тэхнічнае забеспячэнне. Упэўнены, што ў наступныя 70 гадоў без гэтага таксама не абыдзецца. І першае, што мы плануем зрабіць, — з наступнага года адкрыць на базе філіяла падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.
Ад імя ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама юбіляра павіншаваў начальнік аддзела выхаваўчай работы Валерый Кунашка.
— Па мерках сусвету 70 гадоў — непрыкметнае імгненне, але ў вашым выпадку гэта цэлая эпоха, вартая павагі і гонару гісторыя, — звяртаючыся да ўдзельнікаў сходу падкрэсліў Валерый Віктаравіч. — Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі ўстойліва асацыіруецца як з інавацыямі ў адукацыі, так і з многімі сацыяльна значнымі і цікавымі ініцыятывамі. Гэтая зала стала традыцыйным месцам правядзення інтэлектуальных гульняў, у тым ліку міжнароднага ўзроўню. Мы вельмі плённа супрацоўнічаем. Спадзяюся, што гэтае сяброўства будзе толькі ўмацоўвацца.
— 70-годдзе — гэта свята для ўсіх, хто працаваў і вучыўся ў нашай установе, зараз вучыцца і працуе, чые здольнасці і талент накіраваны на навучанне моладзі, — адзначыў дырэктар Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Віктар Карлаў. — Мы многага дасягнулі. Аднак, азіраючыся на пройдзены шлях, хочацца сказаць: сённяшні дзень — толькі пачатак новых пошукаў, здзяйсненняў і перамог. Нязменнымі для нас застаюцца імкненне памнажаць лепшыя традыцыі, цесная сувязь пакаленняў, любоў да сваёй справы. Жыццё нашай установы разнастайнае і цікавае, але галоўнае ў ім не вучэбныя праграмы і нават не навука. Галоўнае ўсё ж людзі — добрыя выкладчыкі, іх дастойныя вучні — і высакародная справа выхоўваць і вучыць, развіваць, дапамагаць і падтрымліваць тых, хто прыходзіць да нас набываць прафесію сувязіста.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.