70 гадоў на сувязі

У Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды 70-гадовага юбілею ўстановы. Павіншаваць са святам педагогаў і навучэнцаў завіталі начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук, начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М.Наскоў, прадстаўнікі абласной і гарадской улады, абласных філіялаў РУП “Белпошта”, “Белтэлекам” і “Белдзяржстрах”, кіраўнікі ПТНУ і выпускнікі каледжа.

— За 70 гадоў наша ўстанова прайшла шлях ад рамеснага вучылішча сувязі да каледжа, — расказаў яго дырэктар М.М.Куіш. — У першыя гады работы тут рыхтавалі сталяроў, слесараў-інструментальшчыкаў, механікаў тэлеграфа, наглядчыкаў гарадской тэлефоннай сеткі, радыёвузлоў, тэлеграфна-тэлефонных ліній і кабельных ліній сувязі, а таксама паштова-тэлеграфных агентаў. Пералік спецыяльнасцей пераглядаўся і пашыраўся з улікам запытаў грамадства і тэхнічнага прагрэсу. Удасканальвалася і ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы, якая і сёння з’яўляецца асноўнай кузняй кадраў для прадпрыемстваў сувязі.
За гады існавання каледж, які з 2003 года ўзначальвае М.М.Куіш, падрыхтаваў больш за 15 тысяч кваліфікаваных работнікаў па 45 прафесіях. Многія выпускнікі ўстановы сталі не толькі добрымі спецыялістамі, але і кіраўнікамі прадпрыемстваў РУП “Белпошта” і “Белтэлекам”, вядомымі спартсменамі. У каледжы вучыўся і былы міністр сувязі Беларусі І.М.Грыцук.
Сённяшні каледж — гэта сучасная ўстанова сярэдняй спецыяльнай прафесійнай адукацыі, аснашчаная неабходным тэхнічным абсталяваннем. Ва ўстанове атрымліваюць прафесію больш за 700 навучэнцаў. Многія з іх актыўна ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх конкурсах прафесійнага майстэрства, дзе паказваюць добрую падрыхтоўку. Важна, што каледж (у адрозненне ад іншых ПТНУ вобласці) не адчувае праблем з наборам навучэнцаў. Усе выпускнікі ўстановы працаўладкоўваюцца.
Каледж дынамічна развіваецца. У ім адкрываюцца новыя перспектыўныя спецыяльнасці, актыўна абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база, вызначаюцца актуальныя напрамкі адукацыйнай дзейнасці. Сёння каледж рыхтуе электраманцёраў лінейных збудаванняў электрасувязі і праваднога вяшчання, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, аператараў сувязі, тэхнікаў-электрыкаў, тэхнікаў паштовай сувязі, сакратароў-рэферэнтаў і эканамістаў (страхавых агентаў). Шырокае выкарыстанне ў вучэбным працэсе сучаснай электроннай і вылічальнай тэхнікі дазваляе паспяхова вывучыць прыборы і ўстройствы аўтаматызацыі, абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў і грамадзянскіх будынкаў, а таксама атрымаць практычныя навыкі па вымяральнай, мікрапрацэсарнай і электрамантажнай дзейнасці.
Каледж супрацоўнічае з рознымі прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі Брэстчыны. Выпускнікі ўстановы працягваюць навучанне ў БрДТУ, БДУІР, БДЭУ, Вышэйшым дзяржаўным каледжы сувязі ў Мінску і Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі ў Гомелі.
Падчас святочнага мерапрыемства панавала цёплая атмасфера. Творчыя калектывы каледжа, яго выпускнікі і педагогі на чале з дырэктарам падарылі гледачам шмат цікавых музычных і танцавальных нумароў.
Лепшыя выкладчыкі і майстры каледжа атрымалі падзячныя пісьмы і граматы. Не абышлося без падарункаў і самой установе з боку прадпрыемстваў-партнёраў.
— Шмат зроблена ў каледжы за 70 гадоў работы і яшчэ шмат трэба будзе зрабіць наперадзе ў падрыхтоўцы запатрабаваных кадраў, — адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук, які ўручыў дырэктару каледжа сертыфікат на правядзенне ў 2015 годзе рамонтных работ на суму 500 мільёнаў рублёў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.