75 гадоў разам з педагогамі

У Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбылося святочнае мерапрыемства з нагоды 75-­годдзя ўстановы. Яе супрацоўнікаў павіншавалі з юбілеем начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі І.І.Васіленка, начальнікі рэгіянальных аддзелаў па адукацыі, загадчыкі вучэбна­метадычных кабінетаў.

За сваю гісторыю абласны ІРА змяніў не адзін адрас і перажыў не адну рэарганізацыю. Сёння ва ўстанове дадатковай адукацыі дарослых, якая дынамічна развіваецца і ідзе ў нагу з часам, штогод павышаюць прафесійную кваліфікацыю больш за 6 тысяч педагогаў Брэстчыны па розных актуальных напрамках (“Педагагічная дзейнасць у сацыяльна­педагагічных установах”, “Выхаванне ў прыёмных сем’ях”, “Выхаванне ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу”, “Інтэграванае навучанне і выхаванне”, “Рэзерв кіраўніцкіх работнікаў”, “Атэстацыя педагагічных работнікаў”, “Падрыхтоўка ІТ­цьютараў”, “Кіраўніцтва школьнымі метадычнымі аб’яднаннямі” і інш.).

Інстытут штогод праводзіць больш за 60 навукова­метадычных і іншых мерапрыемстваў. Сярод іх — рэгіянальны конкурс “Малады настаўнік Брэстчыны”, абласныя этапы рэспубліканскіх конкурсаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” і “Энергамарафон”, абласны фестываль педагагічнага майстэрства, панарамы вопыту эфектыўнай адукацыйнай практыкі і інавацыйна­эксперыментальнай дзейнасці ўстаноў адукацыі, Абласны конкурс “Інфармацыйна­камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”, штогадовы фестываль школьных тэатральных калектываў “Асарці” на замежнай мове і інш. Акрамя таго, інстытут каардынуе работу больш як 1,7 тысячы метадычных фарміраванняў педагогаў: творчых і праблемных груп, школ маладога настаўніка, перадавога педагагічнага вопыту і інш. Наладжаны цесныя сувязі з Міжнароднай акадэміяй навук педагагічнай адукацыі (Масква), Роўненскім абласным інстытутам паслядыпломнай адукацыі (Украіна) і Магілёўскім абласным ІРА.

Вялікую работу ўстанова праводзіць у інфармацыйна­аналітычным суправаджэнні прафесійнай дзейнасці педагогаў, кіраўніцкай і інавацыйнай дзейнасці, інфарматызацыі і рэсурсным забеспячэнні ўстаноў адукацыі вобласці. У інстытуце дзейнічаюць музейна­педагагічны комплекс “Адукацыя Брэстчыны” і абнаўляльная галерэя вопыту “Эфектыўная адукацыя Брэсцкай вобласці”.

— Перспектывы далейшага развіцця інстытута звязаны з бесперапынным забеспячэннем якасці адукацыйных паслуг шляхам выкарыстання механізма сістэмы менеджменту якасці, кансалтынгам кіраўніцкіх работнікаў і спецыялістаў адукацыі на бязвыплатнай аснове,актывізацыяй міжнароднага супрацоўніцтва з установамі дадатковай адукацыі і ўдзелам у міжнародных і рэспубліканскіх адукацыйных праектах, — адзначыў рэктар Брэсцкага абласнога ІРА А.В.Машчук. — Мы ганарымся сваёй гісторыяй і сённяшнім днём. Калектыў інстытута імкнецца знаходзіцца ў авангардзе дадатковай адукацыі дарослых, прапагандуе эфектыўны вопыт прак­тычнай педагагічнай дзейнасці, развівае і стымулюе творчасць настаўнікаў і вучняў ва ўзаемадзеянні з галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама.

— За 75 гадоў у інстытуце назапашаны каштоўныя напрацоўкі па ўдасканаленні прафесійнага ўзроўню педагогаў. Новы час ставіць перад метадыстамі і новыя задачы. Можна не сумнявацца, што калектыў інстытута паспяхова справіцца з імі, бо заўсёды адпавядае запытам часу, — заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

Шмат цёплых слоў у адрас інстытута прагучала з боку яго партнёраў — начальнікаў раённых (гарадскіх) аддзелаў па адукацыі, загадчыкаў вучэбна­метадычных кабінетаў, кіраўнікоў школ і старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі І.І.Васіленкі. Шэраг супрацоўнікаў інстытута атрымалі з рук начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкага граматы за добрасумленную і выніковую працу.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.