75 узлётных

Адносна чалавечага веку 75 гадоў — гэта цэлае жыццё. А ў гісторыі газеты — толькі ўзлётная паласа. Сёння гэта гісторыя глядзіць на чытача з дзясяткаў падшывак і тысяч публікацый, што ствараюць “Настаўніцкую газету”.

5 ліпеня 1969 года.
Фотакарэспандэнт “Настаўніцкай газеты” А.Сасіноўскі (у цэнтры) падчас урачыстага адрыцця мемарыяльнага комплексу “Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі”.

Станаўленне газеты адбывалася ва ўмовах пасляваеннага разбурэння матэрыяльна-тэхнічнай базы адукацыі і культуры краіны. Перад беларусамі паўставала вострая неабходнасць аднаўлення адукацыйнага працэсу. Будаваліся і пераарганізоўваліся школы, паляпшаўся склад настаўніцкіх кадраў, пачалі рыхтаваць першыя пасляваенныя выпускі выкладчыкаў вышэйшай школы. Адкрываліся новыя ВНУ, у тым ліку Мінскі інстытут замежных моў, Брэсцкі, Полацкі педагагічныя і Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытуты, аднаўляла работу Акадэмія навук БССР.

Як можна прасачыць на старонках газеты, у 1945 годзе на тэрыторыі краіны функ­цыянавалі дваццаць дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы з дваццаці пяці, што працавалі да вайны. Развіццё школ, тэхнікумаў, вучылішчаў і інстытутаў пасля акупацыі ўскладнялася тым, што былі цалкам знішчаны падручнікі, навуковыя дапаможнікі і метадычная літаратура. Гэта выявіла неабходнасць стварыць адзіную платформу, якая б аб’ядноўвала перадавы вопыт пасляваеннага часу. Такой універсальнай метадычнай базай у 1945 годзе і стала “Настаўніцкая газета”.

“Як радаваліся мы тады, — успамінаў нядаўна ў рэдакцыі Паўлюк Прануза, пісьменнік, які шмат гадоў настаўнічаў. — Гэта ж так здорава — мець сваё прафесійнае выданне”.
З артыкула галоўнага рэдактара Алега Куліцкага ў № 94 за 1990 год.

Першы нумар выдання выйшаў 20 снежня 1945 года. Напачатку за выхад газеты адказвалі чатыры чалавекі. На працягу 1945 года выйшлі толькі два нумары “Настаўніцкай газеты”, якія ў архівах беларускіх бібліятэк не захаваліся (другі нумар за 1945 год сёлета ўдалося знайсці ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы). У 1940-х — першай палове 1950-х гадоў газета выходзіла раз на тыдзень на чатырох палосах. Першымі найбольш запатрабаванымі рубрыкамі сталі “Метадычная старонка” і “У дапамогу настаўніку”. Таксама вялікім попытам карысталіся публікацыі аб спрашчэнні беларускага правапісу і асаблівасцях тагачаснай адукацыі. У 1946 годзе ў газеце з’явіліся новыя рубрыкі: “Адказваем на пытанні”, “Па слядах неапублікаваных пісем”, “Трыбуна інспектара”, “Кожнай школе — бібліятэку”, якія акрэслілі ключавыя патрэбы тагачаснага чытача.

1977 год. Дэлегаты VI з’езда настаўнікаў БССР у рэдакцыі “Настаўніцкай газеты”.

Адметнасцю жанравай сістэмы “Настаўніцкай газеты” ў першыя пасляваенныя гады з’яўлялася тое, што змешчаныя на першай старонцы матэрыялы не маюць аўтарства. Як правіла, яны або не падпісваюцца, або друкуюцца за подпісам “БелТ­А”, “ТАСС”, “Наш карэспандэнт”.

У канцы 1940-х жанравы інструментарый выдання ўключае інфармацыю, нататку, ліст, агляд і рэцэнзію. Найбольш дэмакратычнай старонкай газеты гэтага перыяду стала рубрыка “З апошняй пошты”. У ёй змяшчаліся заўвагі на адрас “Настаўніцкай”, крытыка на матэрыялы, якія выклікалі розгалас, адказы рэдакцыі на ўласныя памылкі і хібы ў падачы матэрыялу. Так, аднойчы выданне рэагавала на зварот газеты “Звязда”: “Рэдакцыя “Настаўніцкай газеты” крытыку газеты “Звязда” прымае правільнай. Рэдакцыя лічыць, што дапусціла памылку, змясціўшы інфармацыю, не праверыўшы сапраўднасць выкладзеных фактаў, і адначасова просіць прабачэння ў сваіх чытачоў”.

Убаку ад вядучай педагагічнай газеты краіны не маглі застацца беларускія пісьменнікі і паэты. Іх супрацоўніцтва з “Настаўніцкай газетай” пачалося амаль з самага пачатку яе выхаду. З развіццём выдання ў “Настаўніцкай газеце” публікавалі свае творы Рыгор Барадулін, Алесь Бачыла, Рыгор Няхай, Міхась Машара, Алесь Кучар, Сяргей Грахоўскі, Пятрусь Броўка, Алесь Шлег. Вялікі артыкул па праблемах выхавання і навучання змясціў Якуб Колас. Бліжэй да сучаснасці ў “Настаўніцкай” друкаваліся Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Юрый Станкевіч, Георгій Марчук, Раіса Баравікова і Васіль Ткачоў.

У газеце знайшлі месца не толькі творы вядомых пісьменнікаў, але і іх жыццяпіс, аналіз творчасці, рэцэнзіі на творы. Толькі за 50—70-я гады ў друку былі адлюстраваны асобы Кузьмы Чорнага, Уладзіміра Маякоўскага, Янкі Купалы, Змітрака Бядулі, Максіма Танка, Адама Міцкевіча, Анатоля Вялюгіна, Алеся Бачылы, Васіля Быкава і іншых.

З 1957 года перыядычнасць выхаду падвоілася. Рэдакцыя асвятляла разнастайныя праблемы, выкарыстоўваючы даступныя на той час сродкі (выезд у рэйды, крытычныя матэрыялы, адкрытыя лісты і г.д.). У газеце закраналіся тэмы летняй вытворчай практыкі, адпачынку мола­дзі на канікулах, якасці адукацыі, бясплатнага праезду для студэнтаў, якія жывуць у сельскай мясцовасці, і інш. Пасля рэдакцыйны калектыў пачаў асвятляць пытанні дзесяцігадовага ўсеагульнага навучання.

“…Заўсёды з асаблівай цікавасцю мы чытаем лісты ў рэдакцыю, у якіх ідзе гаворка пра газету: што падабаецца ў нашых публікацыях, а што — не, што варта развіваць, а ад чаго нам раяць адмовіцца. Мы ўдзячны за <…> канструктыўную крытыку — тую крытыку, без якой немагчымы якасны зрух у любой справе”.
З матэрыялу А.Куліцкага “Твая трыбуна, чытач” (№ 2, 1990 г.)

Значнае месца выданне адводзіла навуковаму свету і навуцы ў цэлым. З’яўляюцца рубрыкі “Навуковыя серады “Настаўніцкай газеты” і “Інтэрв’ю ў рабочым кабінеце”, якія сталі папярэдніцамі сучаснай “Суботняй планёркі”,дзе абмяркоўваюцца тэмы арганізацыі адукацыйнага працэсу. Увага журналістаў больш сканцэнтравана спыняецца на асобе настаўніка. Так, рубрыка “Майстры педагагічнай справы” падавала вопыт і метадычныя напрацоўкі настаўнікаў, якія прысвяцілі прафесіі большую частку жыцця (сёння яе пераемцай сталі рубрыкі “Асоба ў адукацыі” і “Адукацыя ў асобах”).

Творчыя пошукі журналістаў не засталіся незаўважанымі: калі першыя тыражы “Настаўніцкай” налічвалі каля дваццаці тысяч экзэмпляраў, то ў пачатку 1950-х гадоў тыраж выдання складаў ужо 65 тысяч. У гэты перыяд пачынаюць заяўляць пра сябе мастацка-публіцыстычныя жанры: фельетоны і замалёўкі. Дзякуючы ім, у кантэнт газеты ўваходзяць іронія і гумар.

Па старонках “Настаўніцкай газеты” можна прасачыць змяненне аблічча гістарычных помнікаў і адметных пабудоў Беларусі, храналагізаваць іх гісторыю. Гэта бачна на прыкладзе палаца Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі (помнік у савецкія гады быў Домам піянераў), былога будынка Нацыянальнай бібліятэкі краіны, комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і інш.

Канец 1980-х — пачатак 1990-х гадоў адметны вольнасцю і смеласцю ў жанравай сістэме, пошукам стылю, які адпавядае эпосе і не супярэчыць агульнай канцэпцыі “Настаўніцкай газеты”. Так, трывалыя пазіцыі займае інтэрв’ю, пашыраецца попыт чытача на праблемныя артыкулы — адказы на лісты чытачоў.

На старонках “Настаўніцкай газеты” пакінулі след разнастайныя жанры: сёння тут сустракаюцца інтэрв’ю, нататкі, справаздачы, рэпартажы, замалёўкі, метадычныя распрацоўкі, сцэнарыі ўрокаў і інш. Аналізуючы публікацыі выдання, можна прасачыць дынаміку жанраў, іх дэкананізацыю, рэарганізацыю і сінтэз. 

1987 год. г. Вицебск.
Намеснік міністра асветы БССР Г.А.Бутрым уручае прыз Гомельскай камандзе-пераможцы I Рэспубліканскіх спаборніцтваў педагагічных работнікаў на прыз газеты “Настаўніцкая газета”.

У канцы 80-х — пачатку 1990-х гадоў умацоўваецца дыялог паміж чытачом і газетай. Немалую ролю ў гэтым адыграла рубрыка “Чытач працягвае размову”, паколькі фармат узаемадзеяння з настаўніцкай грамадскасцю будаваўся на праблемным матэрыяле, водгукі на які пасля друкаваліся на старонках выдання. Пасля да яе далучылася рубрыка “Па слядах неапублікаваных пісем”, якая адлюстроўвала ўдзел газеты ў жыцці чытачоў (дапамога настаўнікам у вырашэнні канкрэтных праблем — атрыманне належных выплат і льгот, вырашэнне побытавых праблем, аднаўленне на рабоце і г.д.).

Незалежна ад часу па старонках газеты чырвонай ніткай праходзіць тэма паспяховасці школьнікаў і студэнтаў, расказваецца пра лідараў сярод школьнай моладзі і студэнцкага самакіравання. Праблемы прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў прыхо­дзяць у “Настаўніцкую” ў 1988 годзе.

У газеце гэтага перыяду больш месца адводзіцца асвятленню падзей з мясцовага жыцця грамадства (рубрыка “Па старонках раённых газет”). Тут змяшчаліся прапановы аб арганізацыі курсаў і семінараў. У час уступных кампаній на апошніх палосах можна было ўбачыць аб’явы навучальных устаноў, якія абвяшчалі набор слухачоў на курс лекцый або запрашалі абітурыентаў атрымліваць адукацыю (сёння падобная, але больш разгорнутая і інтэрактыўная інфармацыя падаецца ў дадатку “Абітурыент”). Таксама дапытлівы чытач мог знайсці тут аб’явы пра падпіску на рэспубліканскія газеты і часопісы “Нёман”, “Полымя”, “Вясёлку”, “Чырвоную змену” і інш., спыніцца на аглядзе нумароў “Полымя” і “Народнай асветы” (зараз функцыі раздзела “Па старонках раённых газет” выконвае рубрыка “Па­дзеі. Факты. Людзі”).

У дапамогу настаўнікам і выкладчыкам была створана рубрыка “Юрыдычная кансультацыя”, дзе тлумачыліся прафесійныя правы педагогаў, разбіраліся нарматыўныя пытанні. Пасля падобнымі рубрыкамі былі “Стол даведак” і “Адкрыты канверт”. У апошнім выпадку зварот да аўтара ліста быў адкрыты, менавіта таму вынікі і наступствы звароту тлумачыліся адрасна. На сучасным этапе развіцця газеты гэтую функцыю бярэ на сябе дадатак “Адукацыя: дакументы і каментарыі”.

Да 20 снежня 2005 года колькасць выдадзеных нумароў перавысіла 6 тысяч. Той год стаў для выдання асаблівым: упершыню выйшаў каляровы нумар і тыраж газеты дасягнуў небывалай за постсавецкі перыяд лічбы — 47 тысяч экзэмпляраў. Пазней даследчыкі СМІ назвалі гэты рывок “феноменам “Настаўніцкай газеты”.

Ірына ІВАШКА.
Фота з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.