Інтрыга з пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2020” раскрыта. Але тут мне хочацца ўспомніць і яшчэ раз адчуць палітру тых эмоцый, якія перажывалі балельшчыкі, члены журы і самі канкурсанты падчас суперфіналу, што 30 верасня праходзіў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Нагадаю, што пасля абласных конкурсаў для ўдзелу ў фінале ў сталіцу прыехалі 54 педагогі (пераможцы абласных тураў). Фінальныя конкурсныя мерапрыемствы стартавалі 21 верасня і ўключалі самапрадстаўленне ўдзельнікаў, урок-загатоўку, майстар-класы, псіхалагічнае і педагагічнае тэсціраванне, урокі ў незнаёмых класах. Урокі праходзілі ва ўстановах адукацыі Мінска, майстар-класы — у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і філіяле Індустрыяльна-педагагічнага каледжа РІПА.
29 верасня позна ўвечары былі вызначаны 8 суперфіналістаў, якія на наступны дзень з раніцы змагаліся за званне “Настаўнік года — 2020”. Усё дзейства суперфіналу адбывалася на сцэне, і, шчыра кажучы, 5 гадзін не прайшлі, а прабеглі. З акадэміі я выходзіла ўражаная і са спісаным школьным сшыткам. 12 лістоў уражанняў, эмоцый і рэфлексіі.
Пачну з імёнаў васьмёркі суперфіналістаў. За званне лепшага ў прафесіі змагаліся:
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 31 Віцебска Наталля Уладзіміраўна ШЧАГЛОВА;
настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 3 Оршы Вольга Аляксандраўна ТРУХАН;
настаўнік рускай мовы і літаратуры маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы Васіль Уладзіміравіч МАЛІНОЎСКІ;
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Свіслачы Людміла Анатольеўна ПАБУДЗЕЙ;
настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 19 Гомеля Вадзім Алегавіч ЛОСЕЎ;
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 8 Гомеля Марына Віктараўна КАПЦЭВІЧ;
настаўніца музыкі Гродзенскай гарадской гімназіі Святлана Міхайлаўна АДАМЧУК;
выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка” Слуцка Вікторыя Пятроўна ГЯЧ.
Дэманстрацыя педагагічных талентаў пачалася з прэс-канферэнцыі, дзе суперфіналісты адказвалі на пытанні журы, дэманструючы эрудыцыю, рэакцыю, кемлівасць і вынаходніцтва. Карацей, усё тое, з чым настаўнікі сутыкаюцца штодзень у сваім школьным жыцці. Адзінае, там іх ацэньваюць вучніі бацькі, а тут за кожным словам сачылі прадстаўнікі журы. Дарэчы, журы складалася з 19 чалавек — прафесары, дактары, кандыдаты навук, настаўнікі-метадысты. У ролі старшыні выступаў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Іванавіч Жук.
Пытанні і сцвярджэнні для каменціравання былі самыя розныя — актуальныя, традыцыйныя і нечаканыя. Напрыклад:
назавіце плюсы і мінусы дыстанцыйнага навучання;
сучаснае адукацыйнае асяроддзе — гэта…;
як і чаму трэба вучыць сучасных педагогаў;
прафесіяналізм педагогаў вымяраецца колькасцю алімпіяднікаў;
не ствары сабе куміра з методыкі;
чым вы здзіўляеце сваіх дзяцей;
як вырашыць праблему пераемнасці паміж узроўнямі адукацыі;
што рабіць, каб дзеці чыталі больш кніг.
Адказы былі ў прынцыпе такія ж, як і пытанні, — нечаканыя, традыцыйныя і эмацыянальныя. “Дыстанцыйнае навучанне многаму нас навучыла, але дзіцячыя галасы, якія мы чулі па Skype, у Zoom, былі такімі ж непараўнальнымі і матывуючымі”, — адзначыла Вольга Трухан.
“Прафесія настаўніка настолькі складаная і шматгранная, што ніякай колькасцю алімпіяднікаў яе не вымераеш. Самае галоўнае — эмпатыя, пачуцці, з якімі дзіця ідзе ў школу. Калі яно ідзе з жаданнем, то гэта самая галоўная ўзнагарода для педагога”, — лічыць Вадзім Лосеў.
“Трэба вучыцца ў дзяцей, якія бачаць свет па-іншаму”, — заўважыў Васіль Маліноўскі.
Відовішчным, эмацыянальным і метадычна насычаным быў міні-ўрок, які на сцэне паказаў кожны суперфіналіст. Яго тэма стала вядома позна вечарам 29 верасня і гучала так: “Для чаго трэба вывучаць?”. Раскрыць яе патрабавалася сродкамі свайго прадмета. І менавіта за міні-ўрок можна было атрымаць найбольшую колькасць балаў. У ролi “вучняў” выступалі калегi па фiнале.
Першай на сцэну выйшла настаўніца нямецкай мовы з сярэдняй школы № 3 Оршы Вольга Трухан. У метадычна-арганізацыйным арсенале Вольгі Аляксандраўны былі фармулёўка ключавога пытання, работа з карткамі, у групах, нагляднасць (макеты сцягаў Францыі, Германіі, Англіі). Настаўніца добра трымалася сама і ўвагу сваіх вучняў-калег таксама ўвесь час канцэнтравала пытаннямі і актыўнымі дзеяннямі. Ды і да залы не забывалася звяртацца.
“Вучні” ж адказвалі на пытанні сваёй настаўніцы, паўтаралі за ёй нямецкія словы, паказвалі значэнні слоў мімікай і жэстамі, пісалі 4 словы-аргументы на карысць ведання кожнай мовы. У выніку абагульнення былі вызначаны словы, якія найбольш ёмка перадаюць матывацыю вывучэння замежнай мовы. Гэта культура, падарожжы, зносіны, праца.Сапраўды, чалавек столькі разоў чалавек, колькі моў ведае.
Настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 19 Гомеля Вадзім Лосеў уразіў сваім урокам-падарожжам, які пачаўся з відэаўрыўка з гульні вышэйшай лігі КВЗ. “Я так моцна згубілася, што згубіла тое месца, дзе згубілася”, — прагучала з экрана. “Вывучаць геаграфію лепш за ўсё ў падарожжах”, — працягнуў Вадзім Алегавіч і прапанаваў паляцець у Расію. Пакуль ён са сваімі вучнямі “ляцеў”, расказваў ім пра краіну, яе геаграфічныя адметнасці і знакамітыя аб’екты. Затым даў заданне: размясціць на картах, якія хуценька раздаў сваім “вучням”, месцы асяроддзя пражывання жывёл. А пакуль вучні працавалі, пагуляў у геаграфічнае “Што? Дзе? Калі?” з залай.
Затым са сваім класам педагог на цягніку паехаў ва Украіну. На першай станцыі яны пагулялі ў гарады. Напрыклад, усе ўспомнілі, што брэндамі Львова з’яўляюцца кава і шакалад, а таксама даведаліся, што гэты горад з’яўляецца месцам вялікай канцэнтрацыі студэнтаў. У Львове 26 універсітэтаў. А пры брукаванні знакамітай Дэрыбасаўскай у Адэсе выкарыстоўвалі граніт з Неапаля.
Вярнуцца ў Беларусь настаўнік прапанаваў пешшу праз палескія балоты — лёгкія Еўропы. Урок атрымаўся вельмі пазнавальным і дынамічным.
Выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка” Слуцка Вікторыя Гяч свае заняткі ператварыла ў майстар-клас па журналістыцы. Яе “выхаванцы” рыхтавалі рэпартаж з конкурсу “Настаўнік года — 2020”. А пачалі яны з прэс-канферэнцыі, бо кожны журналіст павінен умець задаваць цікавыя пытанні. У выніку “выхаванцы” былі падзелены на дзве групы, якія задавалі адна адной пытанні. Затым яны атрымалі заданне: першая група павінна скласці гісторыю пра конкурс, а другая — прыдумаць да яе загаловак (з дапамогай фотаздымкаў, якія рабіліся падчас конкурсу).
Атрымалася весела, бо “выхаванцы” — людзі кемлівыя і вынаходлівыя. Гісторыю паказалі і расказалі з дапамогай малюнкаў, загалоўкі да фотаздымкаў таксама прыдумалі натхнёныя. Увогуле, Вікторыя Пятроўна прадэманстравала добрыя веды па журналістыцы. І майстар-клас свой арганізавала па-майстэрску.
Цікавы ўрок атрымаўся і ў настаўніка рускай мовы і літаратуры маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы Васіля Маліноўскага. Васіль Уладзіміравіч звярнуўся да кантрасту паміж сучаснай лексікай і стараславянскай. Разам са сваімі вучнямі-калегамі яны стварылі медыяхолдынг, удзельнікі якога былі падзелены на групы. Кожная група атрымала сваё заданне: адна павінна была прыдумаць літаратурнае падарожжа, другая — зрабіць маркетынг падручніка ў выглядзе рамана, трэцяя — рэкламу анлайн-курсаў з дапамогай старой лексікі. І “вучні” не падкачалі.
Маркетынг падручніка хіміі ўразіў. “Добрая кніга, як шакалад”, “Чытаць — значыць, каштаваць кнігу на смак”, — сыпалі, прадстаўляючы свой падручнік, “вучні”. А вось урывак з рэкламы анлайн-курсаў: “Ленность, конечно, всему мать. Каждый должен это знать. Дети мои или иной кто. Что умеете хорошего, то не забывайте. А хотите больше — к нам заглядывайте”.
“Слова — ёсць, было і будзе”, — падсумаваў настаўнік і прапанаваў візуалізаваць яго з дапамогай песні.

Настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Свіслачы Людміла Пабудзей на суд журы і гледачоў прапанавала інтэграваны ўрок абагульнення ведаў. Абагульненне, паўтарэнне, высновы сталі вызначальнымі элементамі ўрока. Пачала Людміла Анатольеўна з праверкі матэматычнага лічэння. Затым было заданне, якое патрабавала гібкасці розуму і цела. “Вучні” павінны былі сваімі целамі “напісаць” слова “любоў”. У кожнага была свая літара, некаму давялося яе паказваць у пары. Але ў выніку ўсё атрымалася.
Творчым стала заданне, дзе прапаноўвалася па картках-загатоўках скласці гісторыю пра работу настаўніка (накшталт “Адзін дзень з жыцця педагога”). Крытэрыямі былі цэласнасць сюжэту і арыгінальнасць. Зразумела, што ўсе гісторыі аказаліся менавіта такімі. Своеасаблівай квінтэсенцыяй (вынікам) урока стала фраза адной “вучаніцы”: “Я раскажу дома, што не дарма яны мяне адправілі на конкурс”.
Свой міні-ўрок настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 8 Гомеля Марына Капцэвіч пачала з асацыяцый, а пасля звярнулася да такога біялагічнага віду, як пчолы, прычым як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Настаўнікі, нібы пчолы, працавітыя, камунікабельныя, здольныя да супрацоўніцтва. “З аднаго вулея за год можна сабраць 150 кілаграмаў мёду. І настаўнік за год прыносіць дадому на праверку 150 кілаграмаў сшыткаў. Прадукт працавітасці пчол — мёд, а прадукт працавітасці настаўнікаў — веды вучняў”, — праводзіла паралелі Марына Віктараўна.
Аўстрыец Карл Рытэр фон Фрыш атрымаў Нобелеўскую прэмію за адкрыццё мовы танцаў пчол. Калі нектар блізка, пчолы кружаць па коле, а калі далёка, то васьмёркай. Настаўніца прапанавала сваім “вучням” паўтарыць танцы пчол, каб яны яшчэ раз пераканаліся, што работа ў камандзе як паміж калегамі-аднадумцамі, так і паміж настаўнікам і вучнямі заўсёды прыводзіць да высокага выніку. SI SAPIS SIS APIS (Калі ты мудры, стань пчалой) — так філасофію пчол Марына Віктараўна наблізіла да філасофіі педагогаў.
Спеўным і танцавальным быў урок настаўніцы музыкі Гродзенскай гарадской гімназіі Святланы Адамчук. Святлана Міхайлаўна ўвесь час звярталася да дзеянняў. Вось яе клас іграе на званочках, вось глядзіць відэа, дзе дзеці ў такт шамацяць паперай, а вось музыка іграе на піле. На яе думку, любы гук можна ператварыць у музыку. І ў пацвярджэнне сваіх слоў за лічаныя хвіліны стварае аркестр, музыканты якога іграюць на шклянках, званочках, ксілафоне, маракасах, музычным трохвугольніку і абгортках ад цукерак!
Музыка развівае ўвагу, уседлівасць, музычны слых, сілу волі. Аркестр — саюз аднадумцаў, вялікая ці маленькая каманда, намаганні якой накіраваны на адзін вынік — сыграць мелодыю. Паралелі з педагагічнай або вучнёўскай камандай напрошваюцца самі сабой. “Музыка — мова душы, выказанае ў гуках жыццё”, — рэзюмавала настаўніца.
Матэматычна грунтоўны быў урок у настаўніка-метадыста настаўніцы матэматыкі сярэдняй школы № 31 Віцебска Наталлі Шчагловай. Разам са сваімі “вучнямі” яна складала матэматычную формулу поспеху ўдзельніка конкурсу “Настаўнік года — 2020”. Для рэалізацыі задумы настаўніца прапанавала вызначыць патрэбныя для поспеху якасці, каштоўнасці і ўласцівасці асобы.
Шлях да канчатковага варыянта формулы быў няпросты. Давялося рашыць не адно заданне: супаставіць дзеянне і адказ, пагадзіцца з адказам ці не, падзяліць, памножыць, скласці і адняць. Выбраць цотныя і няцотныя лічбы, выбраць лішняе з групы лічбаў. У выніку прыйшлі да высновы, што складнікамі поспеху з’яўляюцца аптымізм, крэатыўнасць, мэтанакіраванасць, прадметныя веды, прафесійна-асобасны вопыт, сіла волі плюс сума намаганняў тых людзей, якія ўвесь час побач.
Калі абагульніць, то ўрокі ў суперфіналістаў былі сучасныя і метадычна збалансаваныя. Усе звярталіся да работы ў групах, чаргавалі дзеянні сваіх “вучняў”, каб тыя не засумавалі, падводзілі іх да патрэбных высноў, падключалі іх уяўленне, звярталіся да наяўных ведаў. Усе змаглі ўтрымаць увагу класа, смела карысталіся актыўнымі метадамі і формамі навучання, інфармацыйнымі тэхналогіямі, гаджэтамі, звярталіся да інтэрактыву.
Апошнім конкурсным іспытам у суперфінале стала публічнае выступленне на тэму “Настаўнік (выхавальнік) учора, сёння, заўтра”. Тут вітаўся асабісты погляд на прафесію. У выніку кожнае выступленне стала пераасэнсаваннем сябе ў педагогіцы.
Гаварылі пра лёсавызначальную ролю настаўніка ў жыцці кожнага чалавека, пра пошукі шляхоў да дзіцячых душ, пра чалавечыя і прафесійныя якасці сучаснага настаўніка.
“Толькі шчаслівы настаўнік здольны выхаваць шчаслівых дзяцей”.
“Галоўнае — не тэхналогіі развіцця, а эмоцыі дзіцяці”.
“Вучу думкам і думаць. Той, хто не ідзе наперад, рушыць назад”.
“Навука мяняецца, а дзеці растуць”.
“Чалавек вучыцца ў таго, каго любіць”.
“Шляхі не трэба шукаць, іх трэба будаваць”.
“Хто, спасцігаючы новае, песціць старое, той не можа быць настаўнікам”.
“У настаўніка не можа быць ніякага ўчора, сёння і заўтра, бо ён па-за часам”.
“Паспяховасць настаўніка вызначаецца ім самім”.
“Паверыўшы аднойчы, дзеці вераць нам усё жыццё”.
Вось такія простыя і складаныя думкі выказвалі суперфіналісты. Усе яны хваляваліся, але прамаўлялі рашуча. Упэўненасць — таксама адзін са складнікаў формулы поспеху.
У завяршэнне суперфінальнага дня адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання канкурсантаў, падчас якой з віншавальнымі словамі да фіналістаў конкурсу “Настаўнік года — 2020” звярнуўся намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. “Нягледзячы на рашэнне журы, вы — лепшыя. Дайсці да фіналу конкурсу, а затым стаць удзельнікам суперфіналу могуць толькі сапраўдныя прафесіяналы, а таксама смелыя і мужныя педагогі”, — адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.