Вырашэнне праблемы эканамічнай культуры, далучэнне дашкольнікаў і школьнікаў да інавацыйнай дзейнасці і выхаванне маральных якасцей асобы — летам увага педагогаў Старадарожскага раёна засяроджана на гэтых кірунках. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Кубак пакаленняў
Выпускныя вечары прайшлі, ЦЭ здадзены, а значыць, можна падвесці вынікі навучальнага года. Для ўстаноў адукацыі Старадарожскага раёна ён быў цікавым і плённым.
Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Старадарожскага раёна Вікторыя Пекар расказала, што атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі атрымалі 133 выпускнікі, а чацвёра ўзнагароджаны ганаровым медалём Беларускага фонду міру “Юны міратворац”.
У школах Старых Дарог сёлета была закладзена традыцыя: выпускнікі 2025 года перадалі навучэнцам 10-х класаў — будучым выпускнікам 2026-га — кубак пакаленняў, на якім напісаны словы Махатма Гандзі “Будучыня залежыць ад таго, што вы робіце сёння”.

Начальнік упраўлення расказала, што па выніках цэнтралізаваных экзаменаў 4 выпускнікі атрымалі 100 балаў. Навучэнкі гімназіі № 1 Старых Дарог Ганна Марынічава і Лія Сакава атрымалі 100 балаў па рускай мове. Выпускніца сярэдняй школы № 2 Старых Дарог Мілана Козел і Софія Калеснік з Крываносаўскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Р.Н.Мачульскага на найвышэйшы бал ведаюць беларускую мову.
— Трывалыя веды дзяўчатам далі настаўніца рускай мовы і літаратуры Нані Дазікаўна Шмыгіна і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяна Канстанцінаўна Патапеня і Ірына Мікалаеўна Саланец, — падкрэсліла В.Пекар.
Падводзячы вынікі года, яна адзначыла важнасць рэалізацыі інавацыйных праектаў. У бягучым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Старадарожчыны настаўнікі і навучэнцы працавалі ў межах дваццаці двух.
— Сярод іх 5 інавацыйных, 5 абласных і 12 раённых, — прывяла даныя Вікторыя Сяргееўна. — Педагагічныя калектывы гімназіі № 1 і сярэдняй школы № 2 Старых Дарог з пачатку навучальнага года працавалі над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі тэхналагічнага фарміравання метапрадметнай кампетэнтнасці навучэнцаў II ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Напрыканцы мая ў межах інавацыйных ініцыятыў у сістэме адукацыі Старых Дарог адбылася прэзентацыя творчых справаздач кіраўнікоў устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Падчас мерапрыемства былі прадстаўлены вынікі рэалізацыі двух інавацыйных праектаў: “Укараненне мадэлі развіцця кампетэнтнасці педагогаў у фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці навучэнцаў”, які накіраваны на развіццё кампетэнцый педагогаў і фарміраванне нацыянальнай ідэнтычнасці вучняў, і праект “Укараненне методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры у дзяцей дашкольнага ўзросту”. Яго мэта — фарміраванне ў дашкольнікаў эканамічнай культуры, што з’яўляецца важным аспектам іх агульнага развіцця.
— Варта адзначыць, што прэзентацыя творчых справаздач стала важным крокам у ацэнцы выканання пастаўленых задач і абмене вопытам паміж установамі, — упэўнена Вікторыя Сяргееўна. — Рэалізацыя названых праектаў паказвае высокую значнасць інавацыйнага падыходу ў адукацыйным працэсе і робіць акцэнт на неабходнасці фарміравання ў вучняў нацыянальнай ідэнтычнасці і эканамічнай культуры з ранняга ўзросту.

Актуальных пытанняў у сістэме адукацыі дастаткова і летам. Самае важнае з іх — аздараўленне навучэнцаў у лагерах з дзённым і кругласутачным знаходжаннем.
— У Старадарожскім раёне летам працягнуць працаваць валанцёрскія атрады, — заўважыла Вікторыя Пекар. — Дзеці будуць займацца пасадкай і праполкай сельскагаспадарчых культур, кветак, прыбіраннем і добраўпарадкаваннем школьных тэрыторый, воінскіх пахаванняў і прылеглых да іх тэрыторый, будуць аказваць дапамогу састарэлым і адзінокім людзям.
Планета дабрыні
Так называецца аздараўленчы лагер, які працуе ў Залужскай сярэдняй школе Старадарожскага раёна.

Акцэнт у ім зроблены на духоўна-маральным выхаванні.
— Летні адпачынак — вельмі важны перыяд у працэсе фарміравання асобы школьніка, ва ўмацаванні яго здароўя — як фізічнага, так і псіхічнага, — зазначае дырэктар Залужскай сярэдняй школы Аксана Петрушэня. — Ад якасці летняга адпачынку дзіцяці шмат у чым залежаць яго працаздольнасць і паспяховасць у вучэбны час. Як паказвае шматгадовы вопыт, работа па выхаванні ў дзяцей каштоўнасных адносін да свайго здароўя і прыярытэту здаровага ладу жыцця мэтазгодная і эфектыўная толькі ў адзінстве з духоўным і маральным аздараўленнем: выхаваннем і развіццём у дзяцей высокіх маральных якасцей, цвёрдай сацыяльна-маральнай пазіцыі.

Рашэнне не проста арганізаваць аздараўленчы лагер, а зрабіць акцэнт на духоўна-маральным выхаванні з’явілася невыпадкова. У Залужскай сярэдняй школе знаходзіцца раённы рэсурсны цэнтр па адпаведным кірунку. Установа адукацыі доўгія гады супрацоўнічае з прыходам храма Святога Георгія Перамаганосца,
які ўваходзіць у “8 цудаў Старадарожчыны” — праграму, якая фарміруе цікавасць да Старадарожскага раёна і яго славутасцей.
— Прыярытэтамі ў рабоце з выхаванцамі школьнага аздараўленчага лагера лічым духоўна-маральнае выхаванне і асвету школьнікаў на аснове багатай праваслаўнай культуры беларускага народа, штодзённае прыцягненне іх да пасільнай сацыяльна значнай і дабрачыннай дзейнасці, прывіццё і развіццё духоўна-маральных, хрысціянскіх каштоўнасцей, — дадае дырэктар школы. — Аздараўленчы лагер духоўна-маральнага кірунку — гэта не проста месца, дзе школьнікі адпачываюць. Гэта адукацыйная прастора для фарміравання каштоўнасцей і развіцця асобы кожнага вучня.
Разумныя фінансы
У Старадарожскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці рэалізуецца некалькі інавацыйных праектаў, але самы цікавы для дашкалят — “Укараненне методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту”.
Праблема эканамічнай культуры дашкольнікаў вельмі актуальная: рыначныя адносіны актыўна развіваюцца, што патрабуе асаблівых навыкаў у тым ліку і ад дзяцей.
— Эканоміка неаддзельная ад дзіцяці з самых ранніх гадоў яго жыцця, — гаворыць загадчыца дашкольнай установы Алена Мікалаеўна Амяльчэня. — Дзіця ўдзельнічае ў эканамічных працэсах, не ўсведамляючы гэтага. Яно разам з бацькамі ходзіць у магазін, часам само робіць пакупкі і, хочам мы гэтага ці не, атрымлівае эканамічны вопыт. Далучэнне дзіцяці да свету эканамічнай рэчаіснасці — складаная і важная праблема. Сённяшні дзень патрабуе ад дзяцей умення арыентавацца ў пэўных эканамічных пытаннях, самастойна, творча дзейнічаць, а значыць, будаваць жыццё больш арганізавана, разумна, цікава.
Менавіта на гэта накіраваны праект па фарміраванні асноў эканамічнай культуры, над якім працавалі педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Задачы, якія яны ставілі перад сабой, відавочныя: стварыць умовы, якія дазволяць выхаванцам на практыцы праявіць свае эканамічныя веды, навучыць іх правільнаму стаўленню да грошай і разумнаму іх выкарыстанню.

— З дапамогай гульняў, размоў, працоўнай дзейнасці, інтэрактыву, прагляду мультфільмаў мы стараліся ўвесці выхаванцаў у складаны свет прадметаў, рэчаў, чалавечых узаемаадносін, — працягвае Алена Мікалаеўна. — Падчас работы над праектам стала відавочна, што неабходна знаёміць малых з такімі паняццямі, як разумнае вядзенне хатняй гаспадаркі, сямейны бюджэт, абмен, эканомія сродкаў, выкарыстанне зберажэнняў.

Змест інавацыйнага праекта быў рэалізаваны праз арганізаваную і нерэгламентаваную дзейнасць. Так, педагогамі быў распрацаваны зборнік заняткаў для вольнага часу і зборнік гульняў для выхаванцаў сярэдніх і старшых груп. Усе яны накіраваны на фарміраванне асноў эканамічнай культуры ў адпаведнасці з распрацаваным тэматычным планаваннем. У адукацыйным працэсе з малышамі выхавальнікі выкарыстоўвалі картатэку мастацкіх твораў, абмяркоўвалі розныя праблемныя сітуацыі, а таксама чыталі творы аб патрэбах і магчымасцях. З выхаванцамі сярэдніх і старшых груп быў запланаваны цыкл размоў на тэму “Хачу і неабходна”.
Для больш лёгкага разумення такой складанай тэмы, як эканоміка і фінансы, педагогі распрацавалі аўтарскія дыдактычныя гульні “Скарбонка”, “Сямейны бюджэт: расходы і даходы”, “Што можна і што нельга купіць за грошы” і інш.

— Таксама нашы педагогі распрацавалі электронныя развіццёвыя гульні і квесты па фарміраванні асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту, — падсумоўвае Алена Амяльчэня. — Былі праведзены тэматычныя бацькоўскія сходы і аформлены зборнікі матэрыялаў для законных прадстаўнікоў па фарміраванні асноў эканамічнай культуры.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





