80 — гэта новыя 50

Сваёй гісторыяй на форуме выпускнікоў падзяліўся Цімафей Падвіцкі — стыпендыят праграмы ОESS (магістратура Універсітэта Скёўдэ, Швецыя), а зараз ужо дактарант Інстытута біялогіі старэння Макса Планка (Кёльн, Германія). Займаецца пошукам сродкаў, якія дапамаглі б замарудзіць старэнне і падоўжыць здаровае жыццё.

— Мы жывём у час, калі міф становіцца навуковым пытаннем. І хоць мы яшчэ далёка ад радыкальнага падаўжэння жыцця, але ўжо атрымалі частковае разуменне біялогіі старэння і знайшлі метады, якія могуць замаруджваць ці адкладваць узроставыя змяненні, — расказвае Цімафей.

Пасля заканчэння біялагічнага факультэта БДУ па стыпендыяльнай праграме ОESS ён паступіў у магістратуру Універсітэта Скёўдэ, дзе вывучаў біяінфарматыку. Практыку праходзіў у Інстытуце Макса Планка, дзе якраз і знайшоў групу даследчыкаў, якая займалася пытаннямі старэння. Тут Цімафей праводзіў сваё магістарскае даследаванне, а нядаўна пачаў пісаць доктарскую работу.

На форуме Цімафей расказаў пра лекі і тэрапеўтычныя метады, якія распрацоўваюцца для падаўжэння здаровага жыцця, і што можна чакаць у найбліжэйшай будучыні.

— Часта можна пачуць, што старэнне — гэта натуральна; гэта тое, што дазваляе людзям разумець каштоўнасць жыцця. Аднак я гавару, што гэта бязглуздзіца, — кажа Цімафей. — Старэнне — гэта асноўны фактар развіцця многіх хвароб, таму было б выдатна, калі б мы маглі лячыць не асобныя хваробы, а само старэнне. І тут у мяне як у вучонага ёсць добрая навіны: некаторыя прэпараты, здольныя замарудзіць старэнне, ужо знаходзяцца на стадыі клінічных выпрабаванняў.

Цімафей расказаў пра прэпараты, якія змогуць адтэрмінаваць старасць: метфармін і NAD+.

— Метфармін — прэпарат для лячэння дыябету другога тыпу з доўгай гісторыяй прымянення, — патлумачыў вучоны. — Абсалютна выпадкова было выяўлена, што ён таксама ўздзейнічае на многія, ключавыя для старэння, механізмы. Папярэднія вынікі даследаванняў на жывёлах былі настолькі добрыя, што ўжо два гады назад у ЗША пачалі даследаванне метфарміну на людзях. Першы этап даследаванняў завершаны, і вынікі шматабяцаючыя. Другі прыклад — NAD+. Гэта малекула, якая ўтрымліваецца ў кожнай клетцы і неабходна для выпрацоўкі энергіі. На жаль, з узростам узровень згаданага злучэння ў клетках змяншаецца. Аднак вучоныя выявілі, што, калі аднавіць узровень NAD+ у клетках старых мышэй, яны адчуваюць сябе лепш, становяцца больш актыўнымі і менш хварэюць. І вось у мінулым годзе ў Японіі стартавалі даследаванні ўплыву гэтага злучэння на людзей.

— Такім чынам, калі ўсё пойдзе па плане, то ўжо да сярэдзіны наступнага дзесяцігоддзя ў нас з’явяцца прэпараты, якія рэальна замаруджваюць старэнне, — паведаміў Цімафей. — Падкрэслю: гэтыя прэпараты не зробяць нас бессмяротнымі, але яны значна палепшаць якасць жыцця пажылых людзей, павялічаць сярэднюю працягласць жыцця, знізяць нагрузку з сістэмы аховы здароўя і эканомікі. Немалаважна, што гэтыя прэпараты простыя ў вытворчасці і будуць даступны людзям з розным узроўнем даходаў. Нам як вучоным засталося праверыць доўгатэрміновую бяспеку і эфектыўнасць гэтых прэпаратаў.

Паміж магістратурай ва Універсітэце Скёўдэ і дактарантурай у Інстытуце Макса Планка Цімафей Падвіцкі год працаваў у Інстытуце генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук. І, нават працуючы ў Кёльне, ён увесь час падтрымлівае сувязь са сваім кіраўніком Дзмітрыем Галіноўскім. Разам яны працягваюць работу над тымі праектамі, якія пачалі ажыццяўляць у Мінску.

Зараз Цімафей Падвіцкі вучыцца ў дактарантуры і з’яўляецца супрацоўнікам клінікі Кёльна. Пасля, каб стаць самастойным даследчыкам, яму трэба будзе прайсці постдактарантуру пад кіраўніцтвам вопытнага навукоўца. Але ў будучыні ён хацеў бы вярнуцца ў Беларусь.

— Лічу, што вылічальная біялогія, якой я займаюся, мае ў нашай краіне вельмі добрыя перспектывы, — гаворыць Цімафей Падвіцкі. — Безумоўна, у нашай рабоце патрэбна ўзаемадзеянне з іншымі навуковымі групамі, а для гэтага неабходна напрацаваць сувязі, вопыт, аўтарытэт. Пасля гэтага збіраюся вярнуцца ў Беларусь, арганізаваць тут сваю групу і ажыццяўляць даследаванні на высокім міжнародным узроўні.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *