9 крокаў да эфектыўнага выхавання

- 11:36Выхаванне

Намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык выступіў у Полацку перад прарэктарамі па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце УВА Беларусі падчас круглага стала “Сучасныя падыходы ў арганізацыі работы з моладдзю і рэалізацыі маладзёжнай палітыкі”, прадставіўшы 9 крокаў, якія зробяць рух у гэтай сферы больш эфектыўным.

Крок 1. Выкананне нарматыўных прававых дакументаў

Віктар Віктаравіч адзначыў, што, захоўваючы пераемнасць мэт і прыярытэтаў папярэдніх гадоў у маладзёжнай палітыцы, працы з моладдзю, і ў бягучым пяцігоддзі варта зыходзіць з неабходнасці выхавання сацыяльна паспяховай і прафесійна кампетэнтнай асобы. Для гэтага створаны новыя і абноўлены існуючыя асноватворныя нарматыўныя прававыя дакументы.

Прыняты Дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады, якая ўключае падпраграму “Маладзёжная палітыка” (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28.03.2016 № 250), Канцэпцыя бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі і Праграма бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2016—2020 гады. У планах — работа над Палажэннем у інтэрнатах устаноў адукацыі і Інструкцыяй па арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў з моладдзю.

Віктар Якжык падкрэсліў, што ў сувязі з прынятымі змяненнямі і дапаўненнямі ў Закон “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, які сёння канчаткова дапоўнены кампетэнцыямі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, УВА таксама будуць вырашаць усе пытанні, якія ўваходзяць у паняцце дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. А гэта, нагадаў ён, не толькі вучэбна-выхаваўчыя пытанні, якія можна вырашаць у сценах універсітэта, але і пытанні маладых сем’яў, сацыяльна-эканамічныя, жыллёвыя, пытанні маладых спецыялістаў і г.д.

Крок 2. Планаванне

Якаснае планаванне — аснова любой дзейнасці. А ў нас за планаваннем часта замест рэальнай работы праводзіцца аналіз саміх планаў, адзначыў Віктар Віктаравіч.

Нагадаў намеснік міністра і пра аналітычную дзейнасць саміх УВА. На гэта накіраваны штогадовыя маніторынгі, якія даюць магчымасць выявіць існуючыя недахопы і праблемы. На пасяджэнні калегіі ў кастрычніку ўзнімалася пытанне аб неабходнасці абнаўлення крытэрыяў эфектыўнасці і падыходаў у ацэнцы працы з моладдзю, у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Праект такога дакумента ўжо ёсць, і яго атрымалі ўсе прысутныя прарэктары.

Крок 3. Удасканаленне сістэмы кіравання арганізацыяй працы з моладдзю

В.В.Якжык нагадаў прысутным: нядаўна кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што персанальную адказнасць за ідэалагічную і выхаваўчую работу ў навучальных калектывах нясуць кіраўнікі УВА, але ў больш шырокім кантэксце гэтыя пытанні ўсё ж павінны пастаянна знаходзіцца ў зоне асаблівай увагі ідэалагічнага актыву і такіх грамадскіх арганізацый, як БРСМ, “Белая Русь”, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, валанцёрскіх і ветэранскіх аб’яднанняў. У сувязі з гэтым, адзначыў ён, неабходна забяспечыць эфектыўнае кіраванне выхаваўчай прасторай.

Засяродзіў увагу намеснік міністра і на працы з педагагічнымі кадрамі, а таксама звярнуў асаблівую ўвагу на маладых спецыялістаў, падкрэсліў перавагі настаўніцтва, якое вельмі эфектыўнае, калі да яго падыходзіць нефармальна. Сёння гэтая норма замацавана ў Законе “Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”.

Крок 4. Удасканаленне сістэмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі

Па словах В.В.Якжыка, прыярытэтным у ідэалагічнай і выхаваўчай працы ва УВА было і застаецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, і таму рэалізацыя масавых маладзёжных праектаў працягнецца. Гэта праекты “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, рэспубліканская патрыятычная акцыя “Кветкі Вялікай Перамогі”, рэспубліканская героіка-патрыятычная акцыя “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”. Варта таксама працягнуць традыцыю правядзення штогадовых тэматычных мерапрыемстваў, канцэртаў, сустрэч, прысвечаных святкаванню знамянальных дат і дзяржаўных свят.

“Толькі тут трэба пастаянна шукаць новыя рэсурсы, — падкрэсліў намеснік міністра. — На наш погляд, адным з іх можа быць маладзёжны турызм. Неабходна вызначыць абавязковыя экскурсійныя аб’екты і турыстычныя маршруты для выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Першы крок у гэтым кірунку ўжо зроблены — гэта Інструктыўна-метадычнае пісьмо “Аб некаторых пытаннях арганізацыі ўдзелу навучэнцаў у адукацыйных мерапрыемствах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за мяжой” ад 19 лістапада 2015 года, у якім прапісаны алгарытм фарміравання і напрамкі арганізаваных груп навучэнцаў для ўдзелу ў турысцкіх паходах, турах і экскурсіях у Рэспубліцы Беларусь і ў адукацыйных, культурна-пазнавальных мерапрыемствах за мяжой.

Хачу звярнуць увагу і на тое, што турызм — гэта частка спорту. І калі мы гаворым пра развіццё маладзёжнага турызму, то маем на ўвазе не толькі экскурсійны турызм, бо кафедры фізвыхавання гэтую функцыю часта забываюць. А невучэбная функцыя ў іх ёсць, і факультатыўна развіваць ім спартыўны турызм ніхто не перашкаджае, у тым ліку для тых, хто пражывае ў інтэрнатах — для гэтага ў іх ёсць спортарганізатары. У гэтым кірунку мы таксама будзем супрацоўнічаць з Інстытутам павышэння кваліфікацыі БДУФК, каб павялічыць колькасць праграм па падрыхтоўцы кадраў па спартыўным маладзёжным турызме і перепадрыхтоўцы дзеючага складу выкладчыкаў”.

У мэтах дэманстрацыі дасягненняў студэнтаў УВА ў сферы спартыўнага турызму (спартыўнае арыентаванне, пешаходны турызм, турысцкія навыкі, скалалажанне) запланавана правядзенне адкрытага рэспубліканскага турысцкага злёту студэнтаў. У 2017 годзе ён адбудзецца ў верасні. Узровень падрыхтоўкі каманды УВА пакажа якас ць работы ў гэтым кірунку.

Знакавай падзеяй 2017 года стане правядзенне Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў (Сочы, Расійская Федэрацыя). У Рэспубліцы Беларусь будзе сфарміравана маладзёжная дэлегацыя для ўдзелу ў мерапрыемствах форуму з ліку студэнтаў, лідараў маладзёжных арганізацый, органаў дзяржаўнага кіравання, якія курыруюць пытанні маладзёжнай палітыкі.

Крок 5. Павышэнне ўзроўню інфармаванасці і якасці інфармацыі для моладзі

“Жывучы ў сучасным свеце, мы ўсведамляем, што кожны дзень, штогадзінна, штохвілінна ідэалогія ўваходзіць у кожны дом, кожную сям’ю, даходзіць да кожнага чалавека праз інфармацыйную прастору, — сказаў В.В.Якжык. — Значыць, мы з вамі ва ўстановах адукацыі абавязаны яе фарміраваць. Рэсурсы для гэтага ёсць: наглядная агітацыя, СМІ (малатыражныя газеты, інтэрнэт-тэлебачанне, вэб-сайты, лакальныя і сацыяльныя сеткі), інфармацыйна-аналітычныя службы (прэс-цэнтры, медыяцэнтры), радыёгазеты, кіна-, відэа-і тэлестудыі.

Сёння кіраўніцтвам устаноў адукацыі праводзіцца аналіз наведвальнасці інтэрнэту навучэнцамі і педагагічнымі работнікамі, прыняты меры па ўстанаўленні кантролю за інфармацыяй.

Пры гэтым СМІ ўсё больш адгукаюцца на “смажаныя” факты, спрабуючы зрабіць сенсацыю. Працуюць законы жоўтай прэсы. Але ж у адукацыі робіцца столькі пазітыўнага, а гэта часам не заўважаецца, таму трэба вучыцца піярыць сябе. Гэта мы, на жаль, робім яшчэ не зусім прафесійна. Часцяком не апярэджваем падачу інфармацыі, а адстаём у гэтым, апраўдваемся, а не фарміруем меркаванне”.

Крок 6. Прафілактыка асацыяльных паводзін моладзі

Як адзначыў намеснік міністра, нягледзячы на тое, што праца па прафілактыцы, недапушчэнні ўцягвання моладзі ў дзейнасць незарэгістраваных радыкальных маладзёжных груповак вядзецца мэтанакіравана і ва УВА, і на міжведамасным узроўні, праблема прафілактыкі злачыннасці і правапарушэнняў па-ранейшаму застаецца актуальнай.

“Мы навучыліся праводзіць масавыя мерапрыемствы, шырокамаштабныя акцыі. Але нярэдка за мноствам мерапрыемстваў мы не бачым канкрэтнага, так званага сярэднестатыстычнага, студэнта, яго праблем. Час дыктуе: нам варта індывідуалізаваць падыходы. Работа ідэолага і выхавальніка патрабуе не толькі масавасці, але і тонкасці. Дайсці да кожнага — вось наша задача, — зазначыў В.В.Якжык. — Адной з сур’ёзных пагроз грамадскай аховы здароўя, якая патрабуе пастаяннай увагі, з’яўляюцца суіцыдальныя паводзіны. Шэраг інтэрнэт-сайтаў і груп у сацыяльных сетках прапагандуюць суіцыдальныя паводзіны і распаўсюджваюць звесткі аб спосабах здзяйснення самагубстваў. І якраз тут на першы план выходзіць праца сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, куратараў груп”.

Крок 7. Фарміраванне здаровага ладу жыцця

“Стварэнне і рэалізацыя ў выхаваўчай прасторы УВА сістэмы фарміравання здаровага ладу жыцця, якая забяспечвае станаўленне прафесійна кампетэнтнай, сацыяльна актыўнай, маральна ўстойлівай, псіхічна і фізічна здаровай асобы, — галоўная наша задача”, — адзначыў выступоўца. Ён дадаў, што ўсе мерапрыемствы, накіраваныя на барацьбу са шкоднымі звычкамі, павінны ўяўляць сабой не адзінкавыя акцыі, а быць часткай доўгатэрміновых падпраграм праграмы выхавання.

Арганізацыя і забеспячэнне актыўнага ўдзелу моладзі ў фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемствах — яшчэ адзін напрамак дзейнасці па прывіцці студэнтам пачуцця адказнасці за сваё здароўе і імкнення да здаровага ладу жыцця. Так, нядаўна разгарнуўся рэспубліканскі прафілактычны праект сярод студэнтаў “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра!”

Крок 8. Садзейнічанне моладзі ў прафесійным развіцці, стварэнне ўмоў для ўключэння моладзі ў прадпрымальніцкую дзейнасць

У практыку сумеснай работы ўстаноў вышэйшай адукацыі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі павінны ўвайсці прафарыентацыйныя мерапрыемствы ў шосты школьны дзень. На думку выступоўцы, яны дапамогуць будучаму выпускніку правільна сарыентавацца, вывучыць асобасны патэнцыял і запыты, улічыць патрэбы рынку працы.

Заслугоўвае ўвагі пытанне развіцця прадпрымальніцтва ў маладзёжным асяроддзі. Вопыт працы ў гэтым кірунку ва УВА ёсць. Доказам таму сталі рэспубліканскія мера-прыемствы “Моладзь у прадпрымальніцтве” і Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя студэнцкай моладзі, якія прайшлі ў гэтым навучальным годзе на базе БДЭУ.

На думку намесніка міністра, неабходна актывізаваць працу ў гэтым напрамку па правядзенні круглых сталоў, конкурсаў бізнес-праектаў (кірмашу інавацыйных ідэй), сустрэч, стажыровак, выязных практычных заняткаў, правядзенне стартап-мерапрыемстваў з прыцягненнем суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, заказчыкаў кадраў вучэбных семінараў па пытаннях арганізацыі ўласнай справы сярод моладзі. На 2017 год зацверджаны Рэспубліканскі план стартап-мерапрыемстваў. Плануецца правядзенне ХVII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар — твая ўпэўненая будучыня!”, у рамках якой пройдзе Рэспубліканская ўніверсітэцкая субота.

Крок 9. Фарміраванне сямейных каштоўнасцей, падтрымка маладой сям’і

Сёння ва ўстановах вышэйшай адукацыі шмат, асабліва на першых курсах, непаўналетніх студэнтаў. Іх суправаджэнне патрабуе асаблівых патрабаванняў.

“Мы дадаткова ўнясём карэктывы і рэкамендацыі па гэтым пытанні, але пакуль мы выйшлі з ініцыятывай, каб усе адлічэнні з УВА непаўналетніх узгадняліся з камісіяй па справах непаўналетніх, але іх фактычна пры любых умовах нельга адлічваць (магчыма, за рэдкім абгрунтаваным рашэннем), — адзначыў Віктар Якжык. — Да апошняга часу УВА з гэтым рэдка сутыкаліся, бо не было масавасці. Магчыма, спецыяльнымі рашэннямі рэктарата варта памяняць алгарытм работы сацыяльных педагогаў, з улікам таго, што на некаторых факультэтах на пачатак верасня вучацца 70—80 працэнтаў непаўналетніх. Гэта асобы, якія маюць асаблівыя правы, і таму неабходна праводзіць работу з бацькамі ці пры іх адсутнасці з законнымі прадстаўнікамі, нюансы павінны ведаць і юрысты, і адпаведныя службы ўстаноў адукацыі”.

Віктар Віктаравіч Якжык заклікаў прарэктараў абдумаць гэтыя кірункі і па магчымасці прапанаваць свае, якія ім лепш відаць на месцах. Ён таксама падкрэсліў, што толькі ў дыялогу, у сумесным абмеркаванні можна дасягнуць агульных мэт.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.