9 важных крокаў

У гэтым навучальным годзе па чацвяргах навучальныя ўстановы краіны ператвараюцца ў школы актыўнага грамадзяніна. У межах праекта “ШАГ” старшакласнікі вядуць дыялог з палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, навукоўцамі, пісьменнікамі, журналістамі, спартсменамі. За бягучы навучальны год кожная школа зробіць 9 паслядоўных крокаў — па адным у месяц. Чарговым крокам навучэнцаў сярэдняй школы № 133 Мінска была сустрэча з Наталляй Цылінскай, 28-разовай пераможцай кубкаў свету, 8-разовай чэмпіёнкай свету, старшынёй Федэрацыі веласпорту Рэспублікі Беларусь, і Наталляй Чааб, начальнікам аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення па адукацыі Партызанскага раёна.

“На шчасце, з дзецьмі ў мяне гутаркі бываюць часта, але гаворка выключна на сацыяльна-палітычныя тэмы — упершыню. Сучасныя дзеці — вельмі разумныя, пісьменныя, лёгкія на пад’ём і зносіны, таму мы з імі хутка знайшлі агульную мову на любую тэму, — гаворыць Наталля Валер’еўна Цылінская і дадае, што як мама чатырох дзяцей ужо даўно вядзе падобныя гутаркі дома: — Асабліва цікавыя гэтыя тэмы для малодшых, якім 8, 6 і 3 гады. Яны часта пытаюцца пра маё стаўленне да Радзімы, яны ведаюць, што я шмат краін бачыла, і параўноўваюць мае адносіны да Беларусі з адносінамі да іншых краін. Іх цікавіць, чаму ў нас менавіта такі сцяг, герб, гімн. Гімн, дарэчы, яны ведаюць на памяць. Ведаюць і тое, што больш за ўсё на свеце я не люблю прайграваць. Самае горшае месца для мяне — іншае. Я вельмі люблю сваю Радзіму і тое, як наш гімн гучыць на ўвесь свет. Менавіта таму я і змагалася толькі за 1-е месца”.

Але, безумоўна, акрамя гэтых тэм, тэмай гутаркі са знакамітай спартсменкай быў і спорт.

“Мяне заўсёды цікавіла, як гэта — адчуць трыумф, кантраст паміж адчуваннямі на старце з яго надзеямі і ўжо за чырвонай стужкай, калі яшчэ нават да канца не ўсведамляеш, што перамога — за табой і за тваёй краінай. І мне было вельмі цікава даведацца пра гэта ў Наталлі Валер’еўны”, — дзеліцца 11-класніца Яўгенія Царый.

Падчас гутаркі абмяркоўваліся многія тэмы: чаму нас вучыць гісторыя і чаму яе не варта забываць, якія сучасныя маладзёжныя ініцыятывы найбольш актуальныя, для чаго варта актывізаваць маладзёжны рух, у чым перавагі пераемнасці паміж пакаленнямі. Узнікла і вечная тэма непаразумення паміж бацькамі і дзецьмі.

“Вы часта думаеце, што бацькі вас не разумеюць. Ды куды ж ім? Яны ж не ведаюць сучаснага жыцця! Але, паверце, усё тое, што адбываецца з вамі сёння, адбывалася яшчэ нядаўна з намі. Так, можа, з іншай хуткасцю, на іншых пляцоўках, з іншымі гаджэтамі — з калькулятарам ці самай забойнай гульнёй, дзе воўк лавіў у кошык яйкі, але было. І калі вы чарговы раз будзеце баставаць, на хвіліну ўявіце, што вашых бацькоў няма. І ўжо ніколі іх не будзе. Спадзяюся, гэта дапаможа вам па-новаму зірнуць на мам і татаў, зразумець, што толькі яны могуць любіць вас без умоў, што б вы ні зрабілі”, — раіць Н.В.Цылінская.

Наталля Уладзіміраўна Чааб, у сваю чаргу, заклікала школьнікаў не чакаць, калі іх увага і дапамога стануць бацькам жыццёва неабходнымі, а клапаціцца пра сваіх родных ужо сёння.

Шмат прагучала адказаў і на пытанне “Як змяніць свет да лепшага?”. Але дзіцячыя разважанні пра тое, што трэба зрабіць настаўнікам, грамадскім арганізацыям, каб падхапіць хвалю маладзёжных інтарэсаў і быць побач, разам уплываць на навакольны свет, перапыніла Наталля Чааб, выказаўшы сваю пазіцыю: “Для таго каб свет стаў лепшым, мабыць, трэба пачаць з сябе. Тады свет будзе мяняцца. А для гэтага трэба лішні раз не кінуць смецце міма урны, не зруйнаваць прыгажосць вакол сябе, разбіўшы шкло ў пад’ездзе ці пакінуўшы там агідныя надпісы, а пракантраляваць сваё маўленне, бо нецэнзурная лексіка, на жаль, стала ўжо нормай нашага грамадства. І калі мы станем мяняць свет унутры сябе, ён пачне мяняцца навокал”.

Гарачая спрэчка ўзнікла і наконт крытыкі, асабліва калі яна гучыць з боку тых, хто нічога не ведае пра прадмет гутаркі. У якасці прыкладу прывялі армію. Так, госці заклікалі юнакоў-адзінаццацікласнікаў, якія маюць занадта катэгарычнае стаўленне да службы ў арміі, складаць яго не на аснове некалькіх адмоўных эпізодаў, а на аснове ўласнага вопыту. Гаворачы пра патрыятызм, Наталля Цылінская знайшла сувязь з мыццём посуду, бо, па яе меркаванні, самыя гучныя словы — нішто, калі мы мыем посуд перад струменем вады, адпраўляючы ў каналізацыю дзясяткі літраў вады за раз.

Андрэй Уладзіміравіч Шынкевіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 133 Мінска, абгрунтоўваючы актуальнасць праекта “ШАГ”, адзначыў: “Сёння перад намі паўстае праблема — вырваць сучасных дзяцей з інтэрнэту, з відэахостынгаў, дзе яны могуць браць тую інфармацыю, якая будзе ім перашкаджаць у жыцці. Таму мы параіліся з дзецьмі, нашымі актывістамі, і яны з задавальненнем уключыліся ў праект, адзначыўшы, што гэта, бадай, адзіная магчымасць сустрэцца з медыйнымі персонамі, вядомымі людзьмі, каб задаць важныя для сябе пытанні. Дарэчы, гэта ўжо трэцяя сустрэча на базе нашай школы. Да канца бягучага навучальнага года мы плануем яшчэ сустрэцца са старшынёй Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзімам Дзевятоўскім, з нашымі выпускнікамі — арт-гуртом “Беларусы”, з дырэктарам нашага падшэфнага прадпрыемства — электратэхнічнага завода імя Казлова і інш. Усяго такіх крокаў у нас будзе дзевяць — па адным у месяц. А напрыканцы года хочам даць дзецям магчымасць самім запрасіць у школу госця, якога яны жадаюць бачыць, арганізаваўшы абмеркаванне персоны з іншымі навучэнцамі праз інтэрнэт, сацсеткі”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.