9060: жудасная лічба ў беларускай гісторыі

- 12:36Культура

24 красавіка ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбыўся круглы стол “Памяць свяшчэнная… Трагедыя беларускіх вёсак”, прымеркаваны да 70-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. За апошнія гады айчынныя архівісты, музейшчыкі, вучоныя-гісторыкі ўжо неаднойчы збіраліся разам, каб абмеркаваць гэтую балючую тэму. І кожны раз падчас дыскусій выяўляліся ўсё новыя і новыя гістарычныя факты і навукова-метадалагічныя праблемы. Не стаў выключэннем і сёлетні круглы стол.

Як адзначыў, адкрываючы мерапрыемства, дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Іванавіч Адамушка, Нацыянальным архівам падрыхтавана электронная база даных “Беларускія вёскі, знішчаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941—1944 гады”. Гэта зроблена толькі ў нашай краіне, падобных нацыянальных баз даных няма ні ў Расіі, ні ў Еўропе. Асноўнымі крыніцамі для нашых архівістаў паслужылі дакументы, якія захоўваюцца ў дзяржаўных архівах Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі. Па словах У.І.Адамушкі, нашымі рупліўцамі была прароблена каласальная работа, пачатая фактычна з нуля. На сённяшні дзень у базе даных знішчаных беларускіх вёсак змешчаны звесткі пра 9060 такіх населеных пунктаў. Зрэшты, галоўны архівіст Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Дзмітрыевіч Селяменеў падкрэсліў, што гэтая лічба яшчэ не канчатковая, таму што многія дакументы, з якімі давялося працаваць архівістам, патрабуюць далейшага ўдакладнення.
В.Д.Селяменеў нагадаў прысутным, што ўпершыню падлічыць знішчаныя ворагам беларускія вёскі паспрабавалі ў нашай краіне яшчэ ў канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калі раённыя выканаўчыя ўлады атрымалі ад Прэзідыума КПБ указанне скласці адпаведныя спісы. І такія спісы сапраўды былі складзены ў 1969 годзе, хоць надзейнымі крыніцамі іх наўрад ці можна сёння назваць: работа тады вялася вельмі паскоранымі тэмпамі; крытэрыяў ці нейкіх метадычных указанняў адносна ўнясення ў спіс знішчаных вёсак увогуле ніякіх не было; асновай для ўнясення той ці іншай вёскі ў разрад знішчаных часта служылі не дакументы, а сведчанні жыхароў; і наогул, выклікае недавер нават сама фармулёўка большасці тагачасных пастаноў: “Райвыканкам вырашыў лічыць устаноўленым, што ў такім вось раёне было знішчана…” Тым не менш тыя матэрыялы 1969 года былі часткова апублікаваны ў 1984 годзе (тады ў спіс знішчаных трапілі 5295 вёсак) і ў 1995 годзе (фігуравалі ўжо 5454 вёскі). Цікава, дарэчы, заўважыў В.Д.Селяменеў, што нашы даследчыкі, нават музеі і да гэтага часу спасылаюцца часцей за ўсё на лічбу 1984 года.
Пры стварэнні сённяшняй электроннай базы знішчаных падчас вайны населеных пунктаў Беларусі айчынныя архівісты вырашылі пайсці далей і глыбей. Па-першае, уключыць у яе не толькі тыя вёскі, якія былі знішчаны ў выніку карных аперацый, але і тыя, на месцы якіх немцы пакідалі папялішчы пры адступленні ў 1943 і 1944 гадах. Напрыклад, у Дубровенскім і Лёзненскім раёнах большасць населеных пунктаў былі знішчаны менавіта ў гэты перыяд. Па-другое, само стварэнне электроннай базы даных знішчаных беларускіх вёсак як бы ператварылася ў маштабнае даследаванне праблемы, бо і да гэтага часу ніхто так і не выпрацаваў выразна акрэсленых крытэрыяў, па якіх можна было б уносіць тое ці іншае паселішча ў спіс знішчаных.
Пытанняў — вялікіх і малых — у складальнікаў базы даных узнікала безліч. Напрыклад, якую вёску трэба лічыць часткова знішчанай? “У спісы часткова знішчаных вёсак 1969 года ўносіліся нават тыя, у якіх была спалена адна хата, напрыклад, у Ельскім, Чавускім раёнах, — адзначыў В.Д.Селяменеў. — Калі б і мы пайшлі такім шляхам, то, магчыма, выйшлі б і на ўсе 20 тысяч знішчаных вёсак, а то і больш. Мы вырашылі ўносіць у базу тыя населеныя пункты, дзе было знішчана больш за 25% жылога фонду, або 20 і больш дамоў”.
Падобныя ж пытанні паўставалі перад архівістамі, калі яны аналізавалі лічбы па колькасці знішчанага ў вёсках насельніцтва: што такое насельніцтва і што такое частка насельніцтва? Большая ці меншая яго частка? Складальнікі электроннай базы даных прапаноўваюць усё ж размежаваць знішчаныя вёскі на тыя, у якіх загінула большая частка іх насельніцтва, і тыя, дзе ахвярамі сталі да 50% жыхароў.
Нарэшце, нават сам аб’ектыўны ход гісторыі можа ствараць для архівістаў дадатковыя цяжкасці, як гэта адбылося ў сувязі з трактоўкай некаторых часткова знішчаных населеных пунктаў. Ці ўносіць у базу даных, напрыклад, той жа Моталь, які да вайны быў гарадскім пасёлкам, а сёння гэта вёска? Ці тое ж Круглае, якое, наадварот, было вёскай, а сёння з’яўляецца раённым горадам?
Словам, пытанні застаюцца. І Вячаслаў Дзмітрыевіч Селяменеў асабліва падкрэсліў, што створаную архівістамі электронную базу знішчаных беларускіх вёсак трэба лічыць базай для далейшай аналітыкі, а найперш сёння трэба канчаткова вызначыцца з крытэрыямі. “І, безумоўна, мы не раз яшчэ будзем збірацца такім фарматам, каб аналізаваць, удакладняць, выходзіць на ўсё новыя і новыя ўзроўні навуковай доказнасці. І гэтая лічба — 9060 занесеных на сёння ў электронную базу знішчаных беларускіх вёсак, верагодна, будзе толькі расці. Уся праблема ў тым, што за 70 гадоў у нас не з’явілася ніводнага навуковага даследавання па гэтай праблеме. Ні адзін гісторык фактычна ніколі сур’ёзна не закранаў гэтай тэмы”, — падсумаваў галоўны архівіст НАРБ.
У дыскусіі па тэме круглага стала прынялі ўдзел акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч, дэкан гістарычнага факультэта БДУ Сяргей Мікалаевіч Ходзін, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь беларускі архітэктар Галіна Леанідаўна Левіна і інш. З успамінамі пра знішчэнне вёсак Скірмунтава Дзяржынскага раёна і Федзькі Чашніцкага раёна выступілі відавочцы тых падзей Зінаіда Пятроўна Леванец і Эдуард Цімафеевіч Фядзько, якія, дарэчы, значна дапамаглі архівістам сваімі звесткамі.
Таксама ў рамках круглага стала адбылася прэзентацыя зборніка дакументаў і матэрыялаў “Хатынскія дрэвы жыцця”, падрыхтаванага Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь сумесна з Цэнтральным архівам Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным архівам Брэсцкай вобласці і Дзяржаўным архівам Расійскай Федэрацыі. Зборнік прысвечаны 433 беларускім вёскам, якія перажылі трагедыю Хатыні і былі ўзноўлены ў пасляваенны перыяд. Памяць пра іх увекавечана на сімвалічных “Дрэвах жыцця” хатынскага мемарыяла. У іх ліку 111 населеных пунктаў Віцебскай, 96 — Магілёўскай, 93 — Брэсцкай, 60 — Мінскай, 54 — Гомельскай, 19 — Гродзенскай абласцей. Найбольшая колькасць вёсак была спалена ў Лёзненскім раёне (28), а таксама Верхнядзвінскім (26), Івацэвіцкім (17), Кіраўскім (15), Салігорскім (15) і Чавускім (14) раёнах.
Выданне змяшчае 353 дакументы: данясенні, дзённікі баявых дзеянняў партызанскіх фарміраванняў, даведкі, акты, пратаколы допытаў ацалелых жыхароў спаленых вёсак, сведак, карнікаў і інш. У ілюстраваным блоку публікуюцца фотаздымкі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, помнікаў, узведзеных на месцах спаленых населеных пунктаў.
Зборнік дакументаў і матэрыялаў “Хатынскія дрэвы жыцця” з’явіўся лагічным завяршэннем двух папярэдніх, падрыхтаваных архівістамі ў 2014 годзе выданняў па хатынскай тэме — “Хатынь. Трагедыя і памяць” і “Хатынскі некропаль”. Хаця, можа быць, толькі працягам… Гэтая тэма беларусам будзе балець бясконца. Ці, прынамсі, датуль, пакуль у іх будзе памяць.

Мікола ЧЭМЕР.