92 дні карысных спраў

Дзеці летам не толькі адпачываюць — яны спасцігаюць шмат новага і карыснага. Менавіта так бачаць сваю місію падчас летніх канікул супрацоўнікі цэнтраў творчасці. Не выключэнне і прадстаўнікі сістэмы дадатковай адукацыі Ваўкавыскага раёна Гродзенскй вобласці. Аб цікавых ініцыятывах у арганізацыі работы летам расказваюць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Краснасельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі М.Р.Губаева і метадыст Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Л.П.Івашчанка.

Маргарыта Рэнацьеўна Губаева:

— У нашым цэнтры 1 чэрвеня стартаваў праект #НolidaysКруіз_Вакол лета_за 92 дні. Як нарадзілася ідэя такога праекта? Перад героямі твора Жуля Верна “Вакол свету за 80 дзён” былі пастаўлены мэты, якіх за пэўны прамежак часу неабходна было дасягнуць. Прычым герояў чакала цікавае і займальнае падарожжа… Так і мы хацелі арганізаваць кожны дзень летняй аздараўленчай кампаніі такім чынам, каб дзеці правялі круіз вакол лета весела, карысна, камфортна і дружна.

Пры арганізацыі аздараўлення і занятасці дзяцей і падлеткаў у летні перыяд у Краснасельскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ўлічваліся іх інтарэсы і пажаданні. Мерапрыемствы праекта #НolidaysКруіз_Вакол лета_за 92 дні прадастаўляюць кожнаму дзіцяці права выбару ў адпаведнасці з яго жаданнямі і здольнасцямі.

Арганізацыя выхаваўчай прасторы ў летні перыяд прапануе дзецям прыняць удзел у мерапрыемствах гульнявых пляцовак: інтэлектуальнай пляцоўкі “Другі сон Мендзялеева або яблык Ньютана”, спартыўнай пляцоўкі  “Наперад, на Алімп здароўя». Круіз адбываецца згодна з пунктамі арт-парковак: #Прапампаваць сябе праз здаровы лад жыцця (фізкультурна-спартыўная дзей­насць), #Ореn аіr_Прастора (культурна-забаўляльныя дзейнасць), #Культурны код_СуТворцы (выяўленчае мастацтва), #X-фактар (музычная творчасць), #Час тварыць: у свеце фантазіі (тэхнічнае мадэляванне і канструяванне), #Асвета, або Высокі_IQ_інтэлект (інтэлектуальная дзейнасць), #Ад мары — да дзеяння (харэаграфія), #Інфарм-дайджэст (публіцыстыка), #У актыве — бяспека (прафілактычныя акцыі).

Дэвіз падарожжа — “Удзельнічай! Стварай! Рабі! Развівайся!” — паказвае, што ў нашым шматпрофільным круізе-падарожжы можна творча развіцца, цікава і з карысцю арганізаваць свой вольны час, праявіць здольнасці і талент ва ўсіх напрамках, прадугледжаных рознымі пунктамі арт-парковак.

Удзельнікамі ўсіх мерапрыемст­ваў з’яўляюцца навучэнцы Краснасельскага раённага ЦТДіМ, сярэдняй школы г.п.Краснасельскі, сярэдняй школы № 1 і сярэдняй школы № 2 г.п.Рось ва ўзросце ад 7 да 15 гадоў, а таксама педагогі дадатковай адукацыі.

Варта адзначыць, што ў цэнтр прыяз­джаюць навучэнцы з іншых устаноў адукацыі Ваўкавыскага раёна. Так, 22 ліпеня ў гасцях у нас пабывалі выхаванцы Ваўкавыскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, якія на той момант прымалі ўдзел у шасцідзённым велапаходзе. Маршрут іх руху налічваў 14 населеных пунктаў, адным з іх з’явіўся гарадскі пасёлак Краснасельскі і, такім чынам, Краснасельскі раённы
ЦТДіМ. Для гасцей была арганізавана тэматычная экскурсія па музеі “Піянерскі шлях” на тэму “Вехі піянерскай гісторыі”, дзе дзецям расказалі пра гісторыю развіцця піянерскага руху, яго традыцыі і дзейнасць на сучасным этапе. Экскурсія “Падарожжа на планету творчасці” пазнаёміла ваўкавыскіх гасцей з работай аб’яднанняў па інтарэсах, дзейнасцю ўстановы адукацыі. З вялікім задавальненнем дзеці прынялі ўдзел у фотасесіі.

Цікавай і запамінальнай для дзяцей стала сустрэча са святаром (у рамках плана мерапрыемстваў супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой і рэалізацыяй праекта “Арт-інтэрактыў”). Быў арганізаваны круглы стол з айцом Віталіем, іерэем храма святога вялікамучаніка Георгія Перамаганосца г.п.Краснасельскі, у якім прынялі ўдзел дзеці і педагогі цэнтра. У ходзе мерапрыемства былі закрануты тэмы духоўнасці, міласэрнасці, талерантнасці, маральных якасцей чалавека. Круглы стол прайшоў у форме дыялогу, дзе кожны яго ўдзельнік дзяліўся сваім меркаваннем адносна гэтых важных тэм.

Інфармацыя пра тое, як праходзіць круіз, штодня размяшчаецца на сайце ўстановы, а гэта рэклама запланаваных мерапрыем­стваў, вынікі мінулых падзей, фотарэпартажы.

І хоць да канца падарожжа застаецца час, мы ўжо сёння думаем аб яго яркім і запамінальным завяршэнні. Гэта будзе нейкі незапланаваны экспромт або імправізацыя. Напрыклад, у гарачы летні дзень зладзім вадзяную стральбу на вуліцы! У вырабе ва­дзяной “зброі” з пластыкавых бутэлек для воднай бітвы спатрэбіцца фантазія і кемлівасць дзяцей. Яшчэ адзін цікавы занятак — спаборніцтва: хто надзьме самую вялікую мыльную бурбалку. І яшчэ адзін цікавы варыянт — запуск паветраных змеяў. Спачатку з дапамогай педагогаў дзеці зробяць гэтую канструкцыю, а пасля прымацуюць да паветраных змеяў запісачкі-пасланні з пажаданнямі на наступнае лета, а далей будуць атрымліваць асалоду ад палёту сваіх вырабаў.

Завяршальны летні дзень не абыдзецца і без фотасесіі — яркіх, пацешных здымкаў, якія змесцяцца на сайце нашай установы, афіцыйнай платформе Instagram.

Людміла Паўлаўна Івашчанка:

— Валанцёрскі рух “Тэрыторыя дабра”, які аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах 934 навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дзейнічае дзевяць гадоў. У раёне працуе 68 добраахвотніцкіх аб’яднанняў: 30 валанцёрскіх атрадаў, членамі якіх з’яўляюцца 412 навучэнцаў 9—11 класаў, і 38 цімураўскіх атрадаў (522 навучэнцы 5—8 класаў).

Удзел моладзі ў добраахвотніцкай дзейнасці патрабуе пэўных ведаў, уменняў і навыкаў, матывацыі на такую працу. А летні час мы вырашылі выкарыстаць для навучання валанцёраў, што дазволіць стварыць дружную і дзейную каманду, якая валодае неабходным багажом ведаў і ўменняў добраахвотніцтва.

Штогод, пачынаючы з 2014 года, для лідараў валанцёрскіх аб’яднанняў школ Ваўкавыскага раёна арганізоўвалася работа летняга профільнага лагера “Валанцёры”, куды запрашаліся валанцёры, якія прайшлі пэўны этап падрыхтоўкі ў добраахвотніцкай дзейнасці і зарэкамендавалі сябе як матываваныя і мэтанакіраваныя лідары.

У гэтым годзе, у сувязі з эпідэмічнай сітуа­цыяй, была арганізавана работа летняга анлайн-лагера “ДОБРАахвотнік”, удзельнікамі якога сталі дзеці і падлеткі ва ўзросце 10—16 гадоў. Яны атрымалі інфармацыю аб добраахвотніцтве і дзейнасці раённага валанцёрскага руху “Тэрыторыя дабра”, аб сацыяльным, патрыятычным, прафілактычным, экалагічным кірунках валанцёрства.

Кожны дзень анлайн-лагера пачынаўся з флэш-мобу “Рабі як я” і карыснага снедання, размешчанага ў сацыяльнай сетцы Instagram. У 11 гадзін юных валанцёраў чакалі інфармацыя на розныя тэмы, сустрэчы з цікавымі людзьмі (сацыяльнымі партнёрамі) у рэжыме анлайн. У 12 гадзін удзельнікі лагера падключаліся да інтэрактыўных анлайн-заняткаў, у завяршэнні якіх атрымлівалі заданні на дзень. У 15 гадзін пачыналіся творчыя майстар-класы.

У рамках дыялогавай пляцоўкі “Сацыяльнае партнёрства” прайшлі анлайн-сустрэчы са старшынёй Ваўкавыскага раённага фонду “Беларускі Чырвоны Крыж” Лідзіяй Сямёнаўнай Ігнацік, загадчыцай аддзялення “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ваўкавыскага раёна” Валянцінай Генадзьеўнай Мялешка, са старшынёй Ваўкавыскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Ігарам Аляксандравічам Мацейкам, псіхолагам Ваўкавыскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Аленай Валер’еўнай Радзівонік.

Жывыя зносіны нічым не заменіш, але ва ўмовах пандэміі застаецца магчымасць атрымліваць веды і вопыт у новым фармаце. Гэтым скарысталіся 47 навучэнцаў Ваўкавыска. Разам са мной з імі працавала каардынатар раённага валанцёрскага руху “Тэрыторыя дабра” Вольга Міхайлаўна Кухцюк, загадчыца аддзела па асноўнай дзейнасці нашага цэнтра.

Актыўныя валанцёры атрымалі сертыфікат удзельніка анлайн-лагера “ДОБРАахвотнік”. Адзін з іх, навучэнец сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Іван Музычка, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад работы анлайн-лагера “ДОБРАахвотнік”: “Вельмі шмат карыснага і цікавага даведаўся аб валанцёрскай дзейнасці. Асабліва спадабаліся відэаўрокі, майстар-класы. У наступным навучальным годзе буду актыўна працаваць у школьным валанцёрскім атрадзе. Дзякуй арганізатарам анлайн-лагера”.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Краснасельскім раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.