Нацэльваючы на максімальны вынік у інтарэсах краіны

У Ліцэі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася сустрэча міністра адукацыі краіны С.А.Маскевіча з пераможцамі міжнародных алімпіяд, турніраў і конкурсаў, стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і педагогамі, якія падрыхтавалі іх да спаборніцтваў.

“Заўсёды вельмі прыемна сустракацца з вамі, — адзначыў С.А.Маскевіч, звяртаючыся да прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты нашай краіны. — Прыемна атрымліваць звесткі аб нашых дасягненнях на міжнародным узроўні. Пагадзіцеся, калі нам перадаюць, што 10 з 10 удзельнікаў 47-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды па хіміі прывезлі ўзнагароды — а ў 2013 годзе на рахунку беларусаў 1 залаты, 5 сярэбраных і 4 бронзавыя медалі — гэта асаблівы гонар для кожнага, хто па-сапраўднаму перажывае за вынік нашых навучэнцаў… Узаемадзейнічаючы з калегамі з іншых краін, неаднаразова даводзілася чуць, што дасягненні нашых навучэнцаў сапраўды вельмі высокага ўзроўню. Хачу пажадаць вам усемагчымых поспехаў у выбары прафесіі, у самарэалізацыі і ў цэлым у жыцці. Спадзяюся, што і далей мы зможам ствараць усё больш спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі нашай моладзі”.

На міжнародным узроўні ў алімпіядах, турнірах, канферэнцыях у 2013 годзе беларускімі школьнікамі заваявана 44 медалі. У мінулым засталася напружаная інтэлектуальная гонка, якая патрабавала ад навучэнцаў не толькі вялізных ведаў і здольнасцей, але і максімальнай канцэнтрацыі, мэтанакіраванасці, волі. Міжнародныя алімпіяды — вяршыня алімпіяднай піраміды, бо менавіта тут збіраюцца найбольш таленавітыя дзеці з большасці краін свету. Вынікі, паказаныя школьнікамі на такіх спаборніцтвах, гавораць аб агульным узроўні адукацыі ў краіне. Паколькі канкурэнцыя на міжнародных спаборніцтвах становіцца ўсё больш жорсткай, стабільнасць выступленняў і поспехі беларускіх удзельнікаў заслугоўваюць самай высокай ацэнкі, а іх медалі пацвярджаюць канкурэнтаздольнасць адукацыі ў Беларусі.
Міністр адукацыі падкрэсліў, што поспехі нашых школьнікаў на міжнародным узроўні — гэта вынік той сістэмы, што склалася па рабоце з адоранымі дзецьмі на раённым, абласным, рэспубліканскім узроўнях, той палітыкі, якую праводзіць дзяржава па падтрымцы таленавітай моладзі. Галоўная задача, якую ставіць кіраўнік дзяржавы перад сістэмай адукацыі, — стварыць умовы для развіцця адоранай моладзі і настроіць яе на максімальны вынік у інтарэсах краіны. А таму прапановы, якія паступаюць штогод па паляпшэнні падрыхтоўкі навучэнцаў да міжнародных алімпіяд — і ў плане стварэння базы, і ў змястоўнай частцы, — варта ўлічваць.

Старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, рэктар БДУ, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Уладзіміравіч Абламейка запрасіў навучэнцаў паступаць у БДУ, дзе выбудавана стройная сістэма далейшага развіцця таленавітых людзей — выдзяляюцца імянныя стыпендыі, гранты, падтрымліваюцца паездкі студэнтаў на алімпіяды, навуковыя канферэнцыі, усемагчымыя спаборніцтвы. Да тых студэнтаў, якія хочуць займацца навукай, замацоўваюцца куратары. І, як паказвае практыка, праз некаторы час яны становяцца паспяховымі навукоўцамі, якія потым атрымліваюць навуковыя ступені.
Словы асаблівай удзячнасці гучалі ў адрас настаўнікаў і трэнераў каманд, якія падрыхтавалі дзяцей да алімпіяд. Мастацтва навучання — гэта мастацтва абудзіць у юных душах дапытлівасць і затым задавальняць і развіваць яе. Не сакрэт, што асоба педагога фарміруе любоў і прыхільнасць да інтэлектуальнай дзейнасці. На сустрэчы прысутнічалі дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ Д.Ф.Базылеў, настаўнік інфарматыкі Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна Ю.І.Вільчэўскі, загадчык кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ трэнер зборнай каманды школьнікаў рэспублікі па матэматыцы С.А.Мазанік, настаўнік геаграфіі гімназіі № 22 Мінска С.П.Шарамет.
У сваю чаргу С.П.Шарамет звярнуўся са словамі ўдзячнасці да кіраўнікоў галіновага ведамства за падтрымку адораных і высокаматываваных дзяцей, якія паказваюць высокія вынікі на спаборніцтвах рознага ўзроўню па розных прадметах. “Разам мы дасягнем небывалых вяршынь, якія дадуць магчымасць праслаўляць нашу краіну на высокім міжнародным узроўні, і слава аб перамогах і краіне будзе разносіцца па ўсім свеце. Не спыняйцеся на дасягнутым! Імкніцеся да больш высокіх вынікаў і не заканчвайце сваю адукацыю. Бо, як гаворыцца, век жыві — век вучыся”, — заклікаў ён навучэнцаў.

На сустрэчы навучэнцам і студэнтам былі ўручаны пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і нагрудныя знакі “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў”. Сярод узнагароджаных — навучэнка 11 класа ліцэя Лунінца, уладальніца залатога медаля VII Міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў, першай прэміі І Міжнароднай алімпіяды навуковых праектаў Хрысціна Неўдах; выпускнік сярэдняй школы № 12 Слуцка, студэнт БДУ, уладальнік бронзавага медаля Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі Цімафей Раманоўскі; навучэнец 11 класа гімназіі № 12 Мінска ўладальнік сярэбраных медалёў Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды і 45-й Міжнароднай хімічнай алімпіяды Андрэй Швед; выпускнік Гродзенскай гарадской гімназіі, студэнт БДУ, уладальнік сярэбранага медаля Х Міжнароднай геаграфічнай алімпіяды Ілья Рыдзецкі.
Для лаўрэатаў перамогі зусім невыпадковыя, бо ўсе яны яркія, неардынарныя асобы.

“Усё маё жыццё, пачынаючы з 4 класа, было звязана з алімпіядамі, — адзначыла навучэнка 11 класа Ліцэя БДУ, уладальніца залатога медаля ІІ Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды сярод дзяўчат, бронзавага медаля Х Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы Варвара Кузьміцкая. — Але нават удзельнічаючы ў заключным этапе рэспубліканскіх алімпіяд я не думала, што змагу прадстаўляць нашу краіну на міжнародных алімпіядах. Мне гэта здавалася абсалютна недасягальным.
З 7 класа марыла паступіць у Ліцэй БДУ, таму што аб цудоўных выкладчыках ліцэя, прафесіяналах сваёй справы вядома па ўсёй Беларусі. Асабліва хацелася вучыцца ў Ігара Іванавіча Варановіча. І мая мара ажыццявілася. Нашы выкладчыкі затрацілі вялікую колькасць сіл і часу для таго, каб мы дасягнулі такіх вынікаў. Два гады, праведзеныя ў ліцэі, былі цікавымі і захапляльнымі. Ліцэй даў магчымасць вывучаць любімую матэматыку глыбока і змястоўна. Мы пастаянна развіваліся, удасканальваліся, прымаючы ўдзел у ліцэйскіх алімпіядах, зборах, наведваючы факультатыўныя заняткі. Мне вельмі прыемна ўсведамляць, што ў нашай краіне алімпіяднаму руху ўдзяляецца вялікая ўвага. Мы плануем звязаць наша жыццё з роднай і любімай Беларуссю. Мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым і будзем імкнуцца да далейшых поспехаў!”

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.