У рэспубліканскім Доме прафсаюзаў прайшоў пленум Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Аб выніках 2022 года і планах на будучыню карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч.
Добрая памяць наступным пакаленням
— Таццяна Раманаўна, 2022 год быў аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі аб’явіла 2022 год Годам якасці ў рабоце. Якім быў мінулы год для Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі?
— Галіновы прафсаюз узнімае найважнейшыя для людзей пытанні. Гэта і занятасць, і заработная плата, і сацыяльныя гарантыі, і ў цэлым абарона сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў. Гэта тое, што вызначае нармальнае жыццё людзей і іх дабрабыт. А значыць, і стабільнасць у грамадстве. У Год гістарычнай памяці мы правялі глабальнае мерапрыемства ў Дзень народнага адзінства 17 верасня — велапрабег, у якім прыняў удзел міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец. У гэты ж дзень мы заключылі дагавор аб супрацоўніцтве з Рэспубліканскім валанцёрскім цэнтрам. У мерапрыемстве бралі ўдзел каля 500 маладых людзей. Такім чынам мы паказалі моладзі ролю якаснага ўзаемадзеяння з Міністэрствам адукацыі. Сёння мы дакладна бачым і ставім перад сабой задачу, што кожная пярвічная прафсаюзная арганізацыя (ППА) — гэта ідэалагічны стрыжань у калектыве, ад якога залежыць не толькі павышэнне зарплаты членаў прафсаюза, але і псіхалагічны клімат у калектыве.
У найбліжэйшы час выйдзе наш доўгачаканы зборнік у рамках праекта “Педагагічныя дынастыі Рэспублікі Беларусь”. Кніга атрымаецца салідная і прыгожая. Сёлета плануем ва ўсіх абласцях правесці святочнае ганараванне з запрашэннем прадстаўнікоў усіх дынастый, дзе ім падорым гэтую кнігу, каб пакінуць добрую памяць наступным пакаленням. Мы ўпэўнены, што прэстыж настаўніка варта ўмацоўваць. Як паказвае практыка, нам разам з Міністэрствам адукацыі і Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка ўдаецца прыцягваць у педагогіку лепшую моладзь. Шырокае развіццё ў краіне атрымала адкрыццё педагагічных класаў, 30 працэнтаў выпускнікоў якіх мэтанакіравана выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці. Гэта матываваныя навучэнцы, якія ідуць у прафесію па прызванні. І яны вельмі прыметныя ў калектывах, бо, калі мы ў каледжы ці ўніверсітэце выбіраем прафсаюзнага лідара, як правіла, такім лідарам становяцца студэнты педагагічных спецыяльнасцей.
— Думаю, вы пагодзіцеся, што галоўнае для прафсаюза — гэта людзі. Сучасны прафсаюзны лідар — гэта…
— Няма абагульненага вобраза прафсаюзнага лідара, і гэта не залежыць ад узросту — важныя чалавечыя якасці лідара і яго здольнасць браць на сябе адказнасць, прымаць рашэнні. Ёсць вельмі маладыя людзі з унутраным стрыжнем, якія разумеюць, што чалавек працы — гэта самае галоўнае. У любой сітуацыі чалавеку трэба дапамагчы, падказаць, падтрымаць. Калі да нас на прыём прыходзяць людзі, ім не заўсёды патрэбна матэрыяльная дапамога, ім трэба, каб іх выслухалі, падказалі, магчыма, нават проста напаілі чаем, не пакінуўшы сам-насам з бядой. Да нас ідуць людзі, у якіх праблемы ў сям’і, і яны не ведаюць, як правільна дзейнічаць. Прафсаюзны лідар — чалавек з адкрытай душой, які здольны пачуць іншага чалавека і дапамагчы яму. Ну і прафесіяналізм ніхто не адмяняў.
Хачу падзякаваць асабіста кожнаму члену прафсаюза і ўсім сацыяльным партнёрам за штодзённую сумесную плённую працу. Толькі разам мы здольны вырашаць усе пытанні, якія знаходзяцца на парадку дня.
Гэта пацвердзіў фінал рэспубліканскага конкурсу “Прафсаюзны лідар”, які стаў значнай падзеяй года. Ганаровае званне “Прафсаюзны лідар” у 2022 годзе ў намінацыі “Лідар раённай, гарадской арганізацыі прафсаюза” прысвоена Алене Ахрамовіч, старшыні жодзінскай гарадской арганізацыі. Лідарам пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі стала старшыня ППА сярэдняй школы № 109 Мінска Інеса Сямёнава, а ў намінацыі “Лідар ППА работнікаў установы сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі” перамагла старшыня пярвічкі работнікаў Светлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Кацярына Жыгунова.
Таксама прафсаюзным лідарам года ў намінацыі “Лідар ППА навучэнцаў установы сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі” была названа Аляксандра Лукашык, старшыня ППА студэнтаў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
За лічбамі — людскія лёсы
— Якія актуальныя пытанні сёння на кантролі галіновага прафсаюза?
— Па-першае, мы праводзім маніторынг паўнаты і своечасовасці выплаты заработнай платы. З 1 студзеня бягучага года ў нас крыху змянілася аплата працы, таму гэтае пытанне для нас з’яўляецца прыярытэтам. Галіновы прафсаюз актыўна працуе з Міністэрствам адукацыі. Зараз у нас павысілася аплата працы асобным катэгорыям педагагічных работнікаў, якім яе не павышалі ўжо даўно (метадысты, майстры вытворчага навучання, прафесарска-выкладчыцкі склад).
Па-другое, мы трымаем на кантролі будучае павышэнне зарплаты іншым катэгорыям педработнікаў. Мы дакладна разумеем, што планы, запісаныя ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны да 2025 года, мы абавязаны выканаць. Ёсць разуменне і таго, у які перыяд часу мы зможам павысіць заробкі сацыяльным педагогам, педагогам-псіхолагам, выхавальнікам груп прадоўжанага дня і г.д.
Па-трэцяе, прафсаюз напрамую абараняе інтарэсы працоўных. Так, у мінулым годзе мы вярнулі больш за 750 тысяч рублёў людзям, у якіх гэтыя сродкі незаконна ўтрымалі. Мы аднавілі на рабоце 10 педагагічных работнікаў. Можа, лічба і невялікая, але за ёй — дзесяць людскіх лёсаў. Яшчэ адзін прыярытэт і адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці галіновага прафсаюза — ахова працы. На жаль, няшчасныя выпадкі на рабочым месцы здараюцца, у тым ліку і няшчасныя выпадкі з навучэнцамі. У мінулым годзе ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства адукацыі № 227 “Аб зацвярджэнні правіл бяспекі, правіл расследавання і ўліку няшчасных выпадкаў, якія здарыліся з навучэнцамі”, у распрацоўцы якіх бралі непасрэдны ўдзел тэхнічныя інспектары працы галіновага прафсаюза на чале з галоўным тэхнічным інспектарам працы Марынай Леанідаўнай Лясун. Зараз мы маніторым на месцах, як працуе гэты дакумент, каб у перспектыве ўносіць у яго змяненні і дапаўненні.
— Ведаю, што доўга і цяжка ішло вырашэнне яшчэ адной праблемы — забеспячэння работнікаў арганізацый гарачым харчаваннем…
— На шчасце, тут мы ўжо на фінішнай прамой. Асабіста я шмат удзельнічала ў працы рабочых груп (міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, фінансаў, эканомікі і г.д.), бо пытанне гэта надзвычай важнае. Мы добра разумеем, што трэба знаходзіць альтэрнатыўныя варыянты для таго, каб педагогі мелі права і магчымасць харчавацца ва ўстановах адукацыі. Мы ведаем, што калі ў вялікіх гарадах гэтая праблема не была вельмі вострай, то ў райцэнтрах, у даўно пабудаваных установах адукацыі было цяжка нават прадугледзець уладкаванне пакоя для прыёму ежы. Мы не маглі ў такой сітуацыі пакінуць нашых педагогаў. Такім чынам, у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі неабходныя змяненні ўжо ўнесены, мы чакаем толькі пастанову Савета Міністраў, якая, дарэчы, ужо прайшла этап узгаднення. Думаю, у найбліжэйшы час атрымаем гэты дакумент, па якім і будзем працаваць.
Убачыць кожнага
— Галіновы прафсаюз з’яўляецца самай буйной членскай арганізацыяй ФПБ па колькасці маладзёжных пярвічак. Раскажыце, як удаецца так якасна працаваць з моладдзю.
— Аналізуючы статыстыку, мы ўбачылі, што ў нас каля 33 працэнтаў членаў арганізацыі складае моладзь, таму стварылі ў сябе аддзел па рабоце з моладдзю. Год назад быў запушчаны пілотны праект, калі галіновы прафсаюз фінансаваў сацыяльна значныя ініцыятывы ўстаноў вышэйшай адукацыі. Сёлета мы вырашылі пашырыць гэтую практыку і сярод навучэнцаў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама працуючай моладзі. Так, з бягучага года будзе дзейнічаць новае палажэнне, дзе прадугледжана фінансаванне сацыяльна значных праектаў сярод розных катэгорый моладзі. Мы бачым, што нашы навучэнцы здольныя прыдумаць якасныя праекты і ўкласці ў іх рэалізацыю кожны выдаткаваны рубель. Адзначу праект Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна: студэнты стварылі ваенна-патрыятычны клуб “Рубеж” і на сродкі, выдаткаваныя галіновым прафсаюзам, набылі касцюмы і атрыбутыку для гістарычных рэканструкцый. Дарэчы, кіраўніком праекта з’яўляецца студэнт універсітэта.
З моладдзю неабходна працаваць. І мы гэта дакладна разумеем. Пару тыдняў назад усе перажылі ўсплёск актыўнасці так званай “ПВК Родан”. Здавалася б, нічога не прадвяшчала бяды, праблема ўзнікла літаральна з паветра… Мы бачым, што нельга расслабляцца, бяда можа прыйсці збоку, адкуль яе ніхто не чакаў. Тут важна давесці падлеткам, што за любое сваё дзеянне яны будуць несці адказнасць. І давесці гэта павінны мы, дарослыя, педагогі, члены ўсіх грамадскіх арганізацый, а не толькі галіновага прафсаюза. Нам важна выхаваць пакаленне патрыётаў, а не пакаленне спажывальнікаў.
Сучасныя маладыя людзі, па маім меркаванні, разумнейшыя і смялейшыя за нас. Яны пастаянна самаўдасканальваюцца, безупынна шукаюць спосабы зарабіць грошай, узбагаціцца новымі ведамі. Тыя юнакі і дзяўчаты, якія хочуць вырасці ў прафесіяналаў, гэта дакладна разумеюць. Я вельмі часта сустракаюся з моладдзю і радуюся, калі бачу іх светлыя, прыгожыя, разумныя твары і вочы, якія гараць новымі ідэямі. Для галіновага прафсаюза стала практыкай накіроўваць наймальнікам інфармацыйныя пісьмы, калі да іх прыходзіць на работу малады прафсаюзны актывіст. Мы гэта робім, каб нашы актывісты не згубіліся ў новым працоўным калектыве.
Мы ўпэўнены, што прэстыж настаўніка варта ўмацоўваць. Як паказвае практыка, нам разам з Міністэрствам адукацыі і Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка ўдаецца прыцягваць у педагогіку лепшую моладзь.
Нашы маладзёжныя лідары наладжваюць зносіны і абменьваюцца вопытам з маладымі калегамі з краін СНД, Егіпта, Турцыі. Такое супрацоўніцтва мы будзем працягваць. Нам ёсць чаму павучыцца і чым падзяліцца.
— Работа з ветэранамі — залатым фондам галіновага прафсаюза — яшчэ адзін важны кірунак дзейнасці?
— Згодна з вамі. У кожнай вобласці мы маем ветэранскую арганізацыю. Мы запрашаем ветэранаў працы на ўсе мерапрыемствы, якія праводзім, аказваем матэрыяльную дапамогу. У рэгіёнах і на месцах работа з ветэранамі не зводзіцца толькі да віншавання з юбілейнымі датамі, ім аказваецца дапамога па гаспадарцы — у любой рабоце, якая ім неабходна. Праўда, нашы ветэраны — людзі надзвычай сціплыя: калі мы самі да іх не прыйдзем, то яны могуць і не папрасіць аб дапамозе. Таму мы не чакаем іх просьбаў, а ідзём да ветэранаў працы самі. Для нас гэта вельмі ганарова, бо ветэраны — наш фундамент, і мы не маем маральнага права пра іх забываць.
Толькі разам
— Надоечы прайшоў пленум галіновага прафсаюза. Што б вы хацелі сказаць яго ўдзельнікам і ўсім чытачам “Настаўніцкай газеты”?
— Мы пражылі няпросты 2022 год, аднак нам многае ўдалося. Наперадзе таксама сур’ёзны год, калі мы будзем рыхтавацца да адзінага дня галасавання. Задач у нас шмат. Хачу падзякаваць асабіста кожнаму члену прафсаюза і ўсім сацыяльным партнёрам за штодзённую сумесную плённую працу. Толькі разам мы здольны вырашаць усе пытанні, якія знаходзяцца на парадку дня.
Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА,
а таксама з архіва Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі