Франтавікі, Баяны, аднасельцы,
Насельнікі аблок і гарадоў…
Усё ў адным шчасліва-горкім сэрцы:
Гісторыя. Трагедыя. Любоў.
Я.Янішчыц
Педагог, былы дырэктар школы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Васільевіч Бурдыка — часты госць нашай навучальнай установы. На такіх сустрэчах разумееш, як трэба жыць, каб захаваць мір і спакой на нашай зямлі. Дарэчы, у верасні ветэрану споўнілася 97 гадоў.
Па краі жыцця
У.В.Бурдыка скончыў 6 класаў, калі пачалася вайна. Хутка ў вёсцы з’явіліся карнікі. Раззлаваныя, яны збіралі алей, яйкі. Ніхто і не думаў, што яны будуць паліць старых і дзяцей, страляць людзей. У лясах былі партызанскія атрады, якія складаліся з савецкіх ваеннапалонных і мясцовага насельніцтва пад кіраўніцтвам партыйных камітэтаў, сфарміраваных у першыя гадзіны вайны. Усе, хто мог трымаць у руках зброю, сталі на абарону малой радзімы і вялікай Айчыны.
Немцы ўмацавалі ваенныя гарнізоны. Найбліжэйшыя былі ў Лепелі і ў раённым цэнтры Ушачы. Дзень і ноч гарэлі вёскі, штабнавалі кулямёты. Дайшла чарга і да роднай вёскі Замошша. На той час сям’я Бурдыка была партызанскай. Старэйшы брат адправіўся ў партызанскі атрад. Уладзіміру ішоў 14-ы год.
Ветэран успамінае: “Быў люты 1942 года. Аднойчы раніцай мы пачулі нямецкую стральбу, з-за павароту ў кірунку нашай вёскі паказаліся карнікі. Я вярхом на кані паскакаў у лес да партызанаў. Уцёк дзякуючы нашай гарыстай мясцовасці, рэдкалессю, ды і да вялікага лесу было не больш за паўкіламетра. Спыніў мяне партызанскі патруль, дапытаў і павёў да камандзіра. Партызаны мяне накармілі, абагрэлі ў зямлянцы, апранулі ў што прыйшлося. Так я быў залічаны ў атрад імя Л.М.Даватара брыгады імя П.К.Панамарэнкі. Спачатку быў на пабягушках, дапамагаў кухару, мяне вучылі страляць, упраўляцца з нажом. Потым пасылалі ў разведку — падрывалі масты, чыгуначнае палатно ў раёне Полацка, Віцебска, Лепеля. Было страшна цёмнай ноччу падлетку ісці на заданне, хоць у засадзе сядзелі партызаны, якія страхавалі мяне. Шмат разоў бачыў, як у паветра ляцелі з агнём і дымам цэлыя склады са зброяй і немцамі. Гэта была наша вялікая радасць, наша маленькая перамога. Словам, кожны дзень я хадзіў па краі жыцця. Часта думаў у роспачы: “Я жывы ці нежывы?”
Знаходзячыся ў партызанскім атрадзе, даведаўся, што ўсіх жыхароў вёскі Замошша павезлі ў Германію (сярод іх былі і мае бацькі), а вёску спалілі.
Самым напружаным момантам партызанскага жыцця была аперацыя “Прарыў” недалёка ад гарадскога пасёлка Ушачы. Значную колькасць партызанскіх атрадаў Полацка-Ушацкага фарміравання немцы трымалі ў блакадзе вясной 1944 года. Кола рэзка сціскалася, адчувалася перавага нямецкай тэхнікі. Партызаны апынуліся ў акружэнні: лес, балота, возера, халодная вясновая вада, голад, людзі хварэлі на каросту. Але ўсё ж перамаглі, прарвалі кола нямецкага акружэння. Прарваліся, таму што ненавідзелі ворага, змагаліся за сваю свабоду і за будучыню.
Неўзабаве падаспелі войскі рэгулярнай Чырвонай Арміі, да якіх далучыліся партызаны, і Беларусь была вызвалена. Партызаны з войскамі Чырвонай Арміі пагналі немца на захад”.
Уладзіміру было няпоўных 16 гадоў, калі ён пайшоў у ваенкамат прасіцца добраахвотнікам на фронт. Ваенкам патлумачыў, што ён у такім узросце прызыву не падлягае. А ў гэты час праз пасёлак ішла артылерыйская калона. Юнак знайшоў выхад: ускочыў на машыну вайсковай часці (меў партызанскі дакумент) — і на фронт. Яго ўзялі ў артылерыю, выдалі салдацкую форму, улічылі партызанскія заслугі і прызначылі трэцім падносчыкам снарадаў. Так ён дайшоў да Одэра.
Вайну Уладзімір Бурдыка скончыў на нямецкай зямлі. За ваенныя заслугі атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны II ступені і шматлікія медалі.
Даведаўся, што з Нямеччыны вярнуліся пешшу яго бацькі, аднавілі хату…
Настаўніцкі дуэт
Пасля Перамогі будучы педагог вучыўся ў школе малодшага авіяцыйнага стралка, 8 гадоў тэрміновай службы правёў пад Кобрынам у авіяцыі. Пасля заканчэння службы паехаў да брата ў Докшыцкі раён. Якаў Васільевіч быў спачатку дырэктарам Барсукоўскай школы, а потым загадчыкам РАНА Докшыцкага раёна.
І пачалося для Уладзіміра Васільевіча новае жыццё: яго накіравалі на работу настаўнікам фізічнай культуры і ваеннай справы ў Параф’янаўскую школу. У 1953 годзе ён сустрэў свой лёс, ажаніўся. Разам з жонкай вучыўся ў Віленскім настаўніцкім інстытуце, завочна яны працягнулі вучобу ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.М.Горкага, былі адразу залічаны на 3 курс. Практычна разам пачыналі і свой працоўны шлях. Шчыравалі ў Параф’янаўскай, Сітцаўскай школах. Пазней разам з жонкай Уладзімір Васільевіч працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Заборцаўскай школе, стаў яе дырэктарам.
Уладзімір Васільевіч і Ядвіга Іосіфаўна вучылі і выхоўвалі вясковых дзяўчынак і хлопчыкаў. Яны аддалі любімай прафесіі 38 гадоў.
…У верасні Уладзіміру Васільевічу споўнілася 97 гадоў. Разам з ім пражывае дачка Людміла, прыязджае сын Павел. Ветэран ужо не можа трымаць гаспадарку, але дагэтуль крыху водзіць уласны аўтамабіль, чытае без акуляраў, вядзе здаровы лад жыцця. У час сустрэч з вучнямі і настаўнікамі заўсёды заклікае любіць сваю Радзіму, ганарыцца ёй, падтрымліваць мір і спакой нашых грамадзян, верыць у светлую будучыню нашай зямлі. Бо гэтага хацелі тыя, каго побач ужо няма. Гэта як пасланне нам, сённяшняму пакаленню, з таго грознага ваеннага часу, якое мы павінны зберагчы і перадаць нашчадкам. Гэта яшчэ жывая гісторыя, бясцэнны вусны аповед аб горкіх ваенных гадах.
Тамара КАЛЯГА,
настаўніца гісторыі Сітцаўскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна