Больш за 700 студэнтаў з 51 установы вышэйшай адукацыі нашай краіны сабраліся пазаўчора на футбольным манежы Брэста для ўрачыстага адкрыцця Рэспубліканскай універсіяды — 2019, якая праводзіцца па ініцыятыве міністэрстваў адукацыі, спорту і турызму Беларусі, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.
У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі міністр адукацыі І.В.Карпенка, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры С.Б.Рэпкін, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту А.В.Багдановіч, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Г.І.Барысюк, рэктары УВА, кіраўнікі федэрацый (асацыяцый) па розных відах спорту, заслужаныя дзеячы культуры і спорту, вядучыя спартсмены краіны. Ганаровыя госці пажадалі ўдзельнікам універсіяды ўпэўненасці ў сваіх сілах і бліскучых перамог у гонар Радзімы.
— Развіццё студэнцкага спартыўнага руху — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, — адзначыў міністр адукацыі І.В.Карпенка. — Гэты рух адыгрывае важную ролю ў прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод моладзі і фарміраванні спартыўнага рэзерву краіны. Высокія вынікі, атрыманыя студэнтамі-спартсменамі на розных спартыўных спаборніцтвах, умацоўваюць імідж Беларусі ў свеце. Так, нашы студэнты паспяхова выступілі на сёлетняй Сусветнай зімовай універсіядзе ў Краснаярску (Расія), дзе заваявалі два залатыя і сярэбраны медалі. На рахунку беларускіх студэнтаў — каля 230 медалёў рознай вартасці, узятых на сусветных універсіядах.
У 2012 годзе ў нашай краіне была створана Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту, дзейнасць якой накіравана на падтрымку студэнцкага спорту і заахвочванне студэнтаў-пераможцаў міжнародных спаборніцтваў. Цэнтральнае месца ў сістэме масавага студэнцкага спорту займае Рэспубліканская ўніверсіяда. Гэта выдатная пляцоўка для паказу спартыўных здольнасцей і прапаганды спартыўнай культуры. Задача ўстаноў вышэйшай адукацыі — дапамагчы студэнтам знайсці від спорту па душы і стварыць умовы для рэалізацыі сябе ў ім. Тады, магчыма, на гарызонце спартыўнай Беларусі запаляцца новыя алімпійскія зоркі.
Удзельнікі мерапрыемства прайшлі спартыўным марш-парадам, вынеслі сцяг універсіяды і запалілі Полымя міру ІІ Еўрапейскіх гульняў, пасля чаго міністр адукацыі і іншыя афіцыйныя асобы ўзнагародзілі пераможцаў і прызёраў мінулагодняй універсіяды. У яе спаборніцтвах, якія праводзіліся па 34 відах спорту, летнім і зімовым мнагаборстве “Здароўе”, прынялі ўдзел больш за 9 тысяч студэнтаў з 47 УВА. Наймацнейшыя вызначаліся ў 4 групах. Сярод лепшых — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання.
Пачалася сёлетняя Рэспубліканская ўніверсіяда са спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.