Ігуменская завея

- 11:11Навіны рэгіёнаў

Выхаванне падрастаючага пакалення — гэта той базавы складнік, які шмат у чым вызначае дзейнасць усёй сістэмы адукацыі. У аснове канцэпцыі работы з вучнямi ў Чэрвеньскім раёне ляжыць выбудаваная мадэль эфектыўнай, актыўнай, творчай, інтэлектуальнай занятасці навучэнцаў.

Немалаважная роля, у тым ліку і пры арганізацыі работы ў шосты школьны дзень, адводзіцца на Чэрвеньшчыне развіццю інтэлектуальнага руху сярод школьнікаў. Вялікую падтрымку ў арганізацыі дзейнасці ў гэтым напрамку аказвае раённы клуб інтэлектуальных гульняў “Ігумен” пад кіраўніцтвам Ірыны Іванаўны Вабішчэвіч. Клуб аб’ядноўвае разумнікаў і разумніц розных узростаў на працягу ўжо 20 гадоў. У клубе ёсць дзіцячыя каманды і каманды дарослых.

Навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі разнастайных інтэлектуальных чэмпіянатаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Па выніках 2015/2016 навучальнага года каманда “Грэлкі” прызнана чэмпіёнам Мінскай вобласці сярод ювеналаў, а каманда “45lines” — віцэ-чэмпіёнам Мінскай вобласці сярод юніёраў.

У 2016/2017 навучальным годзе паспяхова выступаюць каманды “Голас Еці”, “Бермудскі васьмівугольнік”, “Абжоры Жоры”.

На Чэрвеньшчыне практыкуецца правядзенне раённых інтэлектуальных турніраў. “Візітоўкай” інтэлектуальнага руху ў раёне стаў Міжнародны фестываль інтэлектуальных гульняў “Ігуменская завея”. Сёлета ён прайшоў на базе сярэдняй школы № 4 Чэрвеня 19-ы раз. Арганізатарамі турніру з’яўляюцца аддзел адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама і раённы клуб інтэлектуальных гульняў “Ігумен”. Сярод удзельнікаў — каманды інтэлектуалаў з Каралёва Расійскай Федэрацыі, прадстаўнікі Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей і Мінска. Усяго ўдзел у спаборніцтве ўзяла 31 каманда.

Фестываль складаўся з некалькіх інтэлектуальных спаборніцтваў. Рэдактарам гульняў “Што? Дзе? Калі?” і “Мяцеліца” традыцыйна выступіў адзін з заснавальнікаў беларускага інтэлектуальнага руху Леанід Клімовіч. Аўтарам гульні “Ігуменскія соты” стала І.І.Вабішчэвіч, трэнер каманд інтэлектуалаў Чэрвеня. Аўтар “Медыя-азбукі” — выпускнік Чэрвеньскай гімназіі, у недалёкім мінулым удзельнік школьных турніраў Іван Манжулін. Вялікую дапамогу ў правядзенні фестывалю аказаў Вадзім Кузміч, намеснік дырэктара Беларускай лігі інтэлектуальных каманд па дзіцячым спорце, рэгіянальны прадстаўнік лігі па Мінскай вобласці.

У выніку ўладальнікам Кубка “Ігуменскай завеі” стала каманда Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя “Ваўкі з Сярова-стрыт”. Сярод юніёраў лепшымі былі прадстаўнікі каманды Perpetuum mobile гімназіі № 1 Салігорска.

Галіна ШАЦЕРНІК.
Фота Наталлі КАРАЛЬКЕВІЧ.