Прафесар У.В.ГАЛЯНКОЎ: “Інжынер у галіне штучнага інтэлекту павінен быць адначасова і вучоным”

- 15:30Суразмоўца

Нядаўна ў Мінску на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі прайшла маштабная міжнародная навукова-тэхнічная канферэнцыя ў галіне штучнага інтэлекту — OSTIS (Open Semantic Technology for Intelligent Systems). У ёй прынялі ўдзел спецыялісты з розных краін, а таксама аспіранты, магістранты і студэнты вядучых універсітэтаў у гэтай галіне. У рамках канферэнцыі прайшоў конкурс студэнцкіх праектаў інтэлектуальных сістэм, а таксама конкурс дакладаў маладых вучоных і конкурс праектаў маладых вучоных.

Згаданая канферэнцыя праходзіла ў БДУІР ужо сёмы раз, і арганізатары адзначаюць, што цікавасць да яе з кожным годам узрастае. Пра тое, як развіваецца штучны інтэлект, якія перспектывы і, магчыма, небяспекі тояць у сабе інтэлектуальныя сістэмы, што прыцягвае моладзь у гэтай навукова-тэхналагічнай сферы, нам расказаў загадчык кафедры інтэлектуальных інфармацыйных тэхналогій БДУІР, доктар тэхнічных навук, прафесар У.В.ГАЛЯНКОЎ.

— Распрацоўка інтэлектуальных сістэм, у адрозненне ад звычайнага праграмавання, — вельмі навукаёмістая сфера. Як вам, Уладзімір Васільевіч, удаецца прыцягваць на канферэнцыю OSTIS, вядомую высокім навуковым узроўнем, так шмат моладзі?

— Мы пастараліся зрабіць канферэнцыю цікавай і карыснай для моладзі. Для аспірантаў яна каштоўная тым, што стварае патрэбнае ім жывое навуковае асяроддзе, а для студэнтаў — гэта матывацыя да навуковай дзейнасці. Справа ў тым, што спецыяліст у галіне распрацоўкі інтэлектуальных сістэм незалежна ад таго, займаецца ён навукай ці інжынерыяй, павінен быць як мінімум кандыдатам навук, інакш складана лічыць сябе прафесіяналам у гэтай сферы. Там выкарыстоўваюцца прынцыпова новыя метады, якія пастаянна развіваюцца і ўдасканальваюцца, і без навукі проста не абысціся.

Спецыяліст у згаданай галіне павінен валодаць высокай матэматычнай культурай, гэта значыць умець дакладна і выразна мысліць. Акрамя таго, патрэбен высокі ўзровень сістэмнай культуры — уменне бачыць недахопы сістэмы, схаваныя глыбока ўнутры і зусім невідавочныя знешне, разумець прычыны гэтых недахопаў і шляхі іх пераадолення, адчуваць стратыфікацыю ўзроўняў сістэмы і г.д. Неабходна і тэхналагічная культура, бо для таго, каб удасканальваць распрацоўку складаных сістэм, трэба назапашваць праектны вопыт і афармляць яго ў выглядзе загатовак, якія могуць быць выкарыстаны ў наступных праектах. І, пэўна, самае складанае — гэта чалавечая культура. Для таго каб ствараць сістэмы высокага ўзроўню, патрэбны творчы калектыў, які з’яўляецца вялікай рэдкасцю. Сабраць інжынерны калектыў, дзе ўсё можна дакладна рэгламентаваць, спрагназаваць, пракантраляваць, — не такая ўжо і праблема. А вось сабраць калектыў творчы, здольны распрацоўваць штосьці прынцыпова новае, у тым ліку магутныя інтэлектуальныя сістэмы, — задача не з лёгкіх. І прычына не ў адсутнасці матэматычнай, сістэмнай ці тэхналагічнай культуры — гэта можна набываць і пашыраць. Менавіта чалавечая культура — высокая матывацыя, уменне працаваць у камандзе, разуменне, дзеля чаго ты працуеш, і імкненне атрымаць вынік — дазваляе пераадольваць цяжкасці і дасягаць плёну. І вельмі важна, каб моладзь адчувала менавіта гэтыя бакі прафесійнага жыцця, бачыла іх з блізкай адлегласці, прымярала на сябе.

— Спецыяльнасць “Штучны інтэлект” існуе ў БДУІР ужо больш як 20 гадоў. Скажыце, Уладзімір Васільевіч, куды размяркоўваюцца вышы выпускнікі? Наколькі запатрабаваны на рынку працы згаданыя вамі высокія кампетэнцыі?

— Як і многія выпускнікі БДУІР, нашы выхаванцы часта ідуць працаваць у кампаніі Парка высокіх тэхналогій. У адрозненне ад звычайных праграмістаў, яны больш творчыя, смелыя, лепш адчуваюць аператыўную прастору ў розных варыянтах тэхнічных рашэнняў.

Зрэшты, мы нярэдка назіраем, што ў многіх маладых людзей пад уплывам знешніх умоў творчы пачатак знікае. Ім унушаецца ўстаноўка на тое, каб зарабляць грошы — маўляў, гэта асноўны крытэрый жыццёвага поспеху. У выніку яны адмаўляюцца ад творчай работы на карысць высокіх заробкаў. Але ж крытэрый каштоўнасці чалавека не ў тым, колькі ён зарабляе, а ў тым, што ён стварыў.

Па вялікім рахунку, справа не ў грашах ці іх адсутнасці: нашы выпускнікі могуць без праблем іх зарабіць, бо сусветная запатрабаванасць у падобных спецыялістах вельмі высокая. Справа менавіта ў тым, ці валодаюць маладыя людзі неабходнай энергіяй і матывацыяй для таго, каб рэаліза ваць свае магчымасці; думаюць яны пра тое, колькі будуць зарабляць, ці пра тое, што новае яны здольны стварыць.

Хачу сказаць, што вельмі дрэнна, калі выпускнікі незапатрабаваныя, аднак дрэнная і завышаная запатрабаванасць, як гэта было ў апошнія гады ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Маладыя людзі, якія рана пачынаюць зарабляць вялікія грошы (асабліва калі пры гэтым яшчэ і дрэнна выхаваны), могуць падумаць, што яны стаяць на прыступку вышэй за прафесіяналаў, якія па розных прычынах зарабляюць менш. Гэта заганны сацыяльны вопыт, які вядзе да дэградацыі.

На шчасце, у грамадстве ёсць стабільны працэнт людзей, якія не могуць не ствараць. Напэўна, гэта адзін з фактараў выжывання чалавецтва. Дзеля іх нам і варта праводзіць падобныя канферэнцыі, мы павінны знаходзіць іх і прыцягваць да творчай работы. Жыццё паказвае, што людзі з высокімі даходамі часта зайздросцяць тым, хто, магчыма, менш забяспечаны фінансава, але пры гэтым працуе ў творчым калектыве, займаецца любімай справай, штосьці стварае.

— Уладзімір Васільевіч, давайце вернемся да распрацоўкі інтэлектуальных сістэм, што было асноўнай тэмай абмеркавання на канферэнцыі OSTIS. Як развіваецца гэты напрамак навукі і тэхналогій?

— Распрацоўка інтэлектуальных сістэм — навука тэхнічная, прагматычная, гэта значыць здольная прыносіць рэальную карысць грамадству, і пры гэтым фундаментальная. Яна прапаноўвае прынцыпова новыя мадэлі і метады рашэння інтэлектуальных задач, а галоўнае — даводзіць навуковыя вынікі да такога ўзроўню, каб імі маглі скарыстацца звычайныя інжынеры.

Любая тэхнічная навука павінна параджаць не манаграфіі і справаздачы, а тэхналогіі, што дазваляюць інжынерам, якія не з’яўляюцца глыбокімі тэарэтыкамі, распрацоўваць трактары, аўтамабілі, самалёты і інтэлектуальныя сістэмы.

Сёння ўзровень аўтаматызацыі чалавечай дзейнасці так ці інакш звязаны з выкарыстаннем метадаў і сродкаў штучнага інтэлекту, які адрозніваецца высокай гібкасцю і неабмежаванай здольнасцю да навучання. У свеце ёсць ужо шмат прыкладаў эфектыўнага прымянення сістэм штучнага інтэлекту ў галіне медыцыны, тэхнічнай дыягностыкі, разведкі карысных выкапняў, у тым ліку нафты. Напрыклад, у касмічнай галіне стаіць задача забяспечыць інтэлектуальнае кіраванне касмічнымі апаратамі, каб яны маглі самастойна прымаць пэўныя рашэнні (скажам, не чакаць каманды з Зямлі, калі ёсць небяспека сутыкнення з нейкім целам, а самастойна ўхіліцца ад яго). Ці праект Watson, які ствараецца для таго, каб аглушыць свет магутнасцю кампаніі IBM. Ён будзе разумець любыя пытанні, зададзеныя на побытавай мове, і даваць на іх адказы. Падобныя прыклады сапраўды ўражваюць. На жаль, іх колькасць пакуль невялікая, а запатрабаванасць, наадварот, — высокая.

Праблема інтэлектуальных сістэм заключаецца ў тым, што ствараць іх вельмі складана. Па-першае, не сфарміраваны шырокі інжынерны кантынгент з глыбокім навуковым мысленнем — і гэта сусветная праблема. Акрамя таго, няма даступных і эфектыўных тэхналогій праектавання, якія дазвалялі б спецыялістам хутка і якасна ствараць інтэлектуальныя сістэмы без паглыблення ў тонкасці метадаў і мадэлей штучнага інтэлекту (гэта прыкладна тое ж, як распрацоўшчыку ядзернага рэактара не патрэбна паглыбляцца ў тэарэтычную фізіку).

Небяспека, якой многія апасаюцца, ідзе не ад штучнага інтэлекту, а ад чалавека. Так, мірны атам у чалавечых руках становіцца страшнай сілай, і робаты замест памочнікаў могуць стаць забойцамі. Але навука тут ні пры чым. Трэба выхоўваць чалавека.

Сёння неабходна тэхналогія, якая знізіла б уяўную складанасць штучнага інтэлекту. Яна павінна быць даступнай для інжынераў, каб яны маглі не ўдавацца ў дэталі, і пры гэтым гарантаваць высокую якасць сістэм, якія ствараюцца.

Усё гэта мы і абмяркоўвалі на канферэнцыі OSTIS (Open Semantic Technology for Intelligent Systems). Трэба сказаць, што вучоныя з краін былога СССР зрабілі вялікі ўклад у тэарэтычную распрацоўку штучнага інтэлекту. І ў нас маецца значны патэнцыял для таго, каб рухацца далей. Сёння ёсць шмат нявырашаных задач, але я вам гарантую, што любая задача, якая пастаўлена, будзе вырашана вучонымі. Вядома, хацелася б, каб мы таксама прыклалі да гэтага руку. Ці, прынамсі, нашы вучні.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.