Ведаць свае правы і абавязкі

- 17:01Нам пішуць

Вельмі часта ў школе настаўнікі звяртаюцца да гэтай тэмы: праводзяцца класныя гадзіны, пазакласныя мерапрыемствы. У дзіцяці як у раўнапраўнага члена грамадства ёсць правы. Але часта  дзеці забываюць, што ў іх ёсць яшчэ і абавязкі.

Бацькі часта не могуць зрабіць свайму дзіцяці ніводнай заўвагі. Гэтага ж вучань чакае ад настаўніка, таму і не пераносіць строгага слова. Уся праблема ва ўсёдазволенасці, а як вынік – распушчанасць нашых дзяцей. Такім чынам, мы губляем дзяцей. І атрымліваецца, што адбіраем у іх дзяцінства.

Абавязкам дзяцей павінна быць павага ў адносінах да дарослага чалавека, знаёмага ці незнаёмага, павага да працы іншых. У абавязкі дзяцей павінна ўваходзіць і дапамога па дому. Дзеці і ў школе, і дома павінны быць дысцыплінаванымі, чалавечнымі. Правы дзеці ведаць павінны, але агульнапрынятыя абавязкі і гуманістычныя традыцыі павінны стаць для іх законам жыцця.

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Макранскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Быхаўскага раёна.