А дзе чорная Валя? На вайне і ў школе…

Ёсць чалавечыя ісціны, сфармуляваныя простымі, зразумелымі словамі. Напрыклад: вайна — гэта страшна. Або: нельга жыць мінулым. Ці ўжо адносна прафесіі настаўніка: настаўнік павінен любіць сваіх вучняў. Але само чалавечае жыццё іншым разам не тое што карэкціруе гэтыя ісціны, а як бы паказвае іх у асаблівым святле, адкрывае іх схаваныя падтэксты. Ідучы на сустрэчу з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, кавалерам ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені, Выдатнікам народнай асветы БССР, Заслужаным настаўнікам БССР Валянцінай Мікалаеўнай Такарэўскай, я зусім не думаў, што потым пачну свой нарыс пра яе з разваг пра чалавечыя ісціны і іх сэнсы. Але яны самі праявіліся падчас гутаркі з ёй. Як праяўляюцца з гадамі маршчыны на твары. Як праяўляюцца ўсё новыя і новыя зоркі на начным небе, калі доўга ўзірацца ў яго няўзброеным вокам. Як праяўляецца чорна-белы фотаздымак у ванначцы з праявіцелем — жыццё ў акіяне жыццяў. Жыццё, пра якое яна мне расказала.

Яна нарадзілася ў далёкім 1925 годзе ў невялікай вёсачцы Тур’ева Аршанскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і чыгуначніка-механіка Мікалая Сцяпанавіча Такарэўскага і яго жонкі Яфіміі Васільеўны. Валя нарадзілася другой. Раней за яе ў сям’і Такарэўскіх на свет з’явілася Марыя, пазней народзяцца Тамара, Людміла і Генадзь.
З дзіцячых гадоў Валя праявіла выдатныя здольнасці: проста назіраючы за старэйшай сястрой Марыяй, калі тая рабіла ўрокі, запамінала літары, лічбы, вершыкі і такім чынам сама навучылася чытаць, пісаць і нават лічыць. Таму яе адразу прынялі ў трэці клас сямігодкі ў вёсцы Малатынь. Затым вучылася ў аршанскай сярэдняй школе № 36. Скончыўшы яе ў 1940 годзе (у 15 гадоў!), паступіла ў Віцебскі медыцынскі інстытут. Праўда, правучылася там усяго некалькі месяцаў, бо за вучобу трэба было плаціць, а бацькавага заробку чыгуначніка і без таго ледзь хапала на тое, каб пракарміць усю вялікую сям’ю. Таму Валянціна перавялася ў Віцебскі настаўніцкі інстытут на прыродазнаўча-геаграфічны факультэт.

Валяніціна Мікалаеўна і сёння добра памятае дзень 22 чэрвеня 1941 года. Яна якраз была ў інстытуце, займалася нейкімі будзённымі справамі, як раптам з радыёвузла, які знаходзіўся побач з інстытутам, пачулася трывожнае паведамленне пра тое, што на тэрыторыю Савецкага Саюза вераломна ўварваўся вораг.
У той час у Віцебску Валянціна разам з сяброўкай жыла на кватэры ў пракурора, які, безумоўна, у ліку першых віцяблян паспяшаўся ў эвакуацыю, узяўшы разам з сям’ёй і тую Валіну сяброўку. А яна засталася зусім адна. Што было рабіць, куды было кідацца, калі ўвесь горад у прадчуванні блізкага пажару пераўтварыўся ў суцэльны вэрхал? Узяўшы з сабой толькі коўдру і мінімум самых неабходных рэчаў, яна ўсё-такі яшчэ паспела сесці на цягнік да Оршы, але да Оршы ён не дайшоў, спыніўся за некалькі дзясяткаў кіламетраў. Адтуль Валянціна пехатой дабралася да станцыі Смальяны пад Оршай, дзе жыла яе сям’я. Тады яна яшчэ не ведала, што гэты пройдзены пехатой шлях да роднага дома быў толькі пачаткам яе доўгіх блуканняў сцежкамі вайны.

На Валінага бацьку, які быў не проста чыгуначнікам, але і тэхнікам-сувязістам і лёгка мог адрамантаваць радыё ды іншыя тэхнічныя прылады, хутка выйшлі партызаны. Паліцаі высачылі гэта, і Мікалая Сцяпанавіча арыштавалі. Толькі нейкім цудам яму ўдалося вызваліцца падчас нейкай заварухі, але дадому, зразумела, ён ужо не вярнуўся і са старэйшай дачкой Марыяй сам пайшоў у партызанскі лес.
На той момант фашысты ўжо спалілі станцыю Смальяны, а разам з ёй і арандаваны домік, у якім жыла сям’я Такарэўскіх. Класічнага прыватнага дома з гаспадаркай і агародам у Такарэўскіх не было, і таму Валянціне разам з роднымі даводзілася ў літаральным сэнсе блукаць па пакутах — з адной вёскі ў другую, з адной хаты ў іншую, ад адных добрых людзей да другіх, якія на пэўны час давалі Такарэўскім прытулак.
А аднойчы падчас аблавы ў вёсцы Высокае немцы сагналі ўсю моладзь і змясцілі ў працоўны лагер. Там Валянціна напоўніцу зведала ўсе выгоды новага нямецкага парадку для неарыйцаў: гнілая бульба на снеданне, абед і вячэру, халодныя нары ў якасці пасцелі, паўсюдны бруд і адсутнасць усялякай гігіены, бясконцы маральны і фізічны здзек з боку фашысцкіх прыслужнікаў-наглядчыкаў… А яшчэ невыносная адзінота, бо ў Высокім Валянціна амаль нікога не ведала. За што ўсё гэта было сямнаццацігадовай дзяўчыне, якая марыла вучыцца і стаць настаўніцай хіміі?

Прамучыўшыся так некалькі месяцаў, Валянціна вырашыла пайсці на хітрасць: абвязалася нейкімі анучамі і пайшла да выхаду. Цудам прымусіла паверыць вартавога немца, што яна больш не можа трываць невыносны зубны боль і ідзе да вясковага фельчара па дапамогу. Так вось і выбралася з таго пекла, але зноў-такі… куды было ёй ісці? А шлях быў адзіны — у партызаны. Балазе яшчэ і фізічныя даныя Валянціны як найлепш дазвалялі ёй займацца тым, у чым бы ніколі не западозрылі маленькую дзяўчынку. А на выгляд яна, сямнаццацігадовая, была менавіта такой: маленькай, нізенькага росту, худзенькая — акурат дванаццаці- ці ад сілы трынаццацігадовае дзяўчо-падлетак. Хіба яно будзе партызаніць?! Хіба яно будзе збіраць такія каштоўныя для партызанаў звесткі, як колькасць эшалонаў, якія праходзілі ў кірунку “Орша — Віцебск”?! Хіба яно будзе папярэджваць моладзь у навакольных вёсках пра аблавы, якія маюць адбыцца?! Хіба яно будзе дапамагаць ваеннапалонным чырвонаармейцам, якія хаваліся на гарышчах вясковых хат, выйсці да партызанаў?! А ўсім гэтым і займалася Валянціна, будучы сувязной партызанскага атрада імя К.Я.Варашылава 1-й партызанскай брыгады імя К.С.Заслонава. Дарэчы, многія з важных звестак, у прыватнасці пра аблавы, якія рыхтавалі немцы, ёй паведамляў стараста Смальян — потым ён будзе расстраляны гітлераўцамі.

У такіх партызанскіх клопатах міналі для Валянціны месяцы вайны, а тым часам да яе мамы бясконца наведваліся паліцаі з адным і тым жа пытаннем: “А дзе чорная Валя? А дзе чорная Валя?” (У Валянціны былі чорныя, як смоль, валасы.) Яфімія Васільеўна, канечне, пра ўсё ведала, але заўсёды адказвала адно: “Адкуль мне ведаць?” Аднойчы арыштавалі і яе, але цудам, дзякуючы знаёмаму паліцаю, удалося выратавацца. “Як ні дзіўна, на вайне таксама здараюцца цуды…” — заўважае Валянціна Мікалаеўна і робіць у сваім расповедзе паўзу.
А я, карыстаючыся гэтай паўзай, задаю ёй дзіцячае пытанне: “На вайне, у партызанах ці было вам страшна?”
“Страшна? — крыху нават губляецца Валянціна Мікалаеўна і тут жа робіцца вельмі сур’ёзнай. — Як вам сказаць… Вайна — гэта вельмі страшна. Магчыма, найбольш страшна было ад таго, што жылі мы толькі адным днём. Мы не ведалі, што будзе заўтра і ці будзем мы самі ў гэтым заўтра. Страшным быў голад, калі мы збіралі пасля зімы мерзлую бульбу, сушылі яе, малолі, а потым пяклі хлеб… Але ведаеце, што я хачу яшчэ сказаць. Вось вы назіраеце, што сёння робіцца ва Украіне, які там кашмар. А ім там страшна? Мабыць, вельмі страшна. Але людзі пад кулямі ходзяць на работу, жанчыны з сумкамі прадукты на рынку купляюць, дзеткі валтузяцца ў пясочніцах і гільзы знаходзяць… Жыццё працягваецца, хоць і страшна. Ва Украіне так ужо некалькі месяцаў. А мы жылі так тры гады”.
Слухаю далей яе расповед пра пасляваенныя гады.

Адразу пасля вызвалення Беларусі Валянціна Такарэўская нейкі час працавала ў Малатнянскім сельсавеце сакратаром. Потым аднавілася ў Віцебскім настаўніцкім інстытуце, які скончыла з адзнакай у 1946 годзе. Яе, перспектыўную і адказную выпускніцу, угаворвалі застацца ў інстытуце ўжо ў якасці навуковага супрацоўніка, прапаноўвалі ўзначаліць навуковыя лабараторыі хіміі, біялогіі, геаграфіі. Але яна ўсё-такі абрала настаўніцкі шлях. Спачатку лёс закінуў яе ў Свіслач, дзе ў сярэдняй школе яна выкладала біялогію. Потым два гады, з 1949-га па 1951-ы, працавала метадыстам па біялогіі ў Гродзенскім абласным інстытуце ўдасканалення настаўнікаў, з
1951-га па 1954-ы выкладала біялогію і хімію ў Гродзенскай абласной завочнай школе, а з 1954-га па 1957-ы — гэтыя ж дысцыпліны ў Радунскай сярэдняй школе. У 1956 годзе, імкнучыся ўдасканаліць сваё педагагічнае майстэрства, паступіла на завочнае аддзяленне ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М.Кірава, які бліскуча скончыла ў 1959 годзе. На той час у Валянціны Мікалаеўны з яе любімым мужам Рыгорам было ўжо двое дзяцей — дачка Тамара і сын Саша.
У 1957 годзе сям’я перабралася ў сталіцу, дзе Валянціна Мікалаеўна на чвэрць века “пасялілася” ў мінскай сярэдняй школе № 37. З 1957-га па 1970-ы працавала там настаўніцай хіміі, а з 1970-га па 1981-ы — намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. З 1981-га па 1995-ы працавала настаўніцай хіміі ў 86-й мінскай сярэдняй школе. Агульны працоўны стаж Валянціны Мікалаеўны складае 49 гадоў! Акрамя таго, у перыяды з 1965-га па 1967-ы і з 1969-га па 1971-ы яна з’яўлялася дэпутатам Мінскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных.

Валянціна Мікалаеўна паказвае мне ладны стос ганаровых грамат — сведчанняў яе прафесійных поспехаў. Насамрэч цяжка сказаць, колькі ў яе іх, гэтых грамат, пачынаючы ад падпісаных загадчыкамі раённых і гарадскіх аддзелаў народнай асветы і заканчваючы граматамі міністэрстваў народнай асветы БССР і нават СССР. Можа, 50, а можа, і ўсе 100! А Валянціна Мікалаеўна тым часам, усміхаючыся, гаворыць, што палову, тыя, якія былі без вокладак, даўно павыкідала…
Тым часам з нейкім шчымлівым замілаваннем і бясконцай любоўю яна расказвае пра гады настаўніцтва, асабліва ў 37-й мінскай сярэдняй школе. Пра тое, як у класах тады было і па 40 вучняў, сядзелі па трое за адной партай. Пра тое, што трапляліся сярод іх розныя, былі і вельмі няпростыя, але тым цікавей было з імі працаваць. Пра тое, як не чула яна школьных званкоў, захапіўшыся ўрокам, і дзеці самі яе перапынялі: “Валянціна Мікалаеўна, а даўно ж ужо званок празвінеў…”

Я прашу яе расказаць пра тое, што наогул яна думае пра настаўніцкую прафесію, магчыма, звярнуцца з нейкімі пажаданнямі да тых настаўнікаў, якія працуюць у школе сёння, і яна ахвотна дзеліцца сваімі думкамі: “Безумоўна, настаўнік павінен любіць сваіх вучняў, бачыць у іх асобу. Гэта бясспрэчная ісціна. Але што такое гэта — любіць сваіх вучняў? Гэта зусім не значыць, што ім трэба ва ўсім патураць, заплюшчваць вочы на іх нядобрасумленнасць і, напрыклад, дзеля добрых статыстычных паказчыкаў “маляваць” ім добры атэстат без ніякіх на гэта падстаў. У свой час мяне некалькі гадоў запар вылучалі на атрыманне звання “Заслужаны настаўнік Беларускай ССР” і не зацвяр-джалі. А ведаеце чаму? Аднойчы я сама прысутнічала на рэспубліканскай нарадзе з удзелам міністра народнай асветы. Калі ў які ўжо раз узнялі пытанне пра мяне, той падняўся і кажа: “Ну, мы, канечне, вельмі прыглядаемся да гэтай настаўніцы. Але зноў не можам даць ёй заслужанага, бо за гэты год яна паставіла 11 двоек”. (Смяецца. — Заўв. М.Ч.) Ну, але як было мне не ставіць тыя двойкі? Я заўсёды ішла на прынцып: калі чалавек не хоча вучыцца і нават не напружваецца, каб падцягнуць прадмет, ну дык хай і атрымлівае тое, што заслугоўвае! А сёння часта заплюшчваюць вочы і “малююць” гэтыя “шасцёркі” відавочным двоечнікам. Не, гэта не любоў да вучняў. Сапраўдная любоў да вучняў мае на ўвазе і вялікую патрабавальнасць да іх, імкненне даць ім як мага больш ведаў. А яшчэ, мне здаецца, настаўнікі сёння сталі значна менш увагі ўдзяляць рабоце з бацькамі. Нам у свой час было дастаткова прагулу вучнем аднаго ўрока, каб выклікаць у школу яго бацькоў. А цяпер да гэтага, па-мойму, ставяцца не так сур’ёзна. А ўвогуле… трэба проста сумленна жыць і працаваць. І трэба людзям рабіць дабро”.

Пытаюся ў Валянціны Мікалаеўны, як яна будзе сустракаць 3 ліпеня. “А як буду сустракаць? Ну, не пайду ж я на парад… Па тэлевізары яго пагляджу. А потым пачнуць круціць ваенныя фільмы, дык я іх не гляджу, бо няпраўду там паказваюць, не тое, што было на вайне. Вайна — гэта страшна… Мы з вамі пра гэта ўжо гаварылі”.
І мне робіцца сорамна і за сваё пытанне, і за тое, што наша размова доўжыцца ўжо больш за паўгадзіны. Я ж не сляпы, я ж усё бачу: як цяжка ёй хадзіць (перамяшчаецца па кватэры Валянціна Мікалаеўна пры дапамозе спецыяльнай прылады), як цяжка ёй доўга гаварыць… Тым больш даведваюся пра тое, што муж Валянціны Мікалаеўны памёр 2 ліпеня. Штогод 2 ліпеня яна лічыць гады, пражытыя без чалавека, які быў ёй жыццёвай апорай, а 3 ліпеня — гады, пражытыя без таго ваеннага “страшна”. Гора і радасць сустрэліся ў канкрэтным чалавечым лёсе.

…Калі пасля гутаркі з Валянцінай Мікалаеўнай я вяртаўся дадому, у галаве чамусьці назойліва пачало круціцца пытанне, з якім некалі бясконца прыходзілі да яе маці паліцаі: “А дзе чорная Валя? А дзе чорная Валя?” У вачах стаяў яе вобраз — прыемнай акуратнай бабулі з добрымі яснымі вачыма… Паспрабаваў абстрагавацца і забыць пра тое, з чыіх вуснаў злятала 70 гадоў назад гэтае пытанне, хоць гэта было вельмі няпроста. А дзе чорная Валя? А дзе яна сёння — ужо даўно не чорная, а пасівелая, і не Валя, а Валянціна Мікалаеўна Такарэўская? Па-ранейшаму — на вайне і ў школе. Усімі сваімі думкамі і душой, а яшчэ памяццю, якая насуперак імкліваму бегу часу не сівее.

 

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.