А музыка гучыць!

- 9:43Людзі адукацыі

Святлану Рустамаўну Фёдараву любяць і паважаюць у гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна, у якой яна працуе настаўніцай музыкі больш за 31 год. Калегі лічаць яе чулым і справядлівым чалавекам, готовым заўсёды прыйсці на дапамогу. Святлана Рустамаўна ганарыцца сваімі  навучэнцамі, многія з якіх неаднаразова станавіліся пераможцамі ў конкурсах рознага ўзроўню.

Любоў да музыкі Святлане Фёдаравай прывіла настаўніца па класе фартэпіяна Наталля Яўгенаўна Палтарак. Менавіта дзякуючы прафесіяналізму педагога дзяўчынка вырашыла звязаць сваю будучую прафесію з музыкай. Для дасягнення сваёй мары Святлана Рустамаўна паступіла і ў 1984 годзе скончыла Віцебскае музычнае вучылішча па спецыяльнасці “Выкладчык па класе фартэпіяна, канцэртмайстар”. Зараз яна таксама з удзячнасцю ўспамінае свайго таленавітага педагога  Юлію Пятроўну Іванову, пад пільным кіраўніцтвам якой дзяўчына вучылася  асновам прафесійнага майстэрства ігры на фартэпіяна і выкладання музыкі.

Першым працоўным месцам для маладога спецыяліста стала школа мастацтваў у Бешанковічах Віцебскай вобласці, дзе Святлана Рустамаўна працавала ў якасці настаўніцы па класе фартэпіяна і канцэртмайстра. Тут яна адчула і першыя поспехі ў прафесіі, і першыя цяжкасці. Але хацелася працаваць з дзецьмі, вучыць іх музыцы, а яшчэ ўзнікла патрэба ў павышэнні свайго прафесійнага ўзроўню. Святлана Рустамаўна прымае рашэнне ехаць да сваіх родных і паступае ў Таджыкскі дзяржаўны інстытут мастацтва па спецыяльнасці “Музыка і спевы. Настаўнік музыкі”, які скончыла з адзнакай.

З 1989 года Святлана Рустамаўна працуе ў гімназіі № 3 Віцебска настаўніцай музыкі. У пачатку педагагічнай дзейнасці ў рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі значную метадычную дапамогу ёй аказала настаўніца музыкі нашай гімназіі Ала Фёдараўна Альхоўская.

Навучэнцы гімназіі любяць наведваць заняткі музыкі, якія праводзіць Святлана Рустамаўна, таму што яна ўважліва падыходзіць да праграмы падрыхтоўкі кожнага вучня з улікам яго індывідуальных і ўзроставых асаблівасцей. Настаўніца музыкі свае заняткі праводзіць цікава, выкарыстоўваючы метад Гофмана, часткова-пошукавы, метад запаволенай кінаплёнкі, накіраваныя на фарміраванне навыкаў ігры на фартэпіяна. Святлана Рустамаўна спалучае ў сваёй педагагічнай дзейнасці асобасна арыентаваны падыход і здароўезберагальныя тэхналогіі.

Зацікаўленасць і стараннасць навучэнцаў прыносяць свае высокія вынікі, аб чым сведчаць іх паспяховыя выступленні на акадэмічных канцэртах, конкурсах. Вучні Святланы Рустамаўны актыўна ўдзельнічаюць у канцэртным  жыцці гімназіі, горада. Гэта і штогадовыя канцэрты для ўдзельнікаў вучэбных класаў, і канцэрты гімназічнай філармоніі: “Музычная казка”, “Пушкін і музыка”, “Музыка барока”, “Па кантынентах і краінах”, а таксама канцэрты на гарадскіх пляцоўках.

У 2011 годзе Святлане Рустамаўне была прысвоена вышэйшая катэгорыя настаўніка музыкі. Сваёй асноўнай задачай у штодзённай рабоце яна лічыць стварэнне ўмоў для музычнай адукацыі і выхавання навучэнцаў,  іх развіцця праз вывучэнне музычных твораў.

На працягу апошніх 10 гадоў педагог мэтанакіравана працуе над праграмай “Адораныя дзеці”. Навучэнцы Святланы Рустамаўны неаднаразова былі ўзнагароджаны дыпломамі і падзякамі за ўдзел у конкурсах і фестывалях рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Так, навучэнец 6 класа Мікалай Шчарбак у 2017 годзе заняў 1-е месца і атрымаў званне лаўрэата на II Міжнародным культурным праекце BYFEST, у 2018 годзе стаў дыпламантам і быў узнагаро­джаны спецыяльным прызам “Надзея” на II Рэспубліканскім адкрытым фестывалі-конкурсе фартэпіяннай музыкі “Музычныя іскрынкі”. Марыя Ніканенка ў 2019 годзе атрымала  званне лаўрэата Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Залатая мара”.

Па меркаванні Святланы Рустамаўны, найбольш яркім і паспяховым  з’яўляўся навучэнец 8 класа Максім Гарлачоў. З 2010 па 2017 год ён стаў пераможцам і лаўрэатам VIII Рэспубліканскага выканальніцкага конкурсу “Маладыя таленты”, XII Міжнароднага дзіцячага конкурсу “Музыка надзей”, Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва  “ЛьВёнок”.

На выступленнях, конкурсах дэманструе высокі ўзровень вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнка 5 класа Евангеліна Гайліт, якая ў перыяд з 2016 па 2019 год стала пераможцай у V Міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні”, Рэспубліканскім конкурсе юных піяністаў імя У.У.Алоўнікава, Міжнародным дзіцячым конкурсе “Залатая мара”, II Нацыянальным фестывалі-конкурсе “Музыка без меж”.

 Як адзначае Святлана Рустамаўна, навучанне фар­тэпіяннай ігры — складаны і шматгранны працэс. Ён уключае ў сябе не толькі развіццё тэхнічнай падрыхтоўкі вучня, але і правядзенне выхаваўчай работы. У Год малой радзімы рэпертуар навучэнцаў пашырыўся. Навучэнкі гімназіі Вольга Раманоўская і Евангеліна Гайліт прынялі ўдзел у міжнародным конкурсе “Палескi агеньчык”, Рэспубліканскім конкурсе юных піяністаў імя У.У.Алоўнікава. На гэтых конкурсах навучэнцы выконвалі творы сучасных беларускіх кампазітараў Уладзіміра Карэтнікава, Святланы Кузняцовай.

Вялікая канцэртная праграма была падрыхтавана пад кіраўніцтвам Святланы Рустамаўны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кранула сэрца ветэранаў выкананне аранжыровак песень на фартэпіяна навучэнца 6 класа Мікалая Шчарбака пад агульнай назвай “Мелодыі ваенных гадоў”. 

З  2016 года Святлана Рустамаўна з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў музыкі. Штогод яна прымае актыўны ўдзел у абласных семінарах, перадае свой вопыт. Так, на семінары “Фарміраванне творчай дзейнасці вучняў на занятках эстэтычнага цыкла” яна паказвала  майстар-клас “Канцэртна-конкурсная дзейнасць вучняў як сродак павышэння іх матывацыі да навучання”.

Святлана Рустамаўна з 2017 года актыўная ўдзельніца творчай групы гімназічнага праекта “Укараненне мадэлі творчай самарэалізацыі асобы ў адукацыйнай прасторы адпачынкавага event-менеджменту мастацка-эстэтычнай накіраванасці”. Накоплены метадычны матэрыял быў аформлены ў метадычных распрацоўках, якія выкарыстоўваюцца для стварэння сцэнарыяў музычных свят, пасяджэнняў гімназічнай філармоніі. Па ініцыятыве Святланы Рустамаўны ў нашай гімназіі кожны год праходзяць канцэрты, для якіх яна піша сцэнарыі, распрацоўкі, робіць аранжыроўкі, а таксама прымае ўдзел у іх правядзенні.

За дасягнутыя поспехі і шматгадовую работу Святлана Рустамаўна адзначана шматлікімі граматамі і дыпломамі. Пасля вучобы ў гімназіі навучэнцы С.Р.Фёдаравай Максім Гарлачоў і Валерыя Кузменка прадоўжылі навучанне ў Віцебскім музычным каледжы імя І.І.Салярцінскага.

Святлана Рустамаўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Яе сын і дачка таксама звязалі сваё жыццё з музыкай: скончылі Віцебскі музычны каледж і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва”. Яны працягваюць сямейную дынастыю педагогаў.

 Шмат сіл, дабрыні і прафесіяналізму Святлана Рустамаўна прысвяціла навучанню дзяцей музыцы. Яна вельмі любіць сваю работу, якой аддала шмат гадоў жыцця, ганарыцца сваімі вучнямі. А наперадзе, па словах Святланы Рустамаўны, у яе шмат планаў і задум, цікавых урокаў, творчых сустрэч, праектаў і, канечне, поспехаў яе навучэнцаў.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.