“А ты спроси у педсовета, во сколько лет свела с ума Ромео юная Джульетта?”

- 12:31Псіхалогія +, Рознае партфолiо

Вясна зноў увайшла ў наша жыццё. Гэта самая галоўная і радасная для ўсіх навіна, якую мы адчуваем душой і целам. Вясна то набірае сілу, то адступае, але дае надзею на тое, што сур’ёзна возьме ўладу ў свае рукі сеансамі яркага сонейка і ледзь улоўнымі водарамі ў паветры. Вясна можа дабавіць педагогам, мамам, бацькам падлеткаў клопатаў і хваляванняў. Яны з’явяцца, калі настаўнікі і бацькі заўважаць, што да іх дзяцей прыйшло першае каханне.

Дыялог з чытачом

Звернемся да адной рэальнай гісторыі. Яе мы апішам не ў папрок, не ў павучанне, а дзеля змякчэння падобных хваляванняў, аптымізацыі рэакцый, псіхалагічнай бяспекі для ўсіх удзельнікаў сапраўдных і будучых гісторый кахання.
На бацькоўскім сходзе ў школе класны кіраўнік звярнуўся да дарослых: “Бацькі, будзьце пільныя! Назірайце за сваімі дзецьмі і будзьце з імі больш строгімі. У нашым класе з’явілася парачка. Ходзяць за ручку, думаю, цалуюцца ў зацішных месцах. Яшчэ не хапала нам эпідэміі кахання! Няхай лепш вучацца добра!” Занепакоеныя, азадачаныя мамы, таты спрабуюць правільна аднесціся да слоў класнага кіраўніка, прыкідваюць план дзеянняў, змест размоў з сынамі і дочкамі.
Дарагія чытачы, як бы вы аднесліся да такіх жа падзей у вашым класе і як бы пагаварылі з бацькамі пра іх? Спадзяюся, што не абмяркоўвалі б адносіны канкрэтных дзяцей публічна, не настройвалі б бацькоў паставіцца да з’яўлення закаханасці як да надзвычайнага здарэння, не сталі б спяшацца прыпісваць падлеткам брудныя намеры. Важна, каб галоўным прынцыпам педагагічных зносін у такой сітуацыі стаў такі: “не нашкодзь”. Якія яшчэ спосабы можна прапанаваць для актыўных дзеянняў педагога, класнага кіраўніка, які заўважыў, што ў дзяўчынак і хлопчыкаў прачынаецца цікавасць адно да аднаго?
Пагаварыць пра гэта на бацькоўскім сходзе можна, нават трэба. Раскажыце бацькам аптымістычна, тактоўна, цікава, даступна аб новым этапе развіцця дзяцей, аб пашырэнні галіны іх інтарэсаў. Падкрэсліце, колькі станоўчых змен у паводзінах сыноў і дачок можа адбыцца ў сувязі з першай закаханасцю. Напрыклад: замацуюцца гігіенічныя ўменні, з’явяцца стымулы быць акуратнымі ў адзенні, пачне развівацца эстэтычны густ, узмоцніцца цікавасць да сябе, іншых людзей, да гісторыі ўзаемаадносін мамы і таты, інтэнсіфікуецца працэс сталення, вучоба можа набыць новыя стымулы. Магутны імпульс да развіцця атрымае эмацыянальны інтэлект. Дарэчы, поспех у жыцці шмат у чым залежыць менавіта ад яго. Варта пагаварыць з роднымі навучэнцаў і пра тое, што развіццё іх дзяцей у новым напрамку запатрабуе і ад бацькоў большай увагі да сыноў і дачок, змены стылю зносін з імі, павелічэння колькасці падтрымкі ўласных дзяцей. Самае важнае, што ад усіх дарослых, якія знаходзяцца побач з падлеткам, павінны зыходзіць цярплівасць, тактоўнасць, павага, мудрасць, неверагодная сіла духу. Магчыма, давядзецца шмат што перагледзець у сабе і змяніць (сіла духу патрэбна менавіта для гэтага).

Класныя кіраўнікі, калі ў вас ёсць канкрэтныя назіранні, дзяліцеся імі толькі з бацькамі канкрэтнага дзіцяці, а не з усёй бацькоўскай грамадскасцю класа, і толькі ў тым выпадку, калі ўпэўнены, што канкрэтныя бацькі адэкватна ўспрымуць вашу інфармацыю. Часам разумна пагаварыць толькі з мамай або толькі з татам. Калі ў вас ёсць хоць невялікія сумненні ў педагагічнай граматнасці аднаго або дваіх бацькоў, то дзяліцеся назіраннямі з псіхолагам школы. Педагог-псіхолаг дапаможа вам парадай або возьме на сябе актыўныя дзеянні, якія могуць быць падтрымкай, асветай, урэгуляваннем канфлікту і г.д. Педагог-псіхолаг школы можа стаць часткай каманды дарослых, якія дапамагаюць навучэнцам у набыцці бяспечнага новага эмацыянальнага вопыту без сацыяльна непажаданых падзей, якія могуць траўміраваць псіхіку.
У канкрэтнай сітуацыі, якая стала каталізатарам для выбару тэмы аб першай закаханасці, псіхолаг даў бы наступныя рэкамендацыі занепакоеным мамам і татам.
Любячыя бацькі, не будзьце аўтамамамі і аўтататамі, гэта значыць, не дзейнічайце аўтаматычна, паўтараючы фразы і ўчынкі ўласных бацькоў, бяздумна выконваючы рэкамендацыі любых спецыялістаў. Абдумвайце, узважвайце, аналізуйце, прымярайце рэкамендацыі да вашага дзіцяці, да вашай канкрэтнай сітуацыі. Калі ў вас ёсць хоць невялікія сумненні, то не спяшайцеся дзейнічаць так, як вас навучылі. Прыслухайцеся да ўласнай інтуіцыі. Парады і рэкамендацыі, атрыманыя ад прафесіяналаў, могуць быць граматнымі і эфектыўнымі ў 90% выпадкаў, а ваш канкрэтны — патрабуе іншага падыходу, магчыма, вядомага толькі вам. Работа бацькоў неверагодна складаная і адказная, таму што ў вас няма права давяраць нават сабе на 100%. Пераправярайце рэкамендацыі і калі-нікалі сумнявайцеся нават у сабе. Уступайце на цяжкі шлях самастойнага мыслення і дзеянняў. “Лёгка сказаць, — запярэчыце вы. — Цяжка зрабіць”. Так і ёсць. І ўсё ж гэты няпросты “на страх і рызыку” самастойны пошук сродкаў і спосабаў выхавання — адзіны правільны.
Смелыя і думаючыя бацькі, мы не пакідаем вас толькі з парадамі быць мудрымі. Уявіце, што са школы мы выходзім разам і ўсё, што вы прачытаеце далей, робім разам з вамі. Давайце прыцішым крок, дыханне, засяродзімся на гэтых простых дзеяннях. Паступова знікне збянтэжанасць пачуццяў, трывога. І вось вы ўжо гатовы не спяшацца, не сячы з-за пляча, не гарачыцца. Задумаемся, чаму паведамленне аб узаемных сімпатыях падлеткаў адно да аднаго прагучала публічна, а не толькі для бацькоў закаханых падлеткаў? Якія магчымы наступствы такога паведамлення?
Вы маеце рацыю, калі выкажыце здагадку пра спачувальную стомленасць да сваіх падапечных педагога, які выказаўся на сходзе, магчыма, каб засцерагчы сябе. Наступствы масавага абвяшчэння бацькам аб узаемаадносінах у класе самыя неспрыяльныя. Верагодней за ўсё ў найбліжэйшай будучыні адбудзецца псіхалагічная траўма для нашых Рамэа і Джульеты. Яна можа быць нанесена аднакласнікамі або іншымі бацькамі, настаўнікамі, павышанай увагай, неасцярожнымі словамі, поглядамі. Падлеткі, чые бацькі выкажуцца аб закаханых дома пасля сходу, будуць разумець, што калі і ў іх з’явіцца пачуццё закаханасці, то і яны не ў бяспецы, а пад пільным кантролем. Такая сітуацыя будзе стымуляваць закрытасць падлетка. Наступны крок у пошуках правільных падыходаў менавіта да вашага дзіцяці — успаміны пра сябе ў такім жа ўзросце. Старайцеся ўбачыць сябе падлеткам як мага падрабязней: узгадвайце свае думкі, пачуцці, эмоцыі ад учынкаў вашых бацькоў, настаўнікаў. Як адчуваеце сябе зараз? Радасна вам, што мама і тата давяралі, паважалі вашы пачуцці? А можа, горка з-за перанесеных крыўд, неабгрунтаваных падазрэнняў? Успамінаючы свой вопыт, лягчэй знайсці правільныя словы і ўчынкі ў адрас сваіх дзяцей.
Нядаўна мама выдатнай дзяўчынкі-падлетка сказала мне, што ўсе падлеткавыя пачуцці несур’ёзныя. Канечне, гэтае меркаванне памылковае. Яшчэ якія сур’ёзныя! Магчыма, нават самыя яркія, запамінальныя, адказныя першыя пачуцці. Ад развіцця падзей у першай закаханасці шмат у чым залежыць лёс сямейнага жыцця ў будучыні. Памятаеце, падкрэсліваючы значнасць і каштоўнасць пачуццяў, Ф.М.Дастаеўскі сказаў, што нішто ў нашым свеце не варта нават адной слязы дзіцяці? Цяжка з гэтым не пагадзіцца. Непаважлівае стаўленне да пачуццяў дзяцей, асабліва падлеткаў, можа прывесці да трагедыі. Успомнім фільм “Вам і не снілася”. Дарэчы, я ў старшых класах глядзела яго двойчы самастойна, а на трэці прагляд пайшла з мамай, каб падкаваць яе ў педагагічным і псіхалагічным плане. Правільна паводзіць сябе з закаханым падлеткам нам дапаможа выснова, што ў любым узросце да пачуццяў варта ставіцца сур’ёзна і ўспрымаць іх як цалкам і абсалютна сапраўдныя. Магчыма, мама назвала пачуцці дачкі несапраўднымі, маючы на ўвазе тое, што яны хутчэй за ўсё не прывядуць да шлюбу. Нават калі і так, то школа пачуццяў вельмі важная.

Адказныя бацькі, не панікуйце, не падазравайце падлеткаў, прыпісваючы ім страшныя грахі, далёка ідучыя намеры, а радуйцеся таму, што нашы дзеці адчуваюць, развіваюцца, сталеюць. Бацькоўскае хваляванне за дзіця натуральнае, асабліва ў перыяд яго закаханасці. Няхай гэтае хваляванне перарастае ў карысную бацькоўскую актыўнасць. Цікаўцеся шчыра і неназойліва жыццём дзяцей. Ведайце рэпертуар любімага музычнага гурта сына, дачкі, часам паслухайце разам іх любімую музыку. Навучыцеся карыстацца электроннай поштай, майце свае старонкі на папулярных сайтах. Няхай дзеці ганарацца вамі. А часам з дапамогай электронных прылад можна весці з дзіцем сакрэтную размову на цяжкую для яго тэму, знаходзячыся ў суседнім пакоі. Дачка, памятаю, у падлеткавым узросце была ў захапленні ад нашых з ёй размоў у “Агенце”. Проста звычайна размаўляць з мамай здавалася ёй перажыткам дзяцінства, а гутарыць “У Кантакце”, у “Агенце” — зусім іншая справа. І жаданне, і час, і тэмы знаходзіліся. Расказвайце дзецям шчыра, не павучальна аб сваім вопыце пражывання падлеткавага ўзросту. Будзьце далікатнымі ў адносінах да сына або дачкі. Для такіх расказаў выбірайце час, калі падлетак хоча іх слухаць. Плануйце цікавыя справы ўсёй сям’ёй. Запрашайце аб’ект сімпатый вашага сына ці дачкі з вамі ў тэатр, на пікнік, у паход, на фотапаляванне, на канцэрт любімага гурта, да сябе ў госці на пельмені, паглядзець футбольны матч па тэлевізары, пагуляць у настольную гульню. Дарэчы, зараз палітра захапляльных настольных гульняў для людзей усіх узростаў даволі разнастайная. Захопяць вас і падрастаючых дзяцей, дазволяць згуртавацца, пазнаць адно аднаго лепш, пабудаваць блізкія адносіны гульні “Дзіксіт”, “Прыватная калекцыя”, “За бортам”, “Піктурака” і інш. Бацькам важна ведаць, што да ранняга палавога жыцця падлеткаў штурхае адсутнасць цеплыні ў бацькоўскай сям’і, узаемаразумення, адсутнасць інтарэсаў або магчымасці іх рэалізацыі. Дапамагайце падлеткам знайсці цікавы занятак па душы. Калі сын або дачка шмат чым спрабуюць займацца і ні на чым не спыняюцца, не папракайце іх. Значыць, яшчэ не знайшлі сваё. Разам з імі працягвайце пошукі.
Самае важнае для бацькоў — быць пазітыўнымі людзьмі, якія шукаюць шчасце не звонку сябе, а ўнутры, якія ўмеюць падтрымліваць добрыя адносіны з дзіцем. Сын ці дачка павінны ведаць, што вам можна расказаць УСЁ. Дзецям важна ведаць, што мама і тата ЗАЎСЁДЫ выслухаюць, дапамогуць разабрацца, падкажуць, калі зроблена памылка, разбяруць палёты, даўшы магчымасць захаваць годнасць. Толькі ў гэтым выпадку маральныя каштоўнасці вашай сям’і стануць каштоўнасцямі вашага дзіцяці. Калі гэта ўжо так, то і няма чаго хвалявацца. Будзьце старэйшымі сябрамі сыну і дачцэ. Атрымлівайце асалоду ад вясенняга абнаўлення жыцця ў прыродзе і ва ўласнай душы!
Наш дыялог, спадзяёмся, зацікавіць чытачоў, якія знаходзяцца ў дзвюх сацыяльных ролях — педагога і бацькоў. Часта нам даводзіцца іх сумяшчаць. І часам такое аб’яднанне даецца лёгка. Няхай такіх сітуацый у нашым прафесійным і асабістым жыцці будзе як мага больш!

Псіхалагічнае люстэрка

Знаёмце весела хлопчыкаў і дзяўчынак

Многія з нас у падлеткавым узросце, а то і раней з радасцю, а часам і з жахам праяўлялі цікавасць да процілеглага полу, не заўсёды мелі шанс атрымаць дапамогу і падказку дарослага. А пытанняў было шмат: каго выбраць у сябры процілеглага полу, як пазнаёміцца, як падтрымаць размову, ды і наогул, дзе знайсці смеласць падысці да прадмета сваёй сімпатыі? Зараз многія дарослыя здольны навучыць такім важным прамудрасцям. Адзін з такіх выдатных дарослых — Рыгор Остэр. Ён прапануе “АЛЬБОМ ЗНАЁМСТВА ХЛОПЧЫКА З ДЗЯЎЧЫНКАЙ”. І дзяўчынкам, і хлопчыкам будзе цікава мець зносіны адно з адным з дапамогай альбома: разам пасмяюцца і пасябруюць, не выключана, што на ўсё жыццё.
Для таго каб вам захацелася пашукаць гэты альбом у кнігарнях, прывядзём некаторыя з пытанняў, якія аўтар прапаноўвае ў ім абмеркаваць:

– Ці існуюць такія віды спорту, у якіх хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі б спаборнічаць на роўных?

– Ёсць навукова-фантастычная версія, што сапраўдныя жыхары планеты Зямля толькі хлопчыкі, а ўсе дзяўчынкі — іншапланецянкі. Прыляцелі на нашу планету і пасяліліся разам са звычайнымі людзьмі — хлопчыкамі. Што ты пра гэта думаеш?

– Калі б я была тваёй настаўніцай, ці выконваў бы ты дамашнія заданні па маім прадмеце?

– Пагадзіўся б ты сябраваць са мной, калі б даведаўся, што я па начах ператвараюся ў чорную пантэру?

Да пытанняў дадзены магчымыя адказы, сур’ёзныя і гумарыстычныя. Выбар за хлопчыкамі і дзяўчынкамі.

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык
Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.