А вашы дзеці — у бяспецы?

Больш за 400 тысяч выхаванцаў сёння наведваюць установы дашкольнай адукацыі. Іх бяспека — заўсёды адно з самых важных і актуальных пытанняў. Аб праблемах гэтага кірунку, вырашэнне якіх у кампетэнцыі адразу некалькіх ведамстваў, днямі ішла размова ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь падчас пасяджэння Рэспубліканскага міжведамаснага савета па дашкольнай адукацыі. Мерапрыемства праходзіла ў рэжыме відэаканферэнцыі з удзелам кіраўнікоў упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў.

Бяспечнае дзяцінства

У пачатку сустрэчы намеснік міністра адукацыі Васіль Антонавіч Будкевіч нагадаў, што ў апошні час распрацаваны і прадстаўлены ў Савет Міністраў Праект канцэпцыі Дзяржаўнай праграмы развіцця дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2015—2020 гады. Былі створаны рэкамендацыі па выхаванні культуры бяспечнай жыццядзейнасці і фарміраванні ў дзяцей дашкольнага ўзросту бяспечных паводзін, праведзены маніторынг аказання медыцынскай дапамогі ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Ва ўсіх рэгіёнах краіны паэтапна ўкараняецца аўтаматызаваная сістэма складання штодзённага меню і кантролю за захаваннем натуральных норм пры арганізацыі харчавання дзяцей.
Ёсць шэраг задач на найбліжэйшы час. Неабходна забяспечваць даступнасць дашкольнай адукацыі, а значыць, будаваць дашкольныя ўстановы, асабліва ў мікрараёнах-новабудоўлях, а таксама рэарганізоўваць ужо існуючыя, выводзіць першыя класы з устаноў дашкольнай адукацыі. Важна арганізоўваць падвоз выхаванцаў дашкольных устаноў і назад. Трэба адкрываць групы кароткачасовага наведвання, пашырыць спектр платных паслуг ва ўстановах дашкольнай адукацыі, у прыватнасці, адкрываць групы на платнай (гаспадарчаразліковай) аснове. Трэба садзейнічаць рэалізацыі ў дашкольных установах адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, што дазволіць атрымліваць сродкі за кошт аказання дадатковых паслуг. Гэтыя сродкі могуць быць выкарыстаны для павышэння заработнай платы работнікам дашкольных устаноў.
Здароўезберагальны працэс ва ўстановах дашкольнай адукацыі можа быць забяспечаны толькі пры ўмове міжведамаснага ўзаемадзеяння пры пастаянным клопаце пра паляпшэнне арганізацыі харчавання дзяцей, супрацоўніцтве з тэрытарыяльнымі ўстановамі аховы здароўя і ўдасканаленні медыка-псіхолага-педагагічнага суправаджэння кожнага выхаванца.
Неабходна павышаць адукацыйны і кваліфікацыйны ўзровень педагагічных работнікаў праз іх мэтавае навучанне і падрыхтоўку па спецыяльнасцях дашкольнай адукацыі, праз фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці, а таксама забяспечваць установы дашкольнай адукацыі вучэбнымі выданнямі, афіцыйна зацверджанымі або дапушчанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і рэкамендаванымі Нацыянальным інстытутам адукацыі.
Вельмі важна ўзняць сацыяльны статус спецыялістаў дашкольнай адукацыі, прэстыжнасць іх дзейнасці, паклапаціцца аб іх заработнай плаце. Плануецца, напрыклад, павысіць плату за харчаванне дзяцей з 60 да 100 працэнтаў ад дзеючых грашовых норм, але пры гэтым будзе ўлічвацца ўзрост дзяцей, від і рэжым работы дашкольнай установы. Адпаведны праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны Міністэрствам адукацыі.
Неабходна ўнесці змяненні і дапаўненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, які прадугледжвае плату за догляд дзяцей пры атрыманні імі дашкольнай адукацыі ў дзяржаўных установах, устанавіць памер платы і парадак яе спагнання. Катэгорыі асоб, якія поўнасцю або часткова вызваляюцца ад платы за догляд, будуць вызначацца ўрадам краіны або ўпаўнаважаным ім дзяржаўным органам.
Васіль Антонавіч адзначыў, што згодна з загадам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь сёлета праводзілася вывучэнне стану работы па захаванні бяспечных умоў жыццядзейнасці дзяцей у 17 установах дашкольнай адукацыі Гродзенскай і Мінскай абласцей, а таксама Мінска з удзелам прадстаўнікоў усіх зацікаўленых міністэрстваў. Гэтая праблема разглядалася комплексна: аналізавалася выкананне патрабаванняў нарматыўных прававых актаў, разглядаліся пытанні арганізацыі харчавання дзяцей, аказання ім медыцынскай дапамогі, ацэньваўся стан мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, іх забяспечанасць адпаведнымі вучэбнымі выданнямі і сродкамі навучання.
Можна адзначыць, што прымаюцца меры па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, па стварэнні ўмоў для арганізацыі бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей. На гэтыя мэты, напрыклад, у Гродзенскай вобласці накіравана 37,7 мільярда рублёў, з іх у Лідскім раёне — 1,2 мільярда рублёў, у Гродзенскім раёне — 2,9 мільярда рублёў, у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці — 562 мільёны рублёў, у Мінску — 11,5 мільярда рублёў. Актыўна прыцягваюцца і сродкі бацькоў праз папячыцельскія саветы. Шмат зроблена для стварэння адпаведнага прадметна-развіццёвага асяроддзя ўстаноў дашкольнай адукацыі, бяспечных умоў жыццядзейнасці. Ствараюцца ўмовы для аказання медыцынскай дапамогі выхаванцам. Рэгулярна праводзяцца конкурсы дзіцячай творчасці, святы, рэалізоўваюцца праекты па тэмах бяспекі, вядзецца работа з сем’ямі выхаванцаў і работнікамі ўстаноў адукацыі. Устанаўліваецца сістэма відэанагляду, званкі на цэнтральныя дзверы, ажыццяўляецца прапускны рэжым. Прадстаўнікі Міністэр-ства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, дзяржаўтаінспекцыі МУС, медыцынскія работнікі актыўна прымаюць удзел у мерапрыемствах устаноў дашкольнай адукацыі.
У той жа час у працэсе вывучэння дзейнасці дашкольных устаноў былі выяўлены і праблемы. Адна з іх — недастатковая забяспечанасць устаноў вучэбнымі выданнямі, рэкамендаванымі НІА, па пытаннях фарміравання ў дзяцей навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці, асэнсаваных бяспечных паводзін. У некаторых установах выяўлена наяўнасць няспраўнага абсталявання, неізаляваных частак сістэмы ацяплення, парушэнне цэласнасці дзвярных палотнаў. Адзначаны факты парушэння патрабаванняў правіл пажарнай бяспекі, адсутнасць проціпажарных прыстасаванняў, выкарыстанне пажаранебяспечных (звыш нормы) матэрыялаў для афарбоўкі падлогі і сцен, непрадуманае размяшчэнне электрычных разетак у пральнях, наяўнасць дывановых пакрыццяў на шляхах магчымай эвакуацыі, адсутнасць выхаду сігналу аб няспраўнасці пажарных установак на дыспетчарскі пункт пажарнай аўтаматыкі і г.д.
У некаторых установах няправільна вялася медыцынская дакументацыя, стан медыцынскіх блокаў таксама не адпавядаў санітарным нормам, не хапала неабходнай колькасці медработнікаў, у выніку быў аслаблены медыцынскі кантроль і аказанне адпаведнай дапамогі дзецям.
Некаторыя ўстановы адукацыі маюць патрэбу ва ўстаноўцы дадатковых тэхнічных сродкаў для арганізацыі правільнага дарожнага руху па сваёй тэрыторыі, у належным асвятленні пад’язных шляхоў да ўстановы, устаноўцы металагалагенавых лямп накіраванага дзеяння, абсталяванні тратуараў перад уваходам і выхадам з тэрыторыі, у адпаведных дарожных знаках пры ўезде і выездзе з яе.
Упраўленням адукацыі абласных выканаўчых камітэтаў і камітэту па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта было загадана прыняць неадкладныя меры па ўстараненні парушэнняў і аб прынятых мерах праінфармаваць Рэспубліканскі міжведамасны савет да 1 мая бягучага года. Міністэрству адукацыі, МНС і МУС — прадоўжыць рэалізацыю сумесных планаў і мерапрыемстваў па стварэнні бяспечных умоў жыццядзейнасці дашкольнікаў і распрацаваць серыю вучэбных выданняў і сродкаў навучання для дзяцей дашкольнага ўзросту “Бяспечнае дзяцінства”, а таксама правесці рэспубліканскі семінар па актуальных пытаннях бяспечнай жыццядзейнасці ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Ёсць прапанова арганізаваць семінар на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва. Установа атрымала дыплом I ступені па выніках абласнога агляду-конкурсу сярод устаноў дашкольнай адукацыі “Бяспечнае дзяцінства”.

Хто павінен складаць меню для дзяцей?

У маі 2013 года Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь быў праведзены маніторынг ва ўсіх рэгіёнах краіны па актуальных пытаннях арганізацыі харчавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі і ступені ўдзелу ў іх медыцынскіх работнікаў. Аб гэтым паведаміла галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Валянціна Іванаўна Трухановіч. Вывучалася, у прыватнасці, работа па ўкараненні аўтаматызаваных сістэм па ўліку і кантролю за якасцю харчавання выхаванцаў. У перспектыве плануецца, што ўсе ўстановы дашкольнай адукацыі павінны быць імі забяспечаны. Пакуль жа адзінага для ўсіх рэгіёнаў падыходу ў вырашэнні гэтага пытання не выпрацавана. Не ўсе сады забяспечаны камп’ютарнай праграмай па складанні “меню-раскладкі”. І ў кожнай установе праблема вырашаецца па-свойму. Напрыклад, у Магілёве ў штатны расклад дашкольных устаноў былі ўведзены пасады тэхнолагаў па харчаванні, і медработнікі былі вызвалены ад складання меню, а ў Мінску з’явіліся пасады “калькулятараў”. Але ў некаторых установах па-ранейшаму да складання меню прыцягваюць медыцынскіх работнікаў або іншых штатных супрацоўнікаў.
Для таго каб знайсці прымальны варыянт вырашэння гэтага пытання, на ўзроўні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь неабходна, лічыць галоўны педыятр, стварыць сумесную рабочую групу і сур’ёзна абмеркаваць праблему.
Ёсць неабходнасць перагляду таго пераліку лекавых сродкаў, якія павінны быць ва ўстановах дашкольнай адукацыі (трэба ўлічваць той факт, што ў штатах большасці садоў медыкі не працуюць).

Усвядомленае бацькоўства, гендарны падыход, інклюзія

Міністэрства адукацыі і Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь актыўна ўзаемадзейнічаюць па пытаннях развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі. Падчас пасяджэння абмяркоўваўся праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Стварэнне новых якасных магчымасцей для рэалізацыі поўнага асобаснага патэнцыялу дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту”.
“У якасці асноўных задач праекта вызначаны ўдасканаленне якасці адукацыйнага працэсу, стварэнне роўных стартавых магчымасцей для паўнацэннага фізічнага і кагнітыўнага развіцця дзяцей ранняга дашкольнага ўзросту, а таксама апрабацыя новых эфектыўных механізмаў фінансавання сістэмы дашкольнай адукацыі, — паведаміла начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Леанідаўна Давідовіч. — Гэта не толькі асноўныя задачы нашай дзяржаўнай палітыкі ў сферы дашкольнай адукацыі, яны з’яўляюцца адной з шасці мэт Дакарскіх рамак дзеянняў па адукацыі для ўсіх, якія былі прыняты ў 2000 годзе 164 краінамі свету, у тым ліку Рэспублікай Беларусь. Асаблівую ўвагу ў праекце варта ўдзяліць пытанням уключэння бацькоў у адукацыйны працэс і ўзмацненню выхаваўчага патэнцыялу сям’і. Ёсць і шэраг іншых пазіцый, якія можна акрэсліць у межах узаемадзеяння і ўключанасці сістэмы дашкольнай адукацыі нашай краіны ў сусветную супольнасць: гэта пытанні гендарнага падыходу і інклюзіўнай адукацыі. Усе гэтыя моманты будуць адлюстраваны ў праграме развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі ў якасці ключавых кірункаў”.
“З мінулага года ў краіне рэалізуецца міжведамасны праект, накіраваны на прафілактыку дзіцячага траўматызму, — расказала намеснік прадстаўніка Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Ірына Анатольеўна Чуткова. — Адным з асноўных яго патрабаванняў з’яўляецца павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі і ў інтарэсах дзяцей. Вельмі б хацелася, каб гэты кампанент праекта, прысвечаны сістэме дашкольнай адукацыі, садзейнічаў таму, каб змест і формы работы ўстаноў дашкольнай адукацыі давалі магчымасць дзецям адчуць каштоўнасць уласнага жыцця, садзейнічалі ўмацаванню дзіцячага здароўя, рыхтавалі да дакладных дзеянняў у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі”.
Вялікую ўвагу ў сваёй рабоце фонд удзяляе правядзенню навуковых сацыялагічных даследаванняў, збору новай статыстычнай інфармацыі, якая дазвалае аналізаваць праблемы. Пачата рэалізацыя сумеснага з Нацыянальным статыстычным камітэтам Рэспублікі Беларусь праекта, адным са складнікаў якога будзе правядзенне шырокамаштабнага апытання шасці тысяч сем’яў, што дасць дакладную карціну таго, колькі часу бацькі ўдзяляюць сваім дзецям, колькі часу трацяць на іх развіццё, у якой ступені затраты мам большыя, чым татаў.
У гэтым годзе пачнецца таксама сумесная работа прадстаўніцтва і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па распрацоўцы нацыянальнага маніторынгу якасці ў сістэме дашкольнай адукацыі. У яго будзе ўключаны аспект аб вывучэнні, адаптацыі і апрабацыі існуючых міжнародных дакументаў па самаацэнцы дашкольных устаноў, па ацэнцы гатоўнасці дзяцей 5-6 гадоў да школы. Гэты інструментарый існуе і ў іншых краінах. Для спецыялістаў будуць распрацаваны адпаведныя метадычныя рэкамендацыі.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.