Танцавальны калектыў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка “Арт-Юніці” на чале з педагогам дадатковай адукацыі цэнтра студэнцкай творчасці Крысцінай Гарон-Масесавай стаў прызёрам міжнароднага танцавальнага інтэрнэтконкурсу Global Internet Dance — 2020. У ім удзельнічалі больш за 1500 танцораў з Беларусі, Расіі, Узбекістана, Украіны і Эстоніі, якія сёлета выступалі не ўжывую, а ў відэазапісах сваіх танцавальных нумароў. На фестываль “Арт-Юніці” прадставіў тры нумары, якія занялі першае і два другія месцы. Пра што расказвае кожны нумар, ці складана спаборнічаць анлайн, у чым залог поспеху і як юнацкую мару танцаваць ператварыць у справу жыцця, раскажа кіраўнік калектыву.
Тры нумары — тры перамогі
У міжнародным танцавальным фестывалі Global Weekend “Арт-Юніці” паўдзельнічаў чацвёрты раз, але толькі новы фармат прынёс яму адразу тры перамогі: нумар “У цяжкую хвіліну” заняў 1-е месца ў намінацыі “Танцавальнае шоу”, In red — 2-е месца ў намінацыі Street show, Say my name — 2-е месца ў намінацыі Flashmob. Асабліва высока журы ацаніла кампазіцыю, відовішчнасць і тэхніку нумара “У цяжкую хвіліну”. Кіраўніку калектыву Крысціне Гарон-Масесавай выказана падзяка ад арганізатараў фестывалю за паспяховы ўдзел і асабісты ўклад у падтрымку і папулярызацыю харэаграфічнага мастацтва.
— Восенню мы паставілі нумар “Таксі”, шчыра кажучы, не вельмі моцны. Але ўсё роўна мы прадставілі яго на адным з чэмпіянатаў, дзе я пазнаёмілася з нашымі канкурэнтамі і зразумела, што цяпер у трэндзе і што хацелі б убачыць суддзі. Нумар “У цяжкую хвіліну” — гэта чысты вог, ён таксама з’явіўся яшчэ ў верасні, і я пастаралася ўкласці ў яго сапраўды глыбокі сэнс. А вясной мы проста надзелі на мяне маску, якую я зрываю ў канцы танца, і ўсім становіцца зразумела, як гэта ўсё надакучыла і хочацца дыхаць свабодна. Суддзі высока ацанілі такую ідэю і кампазіцыю танца, — расказвае К.Гарон-Масесава. — У студзені — лютым, літаральна за паўтара месяца, мы паставілі нумар In red у стылі street dance — атрымалася сумесь хіп-хопа, джаз-фанка, дэнсхола і нават вога. Мы хацелі паказаць, што мы маладыя, выразныя, дзёрзкія, смелыя, хоць і будучыя педагогі. А трэці нумар Say my name — з элементамі джаз-фанка і дэнсхола — быў створаны вельмі спантанна. Падчас нашых анлайн-трэніровак прыйшла ідэя да Міжнароднага дня танца, які святкуецца 29 красавіка, зрабіць цікавае відэа для нашых старонак у сацсетках. Кожная дзяўчына зняла кавалачак танца, якія мы пасля злучылі, зманціраваўшы вясёлае відэа. Яго мы затым і адправілі на намінацыю Flashmob. Безумоўна, добра, што сёлета конкурс адбыўся, няхай сабе і ў анлайн-фармаце. Аднак жывыя зносіны і афлайн-выступленні ён не заменіць. Бо калі ты на сцэне, у цябе ёсць толькі адзіная спроба паказаць сябе і свае здольнасці, то і выступленне атрымліваецца больш палымяным, і журы ацэньвае, адчуваючы тваю энергетыку, якую, безумоўна, не перадасць ні адно відэа. Так, напрыклад, канцоўка нашага нумара “У цяжкую хвіліну” заўсёды кранала і зачароўвала гледачоў, а на відэа яна ўспрымалася звычайным лагічным завяршэннем нумара.
“Арт-Юніці” створаны амаль 12 гадоў назад на факультэце дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. За гэты час яго ўдзельнікамі сталі больш за 80 дзяўчат і юнакоў. Сёння калектыў налічвае звыш 30 танцораў. Акрамя студэнтаў педагагічнага ўніверсітэта, у “Арт-Юніці” займаюцца і аматары танца з іншых універсітэтаў.
Галоўная партыя
Перамога ў інтэрнэт-конкурсе Global Internet Dance — 2020 далёка не першая ў творчай скарбонцы “Арт-Юніці”. За амаль што 12 гадоў існавання калектыў стаў уладальнікам самых розных узнагарод. “2018 год стаў для нас феерычным, калі і я, і калектыў паказвалі, так бы мовіць, найвышэйшы пілатаж, пасля чаго я са спакойнай душой змагла дазволіць сабе нарадзіць дзіця, — прызнаецца Крысціна. — У лютым 2018 года мы другі раз выступілі на Global Weekend і паказалі наш першы вог — вельмі выразны і сінхронны нумар “Іншыя”. Я перфекцыяністка і заўсёды патрабую, каб усё было выканана ідэальна. Напэўна, таму гэты добра адрэпеціраваны нумар стаў пераможцам. Акрамя таго, мы тады прадставілі нумар Sit Down упяцёх і абышлі многія прафесійныя школы, заняўшы 2е месца, а таму былі шчаслівыя да слёз. І калі раптам у мяне апускаюцца рукі, я ўспамінаю той дзень. Суддзі ацанілі нашу зладжанасць і стыльнасць выканання, пасля гэтага хацелася тварыць і тварыць. Затым у пачатку красавіка ў Віцебску на VIII Міжнародным фестывалі танца “Зрабі крок наперад!” усе былі ў захапленні ад таго, што будучыя настаўніцы змаглі прадставіць такі стыльны вог, дзякуючы якому мы сталі трэцімі сярод 17 каманд. Да таго ж з 200 дзяўчат мяне адзіную адзначылі як лепшую танцоўшчыцу, што было неверагодна прыемна. А ў канцы красавіка мы паказалі свой сольны канцэрт “Кахай! Танцуй! Дыхай!”, прымеркаваны да 10-годдзя калектыву.
Вось так танцавальны студэнцкі калектыў заяўляе пра сябе. Напэўна, у гэтым няма нічога дзіўнага. Аднак захапленне выклікае той факт, што малады харэограф Крысціна Гарон-Масесава ніколі не танцавала да свайго паступлення ў БДПУ і нават уявіць не магла, што стане танцоўшчыцай, а пасля і кіраўніком танцавальнага калектыву. Яе шлях да танца пачаўся на 1 курсе, калі куратар іх групы Аксана Мікалаеўна Зыль (сёння яна намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта дашкольнай адукацыі) прапанавала паставіць танец для факультэцкага мерапрыемства. “Аксана Мікалаеўна пастаянна нас падбадзёрвала: “Дзяўчаты, вы такія маладыя, вам трэба запальваць. Вось ёсць сцэна — тварыце!” І тады нас, мастакоў, аб’ядналі з харэографамі, у выніку разам мы паставілі наш першы танец “Інь-ян”, які ўсе ўспамінаюць да гэтага часу. Потым быў выхад на вялікую ўніверсітэцкую сцэну, перад якім паўстала пытанне наконт назвы калектыву. Вось тады і нарадзілася назва “Арт-Юніці”, што азначае “аб’яднаныя мастацтвам”. І было гэта акурат 25 кастрычніка — гэтая дата стала днём нашага нараджэння, які мы адзначаем штогод і пасвячаем у члены “Арт-Юніці” нашых новенькіх танцораў”.
Крысціна Гарон-Масесава:
“Танец для мяне — гэта самавыяўленне, настрой, раскрыццё сябе. Як толькі прыходжу ў залу — станаўлюся іншым чалавекам, які адчувае сябе на сваім месцы. Танцы — гэта сэнс майго жыцця, і не танцаваць ужо проста немагчыма!”
Першыя пяць гадоў “Арт-Юніці” быў факультэцкім калектывам, а калі К.Гарон-Масесава скончыла навучанне, то ў цэнтры студэнцкай творчасці ёй прапанавалі змяніць статус калектыву на ўніверсітэцкі. Тым больш што за гэты час “Арт-Юніці” паспеў добра зарэкамендаваць сябе і яго ведалі на ўсіх факультэтах БДПУ. “Першыя дзесяць гадоў у нас займаліся толькі дзяўчаты, а вось апошнія два гады пачалі прыходзіць і юнакі. Увогуле апошнім часам вялікая колькасць жадаючых займацца ў нашым калектыве. Але, на жаль, прыходзіцца адбіраць — перавагу аддаём тым, хто ўжо мае хоць якую-небудзь харэаграфічную падрыхтоўку, бо ўсё ж мы выступаем на танцавальных конкурсах і чэмпіянатах. Каля 70% дзяўчат, якія прыходзяць да мяне, — гэта так званыя народніцы. І я ў іх пытаюся, чаму яны далей не развіваюцца ў гэтым кірунку, на што яны звычайна адказваюць, што хочацца паспрабаваць нешта новае. Яны вельмі добра ўсё схопліваюць, бо калі чалавек — прафесіянал і ёсць пэўная база, то ўсё хутка атрымліваецца, — тлумачыць харэограф. — Канечне, тыя, каму прыходзіцца адмаўляць, крыўдзяцца. Таму восенню я вельмі хачу зрабіць дадатковую групу, займацца ў якой змогуць усе жадаючыя. Бо я памятаю, як мне самой хацелася танцаваць”.
Сапраўды, жаданне танцаваць у самой Крысціны было настолькі моцным, што з самых першых дзён з’яўлення “Арт-Юніці” яна пастаянна наведвала заняткі, майстар-класы, спаборніцтвы, знаёмілася з танцавальнымі плынямі, з упартасцю адточвала кожны рух і шукала свой танец. “Першапачаткова мне спадабаліся джаз-фанк і хіп-хоп, пасля я захапілася дэнсхолам, а апошнія тры гады — вогам. І гэтыя кірункі я выкладаю ў “Арт-Юніці”, — расказвае кіраўнік. — Усе гады я стараюся развівацца і ўдасканальвацца. Зараз сама займаюся ў адной з лепшых танцоўшчыц вога ў Беларусі. Прызнаюся, я баялася, што гэты стыль не прыжывецца ва ўніверсітэце, але ён спадабаўся. Я пастаянна наведваю курсы, чэмпіянаты, бо без асабістага развіцця няма будучыні. Апошнія месяцы была магчымасць займацца на анлайн-курсах. Акрамя таго, нядаўна пайшла на заняткі па high heels. Такім чынам шукаю сябе ў розных напрамках. Хоць з узростам прыйшла да больш жаноцкіх стыляў, таму зараз мне па душы менавіта вог і high heels”.
Анлайн-дэнс-батл
6 чэрвеня адбыўся першы інтэрнэт-конкурс Global Internet Dance — 2020 — гэта новы фармат традыцыйнага міжнароднага танцавальнага фестывалю Global Weekend. Для рэалізацыі сёлетняга праекта былі распрацаваны спецыяльныя інтэрнэт-намінацыі: Video clip, Bug in dance, Flashmob, Cosplay dance, Isolation dance.
У склад журы ўвайшлі суддзі, чые імёны вядомыя ва ўсім свеце: выкладчык лонданскай школы танцаў Danceworks Хрысціян Ратэвасян, шматразовы чэмпіён Беларусі па стрытшоу Аляксандр Натараў, суддзя Word of Dance і Hip-Hop Іnternational Максім Думяндзяк і харэограф, загадчыца кафедры Акадэміі танца Барыса Эйфмана, кандыдат педагагічных навук Расіі Наталля Пермякова — старшыня журы. Танцоры ацэньваліся па чатырох пазіцыях: тэхніка, кампазіцыя, імідж, відовішчнасць. Члены журы ў рэжыме рэальнага часу выводзілі свае ацэнкі на экраны камп’ютараў, такім чынам аўтаматычна фарміравалася выніковая табліца з размеркаванымі месцамі.
Танцавальная інтэрнэт-пляцоўка Global Dance была напоўнена драйвам, палымянай музыкай і выбухной энергетыкай, якія адчуваліся і праз экран манітора.
Што звычайна робіць харэограф? Рыхтуе сцэнарыі танцаў і прадумвае ўсё да дробязей: падбірае музыку, касцюмы і нават дэкарацыі, праводзіць рэпетыцыі і каардынуе дзейнасць танцораў, а яшчэ сам пастаянна вучыцца і наведвае майстар-класы. Ці складана гэта? Па крайняй меры, вельмі энергазатратна. А калі да таго ж у цябе малое дзіця — нагрузка становіцца вельмі сур’ёзнай. І калі не расставіш правільна прыярытэты — нічога не атрымаецца. Крысціна ГаронМасесава — выдатны прыклад спалучэння прафесійнага і асабістага шчасця, бо нават дома з паўтарагадовай дачушкай яна ўмудраецца рэгуляваць работу калектыву, трэніравацца і самаўдасканальвацца. А таму і будучыню “Арт-Юніці” малады кіраўнік бачыць толькі ў развіцці: “Мару зрабіць два склады: асноўны і падрыхтоўчы. І гэта будзе матываваць навічкоў трапіць у асноўны. Таксама хочацца восенню прадставіць наш чарговы канцэрт, і каб у зале былі не толькі гледачы з БДПУ, але і з іншых навучальных устаноў”.
У пачатку навучальнага года першакурснікам Крысціна ГаронМасесава гаворыць: “Сядзець чатыры гады ў інтэрнаце, нічым не займаючыся, гэта як мінімум сумна, а як максімум — спыняецца развіццё. А чалавек павінен усё жыццё ўсебакова развівацца, і танцы яму ў гэтым дакладна дапамогуць!”
Мы пачынаем танцаваць змалку, як толькі чуем прыемную музыку, пад якую ногі самі ідуць у скокі. Пасля ў дзіцячым садзе на святочных ранішніках, у школе на канцэртах, у час студэнцтва на шматлікіх імпрэзах і дыскатэках кожнаму даводзіцца паказваць сябе і выказвацца праз рух. Танец з намі ўсё жыццё ці, можа, мы ўсё жыццё ў танцы?.. Адны спакойна і мерна вальсуюць, другія нібы энергічна адбіваюць чачотку, а трэція ўвесь час батлуюць… Тым больш і танцавальных плыняў сёння — на любы густ! Кожная краіна, акрамя сцяга і гімна, мае яшчэ адну не менш важную атрыбутыку — танец. Для кожнага народа характэрныя свае рухі, рытмы і тэмпы, якія складаліся стагоддзямі, і па іх асаблівасцях можна лёгка вызначыць, якой нацыянальнасці чалавек. Акрамя народных, ёсць усходнія, спартыўныя, сучасныя і, безумоўна, класічныя танцы. Я налічыла каля 60 відаў, хоць, напэўна, іх куды больш. А таму, калі нехта гаворыць, што ён не ўмее танцаваць, гэта значыць ён проста пакуль не знайшоў свой танец. Калі танцуеш, то адбываецца сапраўднае чараўніцтва: свет напаўняецца гармоніяй, а ты — жыццём.
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва “Арт-Юніці”.