Аб чым гудзе пчала?

Калі запытацца ў чалавека, без чаго яго жыццё на зямлі было б немагчымым, то, хутчэй за ўсё, адказы будуць такімі: паветра, ежа, вада, адзенне, страха над галавой, соцыум. Многа яшчэ чаго можа ўзгадаць чалавек, але наўрад ці ён назаве… пчол. А між тым, калі знікнуць гэтыя маленькія чорна-жоўтыя працаўнікі, то знікне і ўсё жывое на нашай планеце: спачатку расліны, якія не будзе каму апыляць, потым жывёлы, а без усяго гэтага не зможа існаваць і чалавецтва. А колькі карысці чалавек атрымлівае ад мёду! Нездарма ж пчалярства — адзін з найбольш старажытных заняткаў чалавека. Вопыт і навыкі гэтага занятку перадаваліся з пакалення ў пакаленне. І сёння многія з задавальненнем разводзяць пчол. Як і раней, можна навучыцца гэтаму рамяству ў больш вопытных пчаляроў. Або можна адправіцца за ведамі ў навучальную ўстанову. А менавіта ў Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж — гэта адзіная ў нашай краіне ўстанова, дзе рыхтуюць па спецыяльнасці “Пчаляр”.

Першыя пчаляры

1 лістапада 1931 года па рашэнні Савета Народных Камісараў СССР у мястэчку Смілавічы быў адкрыты тэхнікум буйной рагатай жывёлы і малочнай справы. І ўжо амаль 9 дзесяцігоддзяў установа рыхтуе кадры для аграрна-прамысловага комплексу Беларусі. За гады развіцця каледж стаў не толькі цэнтрам падрыхтоўкі спецыялістаў, але і адным з цэнтраў навуковай дзейнасці краіны.

Упершыню пчолы загудзелі ў каледжы ў 1970 годзе. Тады было адкрыта пчалярнае аддзяленне ў Смілавіцкім каледжы (у той час гэта быў тэхнікум) на дзённай форме навучання. Першы выпуск складаў усяго 12 чалавек. З кожным годам набор павялічваўся. З 2015 года навучанне па гэтай спецыяльнасці ажыццяўляецца толькі на завочным аддзяленні. Зараз навуку пчалярства спасцігаюць 54 навучэнцы. Тэрмін навучання — 2 гады 10 месяцаў, навучэнцы атрымліваюць кваліфікацыю “заатэхнік”.

Спецыялістаў рыхтуюць для работы на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, пчальніках фермерскіх гаспадарак, у раённых, абласных і рэспубліканскіх аб’яднаннях па пчалярстве ў якасці спецыяліста, кіраўніка тэхналагічных працэсаў, якія забяспечва­юць вытворчасць прадукцыі. Многія навучаюцца пчалярству для арганізацыі ўласных пчальнікоў.

Для забеспячэння інавацыйных тэхналогій вучэбнага працэсу каледж падтрымлівае сувязь з установамі вышэйшай адукацыі: Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміяй, Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам і інш. Таксама вядзецца супрацоўніцтва з рэспубліканскім аб’яднаннем “Беларускія пчаляры”.

Мядовая навука

Працуюць з навучэнцамі вопытныя кваліфікаваныя выкладчыкі. Сярод іх — Валянціна Андрэеўна Цябут, Тамара Андрэеўна Крук, якія выкладаюць спецдысцыпліны і вядуць практычныя заняткі па пчалярстве. Дарэчы, Тамара Андрэеўна і сама скончыла Смілавіцкі каледж. Гэта людзі, якія сваю справу не толькі добра ведаюць, але і шчыра любяць. “Усё жыццё з пчоламі” — так гаворыць пра сябе Валянціна Андрэеўна Цябут. Яна прызвычаілася да пчалярства з дзяцінства: любіла дапамагаць дзядулю, у якога заўсёды былі вуллі. Таму, калі паступала ва Украінскую сельскагаспадарчую акадэмію, выбрала менавіта гэты кірунак навучання. І ўжо амаль 30 гадоў дзеліцца з навучэнцамі каледжа сваімі ведамі і вопытам.

Такія ж зацікаўленыя і захопленыя пчалярствам людзі прыходзяць вучыцца. Без шчырага жадання займацца гэтай справай немагчыма. Пчол трэба любіць і не баяцца іх. Таксама работа пчаляра немагчымая без цікавасці да жывой прыроды, назіральнасці, здольнасці канцэнтраваць увагу. Спатрэбяцца добрая каардынацыя рухаў і зрокавая памяць.

Каб паспяхова займацца пчалярствам, патрэбны веды з розных галін: гэта біялогія, асновы племяннога пчалярства, батаніка, хімія, будаўнічая справа. У каледжы пчаляры вывучаюць біялогію меданоснай пчалы і сям’і, развядзенне і догляд пчол, захворванні і шкоднікаў, кармавую базу пчол, тэхнічнае забеспячэнне працэсаў у пчалярстве, тэхналогіі вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі пчалярства.

Сёння Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж рэалізуе на дзённым аддзяленні адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасцях “Кіраванне ў аграпрамысловым комплексе”, “Заатэхнія”, “Ветэрынарная медыцына”. На завочным аддзяленні можна вучыцца па такіх спецыяльнасцях, як “Правазнаўства”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Арганізацыя работы сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак”, “Аграномія”, “Пчалярства”, “Заатэхнія”. Выпускнікі каледжа становяцца кіраўнікамі і спецыялістамі аграрных прадпрыемстваў.

 — Сучаснаму пчаляру трэба шмат чаго ведаць. Трэба навучыцца разводзіць пчол, дагляць іх, абараняць. Напрыклад, ведаць, як змагацца з вараатозам — гэта захворванне, якое выклікаюць кляшчы. З-за іх пчолы становяцца неспакойнымі, слабеюць і могуць загінуць, — расказвае Валянціна Андрэеўна Цябут. — Неабходна быць гатовым да сустрэчы з новымі праблемамі сучаснасці. Напрыклад, апошнім часам пчаляры па ўсім свеце непакояцца з-за такой з’явы, як калапс пчаліных сем’яў, — гэта нечаканае знікненне пчаліных сем’яў з вулляў без бачных прычын.

У каледжы створаны ўмовы, каб навучэнцы атрымалі ўсе неабходныя веды. Практычныя ўменні яны адпрацоўваюць у вучэбна-вытворчым пчальніку. Пчальнік размяшчаецца на тэрыторыі ўстановы і налічвае 63 пчаліныя сям’і. Загадчык пчальніка — Віктар Аляксеевіч Галубовіч. На справе навучэнцы знаёмяцца з інвентаром і абсталяваннем для догляду пчаліных сем’яў: сеткамі для твару, касцюмамі пчаляроў, дымарамі. Ёсць і ўсё неабходнае для вытворчасці мёду: медагонкі, нажы і відэльцы для распячаткі сот, тара для фасоўкі мёду і інш.

Прыходзяць папрацаваць на пчальніку і навучэнцы дзённага аддзялення, якія вучацца па спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына”. У праграме навучання ў іх ёсць раздзел, прысвечаны пчолам. Цікавяцца пчальніком і тыя, хто вучыцца па іншых спецыяльнасцях, — ахвочых пазнаёміцца з пчалярскай справай многа. Яны дапамагаюць даглядаць пчол на працягу навучальнага года.

Пчальнік — гэта яшчэ і адзін з відаў пазабюджэтнай дзейнасці каледжа. Мёд і прадукты пчалярства ўстанова рэалізуе на абласных і рэспубліканскіх кірмашах.

Нядаўна на пчальніку каледжа з’явіўся яшчэ адзін “мядовы аб’ект” — апідомік. Гэта будынак, які дазваляе знаходзіцца чалавеку нібы ўнутры пчалінай сям’і. Ён сканструяваны такім чынам, каб цяпло і паветра ўнутры памяшкання пастаянна цыркулявалі паміж пчалінымі вуллямі і домікам, ствараючы спецыяльны мікраклімат. Гэта быццам інгалятар, унутры якога знаходзіцца чалавек, удыхаючы паветра, насычанае водарамі мёду, воску, праполісу, матачнага малачка. У апідоміку праводзяць сеансы аэраапітэрапіі, якія інакш называюць “сон на вуллі”. “Пчолатэрапія” дапамагае пры розных праблемах са здароўем: хваробах дыхальных шляхоў, нервовай сістэмы, сардэчна-сасудзістых і іншых захворваннях.

Ва ўстанове ёсць усе неабходныя ўмовы для засваення тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў па выбраных спецыяльнасцях. Каледж — гэта 4 вучэбна-лабараторныя корпусы і 4 інтэрнаты. У вучэбных карпусах размяшчаюцца 37 кабінетаў, 27 лабараторый са спецыяльным абсталяваннем і апаратурай, камп’ютарнай тэхнікай. Базай для правядзення практычных заняткаў з’яўляюцца пчальнік, вытворча-вучэбны кармавы севазварот, ветэрынарная клініка, пункт штучнага асемянення жывёл і птушак, вучэбны палігон, майстэрні, трактарадром, а таксама вытворчыя аб’екты базавых сельскагаспадарчых арганізацый, з якімі заключаны дамовы аб узаемадзеянні пры падрыхтоўцы спецыялістаў.

“Пчаліныя” пытанні

Зараз па ўсім свеце актыўна вядзецца дзейнасць па прыцягненні ўвагі грамадства да “пчаліных” праблем. Створаны “Сусветны фонд абароны пчол”, ініцыіраваны “Сусветны праект абароны пчол”. У гэтай плыні дзейнічае і Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж.

Установа не толькі рыхтуе спецыялістаў для пчалярства, але і наогул удзельнічае ў развіцці і папулярызацыі гэтай справы ў нашай краіне. Каледж аб’ядноўвае і пачынаючых, і ўжо вопытных пчаляроў. На базе ўстановы праводзяцца вучэбныя семінары, канферэнцыі, сустрэчы пчаляроў, на якіх спецыялісты дзеляцца вопытам, знаёмяць калег з найноўшымі напрацоўкамі ў галіне пчалярства. Напрыклад, у снежні 2019 года ў каледжы прайшла канферэнцыя на тэму “Актуальныя праблемы і перспектывы сучаснага пчалярства”, прымеркаваная да традыцыйнай сустрэчы пчаляроў — выпускнікоў каледжа. Удзельнікамі яе сталі самыя значныя асобы ў галіне беларускага пчалярства: старшыня Саюза беларускіх пчаляроў М.М.Халадзінскі, начальнік аддзела Беларускага дзяржаўнага ветэрынарнага цэнтра В.У.Граблюк, кіраўнік лабараторыі пчалярства Інстытута пладаводства НАН Беларусі Д.К.Рахматулін.

Навучэнцы каледжа маюць магчымасць дадаткова асвойваць прафесіі вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі В, трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці. Для навучання па гэтых прафесіях абсталяваны аўтатрактарадром, аформлены і абсталяваны камп’ютарамі кабінет па правілах дарожнага руху, набыты новыя вучэбныя аўтамабілі і трактар для адпрацоўкі індывідуальных заняткаў па кіраванні транспартнымі сродкамі. Таксама навучэнцам прадастаўляецца магчымасць атрымання прафесій кладаўшчык, аператар па штучным асемяненні жывёл і птушак, аператар машыннага даення.

Штогод Саюз беларускіх пчаляроў сумесна са Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжам праводзіць Рэспубліканскі конкурс маладых пчаляроў. Конкурс не проста праходзіць на базе каледжа: супрацоўнікі ўстановы распрацоўваюць праграму, конкурсныя заданні, ствараюць аптымальныя ўмовы для правядзення мерапрыемства. Удзел у ім прымаюць дзеці і падлеткі ва ўзросце да 18 гадоў. Па выніках конкурсу тры пераможцы адпраўляюцца на Міжнародную сустрэчу маладых пчаляроў. Канкурсанты праходзяць тэарэтычныя выпрабаванні, дзе павінны прадэманстраваць веданне будовы цела пчалы і цікавых фактаў з жыцця пчол, уменне распазнаваць расліны-меданосы і вызначаць прадукты пчалярства. У практычнай частцы канкурсанты на пчальніку спаборнічаюць ва ўменні праца­ваць з пчоламі, ацэньваць іх стан, якасць расплоду, выкарыстоўваць пчалярскія інструменты.

У мінулым годзе конкурс адбыўся пяты раз. Самаму малодшаму ўдзельніку было ўсяго 10 гадоў. А 1 месца заняў навучэнец Смілавіцкага аграрнага каледжа Дзмітрый Чэрнікаў.


Мы часта не заўважаем значнасці ў прывычных рэчах і з’явах. Пачуўшы, як гудзе недзе побач пчолка, чалавек, хутчэй за ўсё, адмахнецца і не зверне ўвагі. А ў гэты час маленькая руплівіца клапоціцца пра нас, лю­дзей. Пра пчол жа клапоцяцца пчаляры. Калі вы хочаце далучыцца да гэтай справы — Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж чакае вас.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.