Аб дапрызыўнай падрыхтоўцы, і не толькі

- 12:04Адукацыйная прастора

З гэтага навучальнага года ва ўстановах адукацыі ўведзена пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Першая чвэрць скончылася, аднак педагогаў усё яшчэ цікавяць пытанні асаблівасцей работы на новай пасадзе. Адказы знойдзем разам з кіраўніком міжшкольнага цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Фрунзенскага раёна сталіцы Аляксандрам Івановым.

Завітаць у гімназію № 43 Мінска мы вырашылі невыпадкова. З моманту свайго адкрыцця ў 2010 годзе яна з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. За гэты час аформлены экспазіцыі двух музеяў баявой славы, створаны атрад барабаншчыкаў і сцягавая група, а каманда “Нёман” рэгулярна становіцца пераможцай і прызёрам як гарадскіх, так і рэспубліканскіх “Зарніц”. І канечне, цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі — адзін з лепшых у краіне.

“Памылкова думаць, што кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні — гэта выключна настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі. Выкладанне гэтага вучэбнага прадмета толькі частка службовых абавязкаў. Яны значна шырэйшыя. Галоўнай задачай з’яўляецца арганізацыя і каардынацыя ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў. А гэта фарміраванне патрыятычнай свядомасці, пачуцця вернасці Радзіме, гатоўнасці да выканання задач па яе абароне”, — паведаміў Аляксандр Валер’евіч.

Кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні можа быць любы педагог. Галоўнае патрабаванне — вышэйшая адукацыя, вопыт ваеннай службы або засваенне праграмы падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу. Мужчына з армейскай выпраўкай і вытрымкай ніколі не будзе лішнім у педагагічным калектыве. Для класнага кіраўніка, педагога-арганізатара і загадчыка школьнага музея ён будзе яшчэ і добрым памочнікам. Гэта павінна быць шматгранная асоба, паколькі само паняцце ваенна-патрыятычнага выхавання шматграннае і шырокае, уключае не толькі заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы або ўдзел у “Зарніцы”. Урокі мужнасці — гэта таксама ваенна-патрыятычнае выхаванне, як і экскурсіі на мемарыялы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, вахты памяці, сустрэчы з ветэранамі, аказанне ім шэфскай дапамогі, прагляд і абмеркаванне кінафільмаў ваеннай тэматыкі, твораў літаратуры і мастацтва.

Памылкова думаць, што кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні — гэта выключна настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі. Ваенна-патрыятычнае выхаванне шматграннае і шырокае, уключае не толькі заняткі па дапрызыўнай падрыхтоўцы або ўдзел у “Зарніцы”.

“Са школы добра памятаю творы Льва Касіля, у якіх пра подзвігі чырвонаармейцаў расказваецца на цікавай і даступнай для дзяцей мове. Чаму б не параіць прачытаць гэтыя творы сённяшнім школьнікам? У нас, дарэчы, у памяшканні ціра вісяць плакаты, на якіх можна ўбачыць фотаздымкі герояў Вялікай Айчыннай вайны, вокладкі кніг з творамі на ваенную тэматыку, афішы адпаведных кінафільмаў. Такім чынам, нават падчас заняткаў па стральбе мы фарміруем у вучняў цікавасць да твораў мастацтва, якія будуць садзейнічаць выхаванню ў іх патрыятычных пачуццяў”, — адзначыў педагог.

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні працуе не толькі са старшымі класамі, дзе выкладаецца дапрызыўная падрыхтоўка. Сваёй дзейнасцю ён ахоплівае ўсю школу, пачынаючы ад малодшага звяна. Выхаваўчыя мерапрыемствы праводзяцца ў залежнасці ад узросту. Калі ў пачатковых класах акцэнт варта рабіць на гульнявым моманце, аповедзе пра герояў Вялікай Айчыннай, цікавых фактах з гераічнага мінулага нашага народа, то для больш старэйшых школьнікаў гэта ўжо экскурсіі па вайсковых часцях, на мемарыялы воінскай славы, месцы масавага пахавання мірных грамадзян.

“Трэба вазіць туды навучэнскую моладзь, каб яна ўсвядоміла, што такое вайна і што трэба зрабіць, каб трагедыя не паўтарылася. Калі нашы гімназісты ўпершыню паехалі ў знакаміты Чырвоны Бераг, то вярталіся адтуль ўражаныя. Наведванне падобных мясцін мяняе чалавека. Лічу, што кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні павінен абавязкова наведваць з вучнямі такія мемарыялы, і пачаць варта са свайго населенага пункта або раёна. Калі вучань пасадзіць дрэва на тэрыторыі мемарыяла, паслухае аповед настаўніка, то ўжо па-іншаму будзе адносіцца да падзей ваеннага часу. Многія праблемы ў выхаванні ўзнікаюць з-за пэўнага няведання, тым больш гэта недаравальна, калі размова пра Вялікую Айчынную вайну, самую разбуральную ў нашай гісторыі”, — падзяліўся Аляксандр Валер’евіч.

Міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі Фрунзенскага раёна нездарма лічыцца адным з лепшых у краіне. Высокі прафесіяналізм яго педагогаў, а таксама фінансавая дапамога з боку РГА “Белая Русь”, ДТСААФ, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна прыносяць плён. Прачытаўшы гэта, настаўнікі з невялікіх сельскіх школ могуць адзначыць, што ў сталіцы прасцей знайсці спонсараў і больш магчымасцей абсталяваць падобны цэнтр на высокім узроўні. Праўда ў гэтых словах ёсць, аднак толькі часткова. Адной з задач кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні з’яўляецца арганізацыя ўзаемадзеяння з усімі патэнцыяльнымі суб’ектамі ваенна-патрыятычнага выхавання. У такім супрацоўніцтве зацікаўлены структуры названых грамадскіх аб’яднанняў не толькі ў сталіцы.

“Некаторыя моманты ў нашай рабоце патрабуюць дадатковых арганізацыйных і фінансавых мер. Таму кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні павінен старацца ўзаемадзейнічаць з рознымі грамадскімі арганізацыямі, у тым ліку з ветэранскімі, якія заўсёды адгукаюцца на прапанову аб супрацоўніцтве. Чым больш кантактаў будзе наладжана, тым больш якаснай будзе выхаваўчая работа. Па вопыце нашай гімназіі магу сцвярджаць, што ўсе сілавыя структуры зацікаўлены ў арганізацыі прафарыентацыйных заняткаў на базе агульнаадукацыйных устаноў. У нас яны праводзяцца амаль кожны тыдзень. І вельмі важна, што на іх прыходзяць не толькі афіцэры, але і курсанты, практычна равеснікі старшакласнікаў. Калі яны дзеляцца сваімі ўражаннямі, то хлопцы хутчэй прымаюць на веру іх словы”, — адзначыў Аляксандр Валер’евіч.

Падрыхтоўка навучэнцаў і забеспячэнне іх удзелу ў спаборніцтвах ваенна-патрыятычнай накіраванасці, Рэспубліканскай спартакіядзе па праграме зімовага і летняга мнагаборства “Абаронца Айчыны” таксама важныя задачы ў рабоце кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Педагогі гімназіі № 43 Мінска спраўляюцца з імі на выдатна.

“Канечне, нам прасцей набраць каманду навучэнцаў для “Зарніцы”, чым калегам з малакамплектных сельскіх школ, — разважае А.В.Іваноў. — Аднак, на маю думку, практычна ў любой установе адукацыі можна стварыць каманду з 10 навучэнцаў. Тут важна зацікавіць дзяцей, каб у іх, як кажуць, гарэлі вочы. Калі атрымаецца (гэта я па нашых “зарнічніках” заўважаю), то яны могуць выконваць нават нарматывы для ваеннаслужачых Узброеных Сіл. Напрыклад, на надзяванне процівагаза даецца 7 секунд. У нашых дзяцей было вялікае жаданне, таму пасля 40 мінут трэніровак яны ўкладваліся ў 7—8 секунд. Важна зацікавіць. Калі дзіця будзе бачыць, што з ім займаюцца шчыра, з жаданнем, то і яму самому стане цікава, а там і бацькі падцягнуцца”.

Як начальнік цэнтра Аляксандр Валер’евіч з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў дапрызыўнай падрыхтоўкі. У гэтым годзе да аб’яднання далучыліся кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні. Ужо 3 лістапада пройдзе пасяджэнне метадычнага аб’яднання, на якім, безумоўна, будуць разглядацца і пытанні работы педагогаў на новай пасадзе. “Настаўніцкая газета” абавязкова будзе асвятляць дзейнасць кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Гэта адказная пасада, бо патрыётамі, як вядома, не нараджаюцца, патрыётаў выхоўваюць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.