Аб’ектаванае і суб’ектаванае аблічча нацыі

10 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя электроннага выдання “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917—1922 гг.”.

Выданне двайнога DVD “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917—1922 гг.” стала вынікам рэалізацыі сумеснага праекта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць значнымі калекцыямі айчынных перыядычных выданняў гэтага перыяду.

Беларускія газеты, якія выдаваліся ў складаны час узрушэнняў, перамен і пабудовы новага дзяржаўнага ладу, сталі сапраўдным летапісам жыцця беларускага народа, каштоўнымі першакрыніцамі і неперадузятымі сведкамі свайго часу. Як адзначыў на прэзентацыі электроннага выдання дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, у той знакавы для беларускай гісторыі перыяд газетныя матэрыялы ствараліся па прынцыпе “што бачу, тое пішу” фактычна ў адсутнасці якой-небудзь цэнзуры. Таму тагачасныя газеты — гэта, сапраўды, люстэрка тых падзей, дум, мар, жаданняў, якія былі ва ўсіх удзельнікаў гістарычнага працэсу. “А яшчэ адной важнай асаблівасцю таго часу, — заўважыў Раман Сцяпанавіч, — было тое, што тады ні дэ юрэ, ні дэ факта на тэрыторыі Беларусі не было ўстановы, якая б прэтэндавала на функцыі галоўнай дзяржаўнай бібліятэкі. Не было ўвогуле буйных бібліятэк, якія б, нягледзячы ні на што, збіралі перыёдыку. І таму нядзіўна, што газеты, якія выдаваліся яшчэ да стварэння Нацыянальнай бібліятэкі і Нацыянальнай кніжнай палаты, проста разышліся па свеце. Штосьці потым шукалі, штосьці не шукалі. Але сёння, праз сто гадоў пасля тых лёсавызначальных падзей у нашай гісторыі, мы разам з нашымі калегамі зрабілі спробу сабраць разам усе тагачасныя беларускія газеты ў адзін рэсурс. Хоць мы не можам сказаць, што гэта поўны збор, таму што мы нават не маем спіса ўсіх тых газет, якія выходзілі ў той час. Рэканструяваць гэты спіс — задача нашых гісторыкаў, бібліёграфаў, архівістаў, бібліятэкараў на будучыню”.

У сваю чаргу дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыня парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк назваў электроннае выданне “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917—1922 гг.” рэальным абліччам беларускай нацыі, дакументаваным у газетах як дакументах часу і суб’ектаваным у канкрэтных тэкстах і вобразах. “У тагачасных беларускіх палітычных дзеячаў, як і наогул у грамадства, былі розныя погляды, розныя ўстаноўкі, — адзначыў І.А.Марзалюк. — І ўсе гэтыя ўстаноўкі, а таксама ўсе фобіі, памкненні, варыянты пажаданай будучыні Беларусі, адлюстроўваліся на старонках перыёдыкі. А перыядычны друк, як вядома, гэта надзвычай спецыфічная крыніца. Гэта заўсёды пэўныя міфалагемныя рады поруч са строгай дакументацыяй, публікацыяй маніфестаў, дэкларацый і адозваў, маніпуляваннем масавай свядомасцю, стварэннем уяўных ворагаў і г.д. Але самае важнае тое, што ў выданні якраз напоўніцу і прадстаўлена гэтае разнастайнае беларускае палітычнае “эга”, беларускае палітычнае “я”. Нацыянальная бібліятэка Беларусі разам з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь, рэалізаваўшы гэты бліскучы праект, зрабілі каласальны падарунак усім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, хто хоча зразумець логіку нашых продкаў, ад якіх залежаў у свой час і лёс нас усіх, сённяшніх. І яны зразумеюць, што людзі, якія ў 1917 годзе на Усебеларускім з’ездзе былі разам, а ў 1918 і 1919 гадах па волі лёсу раз’ядналіся і апынуліся ў розных лагерах, разам з тым працавалі дзеля аднаго — стварэння беларускай дзяржаўнасці. І зрабілі ўсё, што ад іх залежала, каб над Беларуссю ўзыходзіла беларускае сонца. Аднадумцы — не тыя, хто думае аднолькава, а тыя, хто думае аб адным. А яны думалі аб адным — беларускім нацыянальным доме”.

На двух дысках DVD “Станаўленне беларускай дзяржаўнасці: па старонках беларускіх газет 1917—1922 гг.” размешчаны электронныя копіі каля 2400 нумароў газет, якія выходзілі ў 1917—1922 гг. на тэрыторыі сучаснай Беларусі і за яе межамі, але мелі дачыненне да Беларусі (Вільня, Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск, Масква, Орша, Смаленск і інш.). Прадстаўлена перыёдыка пераважна на беларускай і рускай мовах, і толькі дзве газеты на польскай — Dziennik Grodzieński (“Гродзенская газета”, Гродна) і Głos robotniсzy (“Рабочы голас”, Гродна). Для даследчыкаў уся змешчаная ў выданні перыёдыка з’яўляецца багатым фактаграфічным матэрыялам, які можна выкарыстоўваць як крыніцазнаўчую базу для вывучэння гісторыі Беларусі, правядзення гісторыка-аналітычных даследаванняў розных аспектаў палітычнага, эканамічнага і сацыяльна-палітычнага культурнага жыцця краю. Электроннае выданне забяспечана зручным інтэрфейсам (на беларускай і рускай мовах), грунтоўным уводным артыкулам загадчыка аддзела гісторыі Беларусі Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдата гістарычных навук А.У.Унучка і падрабязнай бібліяграфічнай інфармацыяй. Што немалаважна, мінімальныя сістэмныя патрабаванні (Intel Pentium II 400; 64 Mb RAM; SVGA; Windows 98) зробяць выданне даступным ва ўстановах адукацыі з розным узроўнем камп’ютарнай абсталяванасці.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.