Аб фарміраванні інклюзіўнай культуры

Раённы семінар-практыкум для намеснікаў кіраўнікоў па асноўнай дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі, кіраўнікоў па вучэбнай і вучэбна-выхаваўчай рабоце “Арганізацыя работы ўстановы дашкольнай адукацыі па фарміраванні інклюзіўнай культуры сярод удзельнікаў адукацыйнага працэсу” адбыўся ў яслях-садзе № 11 г. Навагрудка.

Метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама С.П.Гайдук звярнула ўвагу на актуальнасць праблемы фарміравання інклюзіўнай культуры сярод удзельнікаў удукацыйнага працэсу: усе дзеці ўнікальныя і могуць атрымліваць адукацыю незалежна ад псіхафізічных і іншых асаблівасцяў, і ўстанова адукацыі павінна ствараць спрыяльныя ўмовы для развіцця дзяцей у адпаведнасці з узроставымі і індывідуальнымі асаблівасцямі.

Была прадстаўлена сістэма работы ясляў-сада № 11 па фарміраванні інклюзіўнай культуры. Супрацоўніцтва педагогаў, дзяцей і бацькоў — аснова інклюзіўнага падыходу, які стварае асяроддзе і культуру ўстановы дашкольнай адукацыі, дзе абсалютна ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу раўнацэнныя.

Фота да матэрыялу: Аб фарміраванні інклюзіўнай культуры.Зацікавіў на семінары фрагмент бінарных лагарытмічных заняткаў “Падарожжа ў краіну добрага настрою”, галоўная мэта якога — прыцягненне дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця да сумесных дзеянняў з аднагодкамі. Таксама прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з фрагментам карэкцыйна-гульнявых заняткаў настаўніка-дэфектолага па сенсаматорным развіцці.

Напрыканцы праведзена коўчынг-сесія “Насустрач адзін аднаму”: педагогі абмеркавалі праблемы, з якімі сутыкаюцца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, і шляхі іх вырашэння ў рамках установы дашкольнай адукацыі.

Таццяна КВЕТКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 11 Навагрудка.