Аб інфармацыйнай экалогіі і інфармацыйнай абароне асобы ішла размова на міжнародным журналісцкім форуме

Інтэрнэт-рэсурсы з’яўляюцца эфектыўным інструментам фарміравання грамадскай думкі. Аб гэтым заявіў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч на XIII Беларускім міжнародным медыяфоруме “Партнёрства ў імя будучыні: лічбавы парадак для медыяпрасторы”.

“Складаючы парадак дня медыяфоруму, думалі пра галоўнае — як прадставіць больш шырокую палітру кампетэнтных разважанняў аб тым, што сёння адбываецца ў медыяпрасторы. Тэма размовы была акрэслена наступным чынам: інтэрнэт-рэсурсы як эфектыўны інструмент фарміравання грамадскай думкі”, — адзначыў міністр.

“Журналістаў часта абвінавачваюць у спробах маніпуляваць грамадскай свядомасцю, у нас бачаць арганізатараў інфармацыйных войнаў. Можа, усё значна прасцей і журналісты ўсяго толькі шукаюць праўду, імкнуцца на словах выбудаваць дарогу ад рэчаіснасці да ідэалаў жыццёвага ўладкавання? Але часта здараецца так, што слова становіцца каталізатарам, з’яўляецца грознай зброяй, страляе ў сэрца, душы, пранізвае свядомасць”, — падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч. Ён сказаў, што 5 месяцаў назад кіраўнік дзяржавы звярнуўся да журналістаў са словамі, што іх задача — фарміраваць канструктыўную грамадскую думку праз своечасовую аб’ектыўную падачу матэрыялу. Міністр заклікаў ставіцца з разуменнем, з павагай да ўсіх каштоўнасцей свабоднага дэмакратычнага грамадства.

XIII Беларускі міжнародны медыяфорум “Партнёрства ў імя будучыні: лічбавы парадак дня для медыяпрасторы” прайшоў 11—14 верасня ў Мінску і Мінскай вобласці. У ім прынялі ўдзел каля 300 чалавек, прадстаўнікі амаль 30 краін свету — не толькі СНД, але і далёкага замежжа.

Удзельнікамі XIII Беларускага міжнароднага медыяфоруму была прынята рэзалюцыя, у якой адзначана, што СМІ трэба кансалідаваць намаганні ў барацьбе з фэйкавай інфармацыяй і непрафесіяналізмам.

Ва ўмовах глабальнага пераходу на лічбавы фармат імклівыя змяненні адбываюцца не толькі ў развіцці новых тэхналогій, але і ў формах і метадах журналісцкай дзейнасці, гаворыцца ў дакуменце. “У інфармацыйнай прасторы назіраецца дынамічнае ўзаемапранікненне традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі і сацыяльных медыя. На фоне новых тэхнічных магчымасцей самарэалізацыі асобы ў цэлым расце роля грамадскасці ў фарміраванні аблічча сучаснай медыяпрасторы і інфармацыйнага парадку дня”, — адзначаецца ў рэзалюцыі.

Удзельнікі медыяфоруму канстатавалі, што нараўне з пазітыўнымі зменамі пераход у лічбавы фармат медыяпрасторы нясе і пэўныя негатыўныя наступствы, адмоўна ўплываючы на дакладнасць, якасць, аб’ектыўнасць інфармацыйных патокаў. Сёння стаіць пытанне не проста аб барацьбе з фэйкавай інфармацыяй і непрафесійнымі падыходамі да асвятлення сур’ёзнай праблематыкі, але і аб забеспячэнні інфармацыйнай экалогіі і інфармацыйнай абароне асобы.

“У гэтых умовах вельмі важным бачыцца захаванне аўтарытэту і пазіцый традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі — друкаваных і электронных — як суб’ектаў інфармацыйнага поля, што ў поўнай меры здольны несці адказнасць перад грамадствам за якасць, паўнату і дакладнасць прадастаўленай інфармацыі, маюць магчымасці забяспечваць прафесійны падыход да стварэння і распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі”, — гаворыцца ў дакуменце.