Аб самым дарагім на свеце чалавеку

У гімназіі № 1 Зэльвы праведзены шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Дню маці.

На адкрыцці тыдня навучэнцы падзяліліся вуснымі творамі на тэму “Аб самым дарагім на свеце чалавеку”. Апавяданні дзяцей атрымаліся вельмі кранальнымі. Маленькія гімназісты з любоўю малявалі партрэт сваёй мамы. Кожнаму хацелася адлюстраваць самыя лепшыя яе рысы. Усе мамы ўсміхаюцца з партрэтаў. Старшыя навучэнцы запісалі відэавіншаванне з самымі цёплымі і ўдзячнымі словамі ў адрас сваіх любімых мам, а навучэнцы сярэдняй ступені пісалі віншаванні і пажаданні на сэрцайках, якія былі размешчаны ў выпуску тэматычнай насценгазеты. Акцыя “Павіншуем маму разам” і флэшмоб “Павіншуй маму” вельмі спадабаліся мамам нашых вучняў. Завяршыўся тыдзень вечарам адпачынку ў гонар маці “Благаславёна будзь, жанчына-маці!” у шосты школьны дзень.

Мамы выказалі словы падзякі педагогам і сваім дзецям. Такія мерапрыемствы спрыяюць умацаванню сям’і, прывіццю павагі да жанчыны, маці. І, як правіла, іх з ахвотай наведваюць не толькі мамы, але і таты нашых гімназістаў.

Вольга ДРАЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Зэльвы.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *