Аб важнасці сямейных традыцый, пераемнасці пакаленняў і значэнні веры разважалі школьнікі са Скідзеля

- 16:18Духовность и патриотизм, Новости

У сярэдняй школе № 3 імя Я.М.Шаўчэнка ў рамках юбілейнай, XX навукова-практычнай канферэнцыі была арганізавана работа тэматычнай секцыі “Традыцыі. Духоўнасць. Адраджэнне”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— З 2022 года ў нашай установе дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр “Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў праз узаемадзеянне сям’і і школы на аснове праваслаўных традыцый беларускага народа”. Аднак работа ў гэтым напрамку пачалася значна раней. Больш за 15 гадоў супрацоўнічаем з храмам Навамучанікаў і Вызнаўцаў зямлі Беларускай у Скідзелі. Менавіта столькі гадоў для вучняў пачатковай школы дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Храм душы маёй”, — пачала размову кіраўнік рэсурснага цэнтра Ала Іадкоўская.

На працягу многіх гадоў тэма духоўна-маральнага выхавання — адна з ключавых у адукацыйнай прасторы скідзельскай школы. І ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі — адзін з вынікаў такой работы.

— У гэтым годзе нашы вучні прадставілі цікавыя работы, — адзначыла Ала Уладзіміраўна. — Адзінаццацікласніца Вікторыя Сцепанюк расказала пра сваю сям’ю і яе шлях да храма. Вучань 4 класа Мікіта Пятроў звярнуў увагу на рэалізацыю праекта “Алея баявой славы” — музея баявой тэхнікі пад адкрытым небам, экспанаты якога размяшчаюцца на беразе ракі Скідзялянкі.

Многія дзеці падзяліліся сямейнымі гісторыямі і гаварылі пра сваіх прадзедаў — удзельнікаў і сведак Вялікай Айчыннай вайны.

У рабоце секцыі прыняў удзел настаяцель храма Навамучанікаў і Вызнаўцаў зямлі Беларускай Скідзеля протаіерэй Кірыл Блізнюк. Ён высока ацаніў работы хлопчыкаў і дзяўчынак, падзякаваў выступоўцам і ў заключ­ным слове падкрэсліў, што кожная з прадстаўленых работ — бясцэнны маленькі вопыт сумеснага руху па шляху адраджэння праваслаўных традыцый сям’і, захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і ветэранах.

— Такія сустрэчы — не толькі пра патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне школьнікаў. Яны садзейнічаюць раскрыццю творчага патэн­цыялу дзяцей, фарміраванню цікавасці да гісторыі праз асабістыя сямейныя гісторыі, — звярнуў увагу настаяцель храма.

Узаемадзеянне з Гродзенскай епархіяй дапамагае стварыць умовы для паслядоўнага далучэння вучняў да духоўна-маральных каштоўнасцей беларускага народа, у аснове якіх ляжыць хрысціянская маральная традыцыя.

У календары важных школьных мерапрыемстваў заўсёды адведзена месца сустрэчам пад знакам духоў­насці. У студзені, напрыклад, у сярэдняй школе № 3 Скідзеля імя Я.М.Шаў­чэнка прайшоў тэматычны семінар з удзелам архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія.

— Нашы вучні тады прадставілі святочную музычна-тэатралізаваную калядную казку. Сваім вопытам узаема­дзеяння з прыходамі храмаў дзяліліся таксама калегі з дзіцячага сада аграгарадка Абухава і Гожскай сярэдняй школы. І архіепіскап Антоній у сваім выступленні падзякаваў кіраў­ніцтву і педагогам Гродзенскага раёна за актыўнае супрацоўніцтва ў справе духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення і самаадданае служэнне, — дадала Ала Ула­дзіміраўна.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі