Аб’яднала алімпіяда

- 11:42Адукацыйная прастора

Лепшых знаўцаў рускай мовы і літаратуры выявіў заключны этап алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, які адбыўся ў Магілёве.

Горад на Дняпры аб’яднаў звыш 190 навучэнцаў старшых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі дзвюх краін, якія прайшлі рэгіянальныя адборы. Удзел у заключным этапе алімпіяды прынялі 32 каманды. Гэта юныя інтэлектуалы, якія прадстаўлялі 23 расійскія рэгіёны, а таксама навучэнцы з усіх абласцей Беларусі, Мінска (у тым ліку Ліцэя БДУ).

Фінал алімпіяды прадугледжваў два абавязковыя туры. Школьнікі пісалі сачыненне і выконвалі комплексную работу па рускай мове і літаратуры. Заданні былі арыентаваны на выяўленне ва ўдзельнікаў творчых здольнасцей, цікавасці да рускай культуры і яе месца ў сусветнай прасторы. Паказаць сябе ўдзельнікі маглі таксама ў творчых конкурсах. Хлопцам і дзяўчатам давалася магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці ў рытарычным майстэрстве, выразным літаратурным чытанні і лінгвістычнай віктарыне ці конкурсе знаўцаў. Веды вучняў ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі вядучыя беларускія і расійскія вучоныя, выкладчыкі УВА.

— Заданні былі разнастайнымі. Яны патрабавалі не толькі пэўных тэарэтычных ведаў, але і ўменняў аналіза­ваць літаратурны і моўны матэрыял. І прыемна, што ўдзельнікі прадэманстравалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Гэта сапраўды творчыя, таленавітыя навучэнцы. Вельмі радасна было назіраць за бліскучым выступленнем дзяўчынкі з сельскай школы на конкурсе знаўцаў, за прафесійнай навуковай гутаркай дзяўчынкі і прафесара падчас алімпіяды, — паведаміў старшыня журы начальнік навукова-даследчага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі Беларусі В.Ф.Русецкі.

Адметна, што аднымі спаборніцтвамі алімпіяда не абмежавалася. Прыярытэтная задача турніру — умацаванне культурных і сяброўскіх сувязей паміж школьнікамі дзвюх краін, таму на працягу шасці алімпіядных дзён для ўдзельнікаў была арганізавана шырокая экскурсійная праграма, якая дазволіла ім падрабязна азнаёміцца з гістарычнымі і культурнымі традыцыямі беларускага народа, пагля­дзець на славутасці Магілёва. Акрамя таго, для школьнікаў правялі тэматычныя канцэртныя праграмы, вечары дружбы, яны паўдзельнічалі ў грамадзянска-патрыятычнай акцыі. Прадстаўнікі ўсіх каманд таксама традыцыйна высадзілі алею Дружбы.

— Мы вельмі рады, што змаглі паўдзельнічаць у алімпіядзе. Гэта значны вопыт. Заданні былі складанымі, але пры належнай падрыхтоўцы асноўных тэарэтычных ведаў было цалкам дастаткова. Вельмі спадабалася, што пры напісанні сачынення даваўся выбар у жанрах і тэмах. Можна было выбраць сапраўды нешта блізкае для сябе. А яшчэ асобныя тэмы былі звязаны з іншымі відамі мастацтва: тэатрам, кінематографам, што таксама цікава. Парадавала і насычаная культурная праграма. Для нас арганізавалі экскурсіі, канцэрты, забавы. Усё гэта дапамагала зняць хваляванне і напружанне пасля конкурсных тураў. Хацелася б адзначыць і беларускую гасціннасць. Нам заўсёды гатовы былі ака­заць любую дапамогу і падтрымку, — расказалі прадстаўніцы каманды Ленінградскай вобласці Настасся Папова, Софія Кузняцова, Віялета Ефіменка, Валерыя Бялова.

— Для мяне заданні былі складанымі. Яны патрабавалі не толькі пэўных ведаў, але і агульнай эрудзіраванасці. Парадавала, што праграма не абмежавалася толькі конкурснымі турамі. Дзякуючы розным культурным мерапрыемст­вам, алімпіяда стала выдатнай магчымасцю для пошуку новых сяброў па інтарэсах з іншых гарадоў, — падзяліўся ўдзельнік каманды Валгаградскай вобласці Уладзімір Канавалаў.

Галоўнай падзеяй алімпіяды стала цырымонія ўзнагароджання. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі пераможцы конкурсаў рытарычнага майстэрства, літаратурнага выразнага чытання і лінгвістычнай віктарыны. Пераможцамі  алімпіяды сталі 56 вучняў. Дыпломаў І ступені ўдастоіліся 11 чалавек — гэта прадстаўнікі Разанскай, Яраслаўскай, Арлоўскай, Гомельскай, Брэсцкай абласцей, Мінска і Масквы. Абсалютным пераможцам алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы стала вучаніца гімназіі № 51 Гомеля Паліна Салміна. Яна была ўзнагароджана спецыяльным дыпломам і прызам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

— За 14 гадоў алімпіяды мы ўжо ўбачылі яе вынікі. Сот­ні пераможцаў сталі сапраўднымі прафесіяналамі, змаглі нарасціць свае кампетэнцыі ў дарослым жыцці. Гэта вельмі важна, каб наша моладзь умела ставіць перад сабой мэты, дасягаць іх. Маладыя людзі — носьбіты гераічнага мінулага нашых народаў, якім перадаваць каштоўнасці і культуру наступным пакаленням, таму асабліва значна, што алімпіяда — гэта не толькі спаборніцтвы, конкурсы, але і зносіны моладзі. Тую дружбу, якая ўзнікае тут, на гэтай пляцоўцы, яны пранясуць праз усё сваё жыццё. А дружба паміж людзьмі — гэта аснова дружбы народаў і аснова моцнай дзяржавы, — падкрэсліла першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь І.А.Старавойтава.

— Алімпіяда — цудоўнае мерапрыемства. Гэта не толькі інтэлектуальныя спаборніцтвы моладзі дзвюх сяброўскіх краін, гэта агульнасць маладых людзей, якія маюць адзіныя гістарычныя і культурныя карані. Калі яны дзеляцца сваімі ведамі адно з адным, фарміруецца супольнасць аднадумцаў, якая ў далейшым будзе развіваць нашы дзяржавы, — дадаў намеснік міністра асветы Расійскай Федэрацыі В.С.Басюк. 

Намеснікі міністраў узнагародзілі лідараў каманднага заліку алімпіяды. Па агульнай суме набраных балаў пераможцамі сёлета сталі прадстаўнікі Гомельскай вобласці. Другое каманднае месца падзялілі навучэнцы з Гродзенскай і Віцебскай абласцей, трэцяе месца — у каманд Мінскай вобласці, Мінска і Масквы.

— Віншую ўсіх пераможцаў. Няхай заваяванне гэтага алімпу спрыяе вашым далейшым поспехам. Вялікая падзяка ўсім, хто прымаў удзел у арганізацыі алімпіяды, а таксама бацькам і педагогам, якія развіваюць імкненне да ведаў у дзяцей, — адзначыў намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы В.І.Сірэнка.

У канцы цырымоніі адбылася ўрачыстая перадача сцяга алімпіяды. Эстафета яе правядзення перададзена расійскаму боку. Плануецца, што ў наступным годзе алімпіяда пройдзе ў Валгаградзе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.