Аб’ядналі спорт і навуку

- 14:58Выхаванне

29 чэрвеня ў сталічным дзіцячым парку імя Максіма Горкага працавала інтэрактыўная пляцоўка “Атомдвиж”. Тут дзецям праз актыўныя гульні і займальныя шоу расказвалі пра законы фізікі, сучасныя тэхналогіі і дасягненні навукі.

Дзеці, якіх прывялі ў парк у гэтую нядзелю, змаглі прайсці своеасаблівы квест — паспрабаваць сябе ў кожнай са спартыўна-інтэлектуальных гульняў, каб паўдзельні­чаць у віктарыне і выйграць карысныя прызы. Напрыклад, падчас гульні “Цэнтрыфуга” дзеці вучыліся балансаваць сваёй вагой на спецыяльным дыску, каб загнаць шарык да канца лабірынта. А тым часам куратар тлумачыў гульцам, як была адкрыта газавая цэнтрыфуга і як яе выкарыстоўваюць у ядзернай энергетыцы. Пра Вялікі адронны калайдар расказвалі ў зоне актывацыі “Паскаральнік часціц”, дзе замест часціц былі мячыкі, якія бацькі і дзеці разганялі з дапамогай тэнісных ракетак. Ідэю інтэлектуальна-спартыўнага свята працягнулі і шашкі, у якія дзеці гулялі не звычайнымі фігурамі, а пратонамі і электронамі. Больш за ўсё ўвагі прыцягваў да сябе “Атамны футбол”, удзельнікі якога пазнаёміліся з броўнаўскім рухам.

А для дзецей, якім даспадобы больш спакойныя забавы, былі падрыхтаваны незвычайныя размалёўкі: як сапраўдныя мастакі хлопчыкі і дзяўчынкі сядзелі на беразе Свіслачы з мальбертамі і размалёўвалі каляровай крэйдай дудлы з выявамі альтэрнатыўных крыніц энергіі. Таксама ўдзельнікі свята сталі гледачамі футбольнага фрыстайла, азотнага шоу і іншых выступленняў.

Напрыканцы ўсе сабраліся на навукова-папулярную лекцыю “Дыета і сэнс жыцця” дыетолага і ўрача-эндакрынолага Вікторыі Болбат. Яна разам з бацькамі паразважала пра фарміраванне правільных звычак у харчаванні, паспрабавала разбурыць папулярныя міфы пра дыеты і здаровы лад жыцця:

— Важна асэнсаваць, што, каб навучыць правільнаму харчаванню, трэба пачаць з сябе, са свайго рацыёну, — падкрэсліла Вікторыя. — Абавязкова тлумачце дзіцяці, як гатуюцца розныя стравы і якія з іх карысныя, а якія шкодныя для арганізма. На маю думку, навучыць здароваму харчаванню — гэта задача не толькі сям’і, але і школы. Я мару, каб у школе з’явіўся факультатыў “Навука пра харчаванне”, каб дзеці больш свядома падыходзілі да выбару прадуктаў.

Так, за адзін дзень госці свята змаглі адпачыць на свежым паветры, пашырыць свой навуковы кругагляд і па­клапаціцца пра сваё здароўе. А найбольш актыўныя атрымалі прызы і падарункі, самы жаданы з якіх — фітнес-бранзалет, што якраз і ўвасабляе аб’яднанне навукі і спорту.

Арганізатарам свята выступіў Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергетыцы Мінска пры падтрымцы Інжынірынгавага дывізіёна дзяржкарпарацыі “Расатам” і са­дзейнічанні адмі­ністрацыі Партызанскага раёна Мінска. У мінулым годзе падобнае мерапрыемства — фестываль “Зялёны квадрат” — праходзіла ў Астраўцы. Такія акцыі плануюць праводзіць рэгулярна.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.