Аб’яднальная пляцоўка

- 10:10Актыўная пазіцыя

Алена АНУФРОВІЧ, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства:

— Мы нярэдка задаёмся пытаннямі, хто такі патрыёт і ці не дапускаем мы памылак у патрыятычным выхаванні нашай моладзі. Ведаць адказы на гэтыя пытанні асабліва важна ў Год народнага адзінства. Для мяне патрыёт — гэта чалавек, які не толькі любіць сваю краіну, народ, гэта яшчэ і законапаслухмяны грамадзянін.

Турызм і краязнаўства дапамагаюць выхоўваць патрыётаў? Безумоўна. Удзел школьнікаў у самакіраванні — таксама патрыятычнае выхаванне, як і вывучэнне гісторыі Радзімы, свайго роду, добраўпарадкаванне помнікаў, дапамога ветэранам. Добрыя вынікі мы атрымліваем, працуючы з матываванымі дзецьмі, якія займаюцца ў края­знаўчых гуртках і патрыятычных клубах. Аднак наша задача — ахапіць максімальную колькасць вучняў.

Інтэрактыўная платформа дапамагае ў гэтым, бо дазваляе трансліраваць лепшы вопыт і традыцыі ўстаноў адукацыі. Рэсурс стаў аб’яднальнай пляцоўкай для правядзення сумесных мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці. Ідэя платформы — быць своеасаблівым дапаможнікам і для дзяцей, і для педагогаў.

Платформа змяшчае шэраг модуляў. Напрыклад, у модулі “Афіша падзей” можна азнаёміцца з анонсам мерапрыемстваў. Модуль “Партнёры” на сённяшні дзень змяшчае інфармацыю пра больш як 30 устаноў і арганізацый, якія выступаюць арганізатарамі гэтых мерапрыемстваў. Модуль “Канферэнц-зала” змяшчае тры ўкладкі: “Лекцыйная зала”, “Кіназала” і “Дыялогавая зала”. Модуль “Бібліятэка” ўключае “Нарматыўныя дакументы”, “Вучэбныя матэрыялы”, “Фота і відэа”.

Па ініцыятыве моладзі і педагагічнай грамадскасці пры падтрымцы Міністэрства адукацыі ў Год народнага адзінства створана інтэрактыўная платформа “Патрыёт.by”. На сайце patriot.rcek.by адбываюцца трансляцыі найбольш значных мерапрыемстваў, размешчана актуальная інфармацыя аб праектах патрыятычнай накіраванасці. Каардынатарам платформы выступае Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.

Асобна хацелася б спыніцца на развіцці адукацыйнага турызму. У адпаведных модулях платформы можна азнаёміцца з нарматыўнымі і метадычнымі дакументамі ў галіне адукацыйнага турызму, распрацаванымі маршрутамі экскурсій і турыстычных паходаў. Больш за 500 экспедыцыйных атрадаў і турыстычных груп з устаноў адукацыі ўсіх узроўняў, у тым ліку УВА, прынялі ўдзел ва Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”. Лепшыя праекты будуць прадстаўлены на платформе ў канцы снежня.

Мы невыпадкова акцэнтуем увагу на адукацыйным турызме. Любоў да Радзімы пачынаецца з паходаў па родным краі, вывучэння яго гісторыі, прыродных асаблівасцей. Актыўнае развіццё турызму пачалося ў 50—60-я гады. Тады ў школах працавала шмат настаўнікаў-франтавікоў. Яны стваралі турыстычныя гурткі, падарожнічалі з вучнямі па месцах баявой славы. Такія педагогі былі ў кожнага з нас, у тым ліку і ў мае школьныя гады. Менавіта гэтыя настаўнікі закладвалі традыцыі патрыятычнага выхавання. У сённяшніх школьнікаў ужо няма такога багатага вопыту сустрэч з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, які быў у нас. Таму і ўзнікае пытанне: як не перарваць багатыя традыцыі патрыятычнага выхавання?

Адказ якраз і можна знайсці на сайце інтэрактыўнай платформы. Запрашаем педагогаў не толькі ўдзельнічаць у анлайн-праектах, але і разві­ваць платформу разам. Для гэтага трэба завітаць у “Дыялогавую залу”.

Падрыхтаваў Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.