Аб’яднальная сіла гісторыі

- 11:07Адукацыйная прастора

У баранавіцкай сярэдняй школе № 1 імя Сяргея Грыцаўца адкрыўся першы ў Беларусі музей народнага адзінства.

— Галоўная мэта нашага музея — выхаванне грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай сама­свядомасці на аснове дзяржаўнай ідэа­логіі і гістарычнай памяці, прычым не толькі ў моладзі, але і ў дарослых, — расказала дырэктар школы Марына Купцова. — Экспазіцыі расказваюць пра народныя традыцыі, подзвігі і гераізм землякоў, дасягненні сучаснай беларускай дзяржавы. Сабраныя прадметы дапамагаюць наведвальнікам усвядоміць, што наша сіла — у а­дзінстве.

Асноўны распрацоўшчык музейнай канцэпцыі — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Маклюк, якая ўсяго за 3 месяцы разам з іншымі педагогамі падрыхтавала дзве вельмі цікавыя экспазіцыі. Адна з іх (“У адзінстве наша сіла!”) расказвае пра станаўленне беларускай дзяржаўнасці ад Полацкага княства да нашых дзён. Экс­пазіцыя аснашчана QR-кодамі. На аб’ёмных стэндах прадстаўлена інфармацыя пра прыроду і насельніцтва краіны, яе культурныя і эканамічныя асаблівасці. 

Госці могуць адправіцца ў віртуальнае падарожжа па рэгіёнах краіны, азнаёміцца з дзейнасцю органаў дзяржаўнай улады з дапамогай інфармацыйнага “барабана” — інтэрактыўнага стэнда на аснове, якая круціцца. У музеі таксама ўсталяваны 4 мабільныя падлогавыя стэнды, якія расказваюць пра традыцыі і дасягненні беларускага народа. З культурнай спадчынай і карцінамі айчынных мастакоў знаёмяць дэманстрацыі на светлавой мазаіцы і праекцыі на галаграфічным вентылятары.

Паколькі школа названа ў гонар ураджэнца Баранавіцкага раёна двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца, было вырашана прысвяціць другую экспазіцыю (“Бессмяротны подзвіг “крылатых” герояў”) легендарным лётчыкам, чый лёс звязаны з Баранавічамі. Сярод іх, акрамя Сяргея Грыцаўца, першы Герой Беларусі Ула­дзімір Карват, авіятары Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч, якія загінулі над польскім Радамам, а таксама Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка, якія ў маі гэтага года, ахвяруючы сваім жыццём, адвялі няспраўны самалёт ад шчыльнай жылой забудовы на пустку, тым самым папярэдзіўшы яшчэ большую трагедыю.

Міністэрства абароны перадало школьнаму музею шэраг экспанатаў, звязаных з авіяцыяй. Самы цікавы і каштоўны з іх — кабіна сапраўднага самалёта, абсталяваная авіяцыйным трэнажорам, з дапамогай якога наведвальнікі могуць адчуць сябе пілотамі. Увазе гасцей прадстаўлены таксама арыгінальныя гідрашлем і гідракасцюм лётчыкаў.

Па словах Марыны Купцовай, музей удалося так хутка стварыць і напоўніць змястоўнай экспазіцыяй дзякуючы сур’ёзнай падтрымцы з боку органаў мясцовай улады, арганізацый і прадпрыемстваў горада, прадстаўнікі якіх добра разумеюць вялікі выхаваўчы патэнцыял музейнай педагогікі. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.