Аб’яднаныя Вогнікам

13 верасня Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя адзначыла свой 29-ы дзень нараджэння. Да гэтага дня быў прымеркаваны I Рэспубліканскі форум важатых БРПА “Будучыня за намі!”, які прайшоў у Мінску пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Пляцоўка на два дні аб’яднала больш за 250 чалавек — акцябрат, піянераў, а таксама лідараў дзіцяча-юнацкага руху з усіх куткоў Беларусі.

“Форум — гэта наш новы метадычны праект, які, спадзяюся, прадаставіў кожнаму арганізатару піянерскага руху шмат новай інфармацыі і даў магчымасць пагутарыць з аднадумцамі, даведацца пра апрабаваныя на практыцы цікавыя праекты, — патлумачыла старшыня БРПА Аляксандра Ганчарова. — Падчас форуму кожны старшыня раённага, гарадскога ці абласнога савета атрымаў метадычныя кейсы, бо разам з традыцыйнымі праектамі ў новым навучальным годзе ў нас стартуюць новыя праекты: творчыя, грамадзянска-патрыятычныя, экалагічныя. Так, самым маштабным будзе спартыўна-патрыятычны фестываль “Вогнік збірае сяброў”, які пройдзе вясной і на якім сімвал беларускай піянерыі Вогнік аб’ядняе аматараў танцаў і спорту. Пройдзе таксама конкурс малых грантаў, які дапаможа нашым дружынам рэалізаваць свае ідэі. Працягнуцца і піянерскія КВІЗы”.

У новым навучальным го­дзе будзе рэалізоўвацца і сумесны расійска-беларускі праект па папулярызацыі трукавых скачкоў на скакалцы (роўп-скіпінг) “На спорце”. Яго на форуме прэзентаваў спецыяльны госць Дзяніс Клябанаў, выканаўчы дырэктар арганізацыі “Расійскі рух школьнікаў”.

Даведацца пра сакрэты важацтва педагогам дапамагала насычаная двухдзённая праграма, якая ўключала элементы камандаўтварэння, майстар-класы, адукацыйныя практыкумы і інтэнсіў па актуальных тэматыках. Для дзяцей у дзень нараджэння піянерыі Беларусі ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага прайшоў гаджэт-квест “Мая Ра­дзіма — Беларусь!”, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі вывучалі гісторыю сваёй краіны падчас пошукавых прыгод. Завяршыла піянерскае свята ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў “Вотчына.by”, “Пароль — Акцябронак”, а таксама лепшых саветаў і старшынь піянерыі.

Акцэнт у БРПА робіцца на сучасныя формы работы з дзецьмі, на напаўненне дзейнасці піянерскіх дружын новым зместам і новымі актыўнасцямі. Падрабязней пра тое, чым будуць насычаць кожны дзень новага навучальнага года піянеры Беларусі, чытайце ў нашым суботнім нумары, у дадатку “Шосты дзень”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.