Аб’яднаў пакаленні веламарафон

- 9:40Навіны рэгіёнаў

Веламарафон “Сувязь пакаленняў” прайшоў у Мастах. Арганізавалі яго з мэтай аб’яднання розных пакаленняў здаровым ладам жыцця. Старт марафону быў дадзены каля сярэдняй школы № 2. Першымі стартавалі бацькі вучняў. Перад стартам бацькі акунуліся ў сваё піянерскае дзяцінства, успомнілі сябе 30 гадоў назад, калі яны былі такімі ж юнымі, як іх дзеці.

Талісманам веламарафону стала піянерскае рысяня Вогнік, а дэвізам — “Здаровы адпачынак — піянерам сябар!”. На працягу ўсяго веламарафону гэты дэвіз перадаваўся ад аднаго пакалення ўдзельнікаў другому. Потым эстафету прынялі старэйшыя навучэнцы ўстаноў адукацыі — члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Яны далучыліся да калоны веласіпедыстаў і адправіліся далей у шлях па прасторах роднага горада. Напера­дзе іх чакалі школьнікі сярэдняга звяна — піянеры.

Бацькі і члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі павіталі піянераў і перадалі ім дэвіз здаровага ладу жыцця. А далей маляўнічую калону веласіпедыстаў чакалі самыя маленькія — акцябраты. Перадаўшы эстафету малышам, веласіпедысты адправіліся на сустрэчу з яшчэ адным пакаленнем — ветэранамі піянерскага руху, якія чакалі веласіпедыстаў каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Прынёман­скі”. Ветэраны піянерскага руху павіншавалі дзяцей і іх бацькоў з Днём здароўя і юбілеем піянерыі Беларусі і разам з калонай веласіпедыстаў адправіліся да фінішу веламарафону.

На фінішы калону веласіпедыстаў сустрэла старшыня раённага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Вольга Дзмітрыеўна Камеш. Яна павіншавала ўдзельнікаў веламарафону са святам, пажадала ўсім моцнага здароўя і творчых поспехаў. Піянеры, акцябраты і члены БРСМ падрыхтавалі міні-выступленні і павіншавалі адно аднаго са святам. Бацькі далучыліся да віншаванняў і пажадалі дзецям заўсёды быць такімі актыўнымі і спартыўнымі. Быў зроблены акцэнт на тое, што здароўе важна для кожнага пакалення.

Скончыўся веламарафон “Сувязь пакаленняў” запальным флэш-мобам для ўсіх яго ўдзельнікаў.

Наталля РАДКЕВІЧ,
загадчык аддзела Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.