Аб’ядноўвае майстэрства

Калі ў каго-небудзь запытацца, чым падобны паміж сабой кулінарыя і мехатроніка, то ў адказ будзе здзіўленне. Што за пытанне? Безумоўна, нічым. Гэта абсалютна розныя віды дзейнасці. Сапраўды так. Але апошнім часам усё ж знайшліся рысы, якія аб’ядналі гэтыя дзве сферы. І ўсё дзякуючы WorldSkills. Аказваецца, на чэмпіянаце згаданыя кампетэнцыі самыя папулярныя, і сёлета ў іх будзе ўдзельнічаць найбольшая колькасць краін — каля 50.

Больш за тыдзень назад скончыліся Еўрапейскія гульні, але мы вяртаемся да іх у сваіх успамінах. З Вольгай Уладзіміраўнай Мацікавай давялося сустрэцца ў той дзень, калі міжнародныя спаборніцтвы былі ў самым разгары, і яна ледзьве знайшла паўгадзінкі для размовы. Канечне, ведаючы Вольгу Уладзіміраўну, не было сумненняў, што яна і ў Еўрапейскіх гульнях была задзейнічана. Праўда, не ў якасці спартсмена. Хаця гэта таксама не здзівіла б. В.У.Мацікава — энергічны, няўрымслівы, апанаваны любімай справай чалавек, заўжды ў цэнтры падзей, ініцыятар і арганізатар кулінарнага руху ў нашай краіне. Напэўна, не хопіць слоў, каб ахарактарызаваць Вольгу Уладзіміраўну ў поўнай меры.

Вось і на гэты раз прарэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўнівер­сітэта харчавання галоўны эксперт WorldSkills Bеlarus у прафесійнай кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” В.У.Мацікава прыехала з амаль сотняй сваіх студэнтаў на II Еўрапейскія гульні, каб працаваць у скла­дзе сэрвісных атрадаў на аб’екце харчавання на 2 тысячы месцаў ў вёсцы спартсменаў. Студэнты Магілёў­скага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання  былі добра падрыхтаваны, нават падвучылі англійскую мову на спецыяльна арганізаваных курсах ва ўніверсітэце. Гэта ім вельмі спа­трэбілася, бо студэнты працавалі на лініі раздачы ежы ў сталовых, часта дапамагалі спартсменам, у асноўным замежным, у выбары страў.

Студэнты ўніверсітэта не толькі зарабілі грошы, але і атрымалі ўнікальную магчымасць удасканаліць прафесійныя веды і навыкі, набылі каласальны вопыт у сферы абслугоўвання.

Вольга Уладзіміраўна расказала яшчэ пра адну прыемную акалічнасць. Лепшыя спецыялісты камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Бізнес-цэнтр “Сталіца” (галоўны аператар харчавання на Еўрапейскіх гульнях, які займаўся арганізацыяй гатавання кулінарнай прадукцыі), — гэта выпускнікі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, ім быў давераны галоўныя пасады аб’екта абслугоўвання спартсменаў міжнароднага спаборніцтва.

Сама Вольга Уладзіміраўна працавала ў складзе бракеражнай камісіі. Яе задачай было, перш чым гатовая кулінарная прадукцыя трапіць на лінію раздачы, праверыць стравы на прадмет адпаведнасці патрабаванням нарматыўных прававых актаў, тэхналагічных карт, ацаніць смакавыя якасці. Як правіла, на спаборніцтвах такога маштабу гатуюць ежу з улікам смакавых прыхільнасцей розных мэтавых кліенцкіх груп: вегетарыянцаў; тых, хто аддае перавагу халяльнай ежы (людзей пэўных нацыянальнасцей) і г.д.; тых, хто заказваў стравы, якія кухары не гатуюць штодзень: фалафель, хумус, місо суп, салаты з рэдкімі інгрэдыентамі і інш. Улічваючы ўсе гэтыя асаблівасці харчавання на міжнародных спаборніцтвах, бракеражная служба дакладна адсочвала якасць прадукцыі, асабліва спецыфічнай, мела права зняць няякасную страву з рэалізацыі. Але такога ні разу не адбылося. Спартсмены былі вельмі задаволены якасцю харчавання, з іх боку не было ніводнага наракання. Так, замежным спартсменам асабліва спадабалася малочная прадукцыя. Калі ў першыя дні Гульняў яны насцярожана ставіліся, напрыклад, да ёгурту, марожанага, то, рассмакаваўшы гэтыя прадукты, з задавальненнем ласаваліся імі.

У размове з Вольгай Уладзі­міраўнай мы яшчэ не раз вярталіся да Еўрапейскіх гульняў, але ўсё ж асноўнай тэмай быў, безумоўна, Міжнародны чэмпіянат WorldSkills, які пройдзе ў Казані ў канцы жніўня. Прадстаўляць Беларусь у прафесійнай кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” будзе выпускнік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Пётр Ануфрыенка, пераможца III Нацыянальнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства — 2018. Пётр прыроджаны кулінар, творчы, мэтанакіраваны чалавек, з высокім пачуццём густу, які па-сапраўднаму ўлюбёны ў кулінарную справу. Кожная яго страва — мастацкі твор, шэдэўр.

Разам са сваім педагогам В.У.Мацікавай Пётр імкнецца па­стаянна ўдасканальваць сваё май­стэрства. Мінулым летам ён стажыраваўся ў Іспаніі, у рэстаране  “Мірамар”, у знакамітага шэф-повара Пака Перэса, які валодае гэтым рэстаранам і іншымі. На згаданую стажыроўку Пётр з’ездзіў за асабістыя сродкі, заробленыя ў час працы ў адным з аб’ектаў грамадскага харчавання, якім кіруе Мікіта Цвяткоў, дарэчы, пераможца першага чэмпіянату WorldSkills СНД+. Стажыроўка ў Іспаніі стала для Пятра своеасаблівым моўным трэнажорам. Калегамі хлопца былі кулінары з многіх краін і кантынентаў, і англійская мова стала мовай зносін.

У лютым Пётр стажыраваўся ў Рызе ў знакамітага шэф-повара Райманда Зомерса, уладальніка некалькіх рэстаранаў, у тым ліку рэстарана высокай кухні. Веды па гэтым напрамку Пятру вельмі спатрэбіліся, і некалькі кулінарных фішак, якія ён прывёз з Латвіі, будуць выкарыстаны пры гатаванні конкурсных страў у Казані. Дарэчы, Райманда Зомерса можна было ўбачыць у час папярэдніх міжнародных чэмпіянатаў, дзе ён выступаў галоўным экспертам Латвіі па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”.

Не менш прэстыжнымі былі стажыроўкі Пятра ў Санкт-Пецярбург.Там хлопец  набываў веды па гатаванні страў, па арганізацыі работы ў рэстаране “Ко-ко-ко” (шэф-кухар Ігар Грышачкін) і “Тартарбары” Дзмітрыя Блінова, знакамітага кухара. Гэтыя 2 аб’екты харчавання маюць аўтарскую кухню. Увогуле Санкт-Пецярбург з’яўляецца кулінарнай сталіцай Расійскай Федэрацыі. Яго асобныя рэстараны ўвахо­дзяць у сусветны рэйтынг лепшых. У хуткім часе ў гэтым горадзе пройдзе Міжнародны форум кулінараў. Дыпломная работа Пятра была прысвечана праектаванню рэстарана еўрапейскай кухні. (В.У.Мацікава стала кіраўніком работы.)  Таксама П.Ануфрыенка ўдзельнічаў у праекце “100 ідэй для Беларусі” і стаў пераможцам абласнога этапа, ён быў героем шматлікіх сюжэтаў на тэлебачанні, удзельнікам разнастайных мерапрыемстваў, майстар-класаў.

Конкурсныя заданні сёлетняга чэмпіянату істотна зменены, як зменена і колькасць страў, якія трэба будзе згатаваць. Кожны модуль прадугледжвае гатаванне толькі адной стравы (раней неабходна было зрабіць некалькі), яна павінна быць у стылі файн-дайнінг (высокая кухня) і складанай у гатаванні. Па ўмовах чэмпіянату, прадукты для страў падбіраюцца з улікам нацыянальнай кухні той краіны, дзе право­дзіцца спаборніцтва, таму ў перыяд трэніровак і на ранейшых чэмпіянатах, якія прахо­дзілі ў экзатычных краінах,  прыхо­дзілася выкарыстоўваць для гатавання страў экзатычныя прадукты: амары, васьміногі, рэдкая рыба і інш. Гэты раз, згодна з рашэннем галоўнага міжнароднага эксперта кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”, будзе прапанавана 20 арыгінальных прадуктаў, характэрных для нацыянальнай кухні Татарстана. Татарская кухня ў многім падобна на славянскую, што не можа не радаваць. Акрамя таго, канкурсантам пададуць шмат таямнічых інгрэдыентаў, якія будуць раскрыты непасрэдна перад пачаткам конкурсу.

Што тычыцца саміх заданняў, то ў першым модулі неабходна падрыхтаваць  рабочае месца — мізанплас, згатаваць суп, у рэцэптуру якога ўваходзяць яйкі і вяршкі (застаецца таямніцай, якая агародніна будзе прапанавана . У другім модулі трэба згатаваць страву з мяса (з якога — пакуль  невядома), да яе трэба зрабіць 4 віды гарніру, абавязкова выкарыстаўшы соус і дэкаратыўныя элементы. Трэці модуль прадугледжвае страву з рыбы (які гэта будзе від, застаецца таямніцай). Да рыбы неабходна згатаваць некалькі відаў гарніру і соус. Адзін від гарніру — фаршыраваную пасту — Пётр плануе выканаць у цікавай і арыгінальнай тэхніцы (гэта пакуль сакрэт). Чацвёрты модуль прадугледжвае кандытарскі выраб — трэба спячы кейк, у рэцэптуры якога будуць выкарыстаны арэхі, ягады, фрукты (пакуль невядома якія). Чакае канкурсантаў і асобны тэст па нарэзцы агародніны (таксама таямніца) з выкарыстаннем відаў нарэзкі, характэрных  для міжнароднай кухні (брунуаз, жульен, турнед). Якасць выканання будзе ацэньвацца з дакладнасцю да сотых міліметра.

Цяпер Пётр Ануфрыенка старанна рыхтуецца да чэмпіянату. Вядзецца актыўная работа па распрацоўцы конкурсных страў, іх рэцэптуры, тэхналогіі вырабу і афармлення.

Павел Віктаравіч Сініца, выкладчык філіяла РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” галоўны эксперт WorldSkills Bеlarus у прафесійнай кампетэнцыі “Мехатроніка”, паведаміў, што ў гэтай кампетэнцыі будуць удзельнічаць Кірыл Шыдлоўскі і Максім Гарохаў, навучэнцы каледжа. Хлопцы сталі пераможцамі III Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills. Вучацца ў адной групе на 3 курсе, Павел Віктаравіч іх куратар.

Прафесійная кампетэнцыя “Мехатроніка” была прадстаўлена сярод кампетэнцый, па якіх нацыянальная зборная Беларусі ўпершыню выступала ў Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills, што прахо­дзіў у Бразіліі. Мехатроніка ўключае ў сябе навыкі работы з электронікай, пнеўматыкай, гідраўлікай, механікай і праграмуемымі лагічнымі  кантролерамі. У гэтай кампетэнцыі, згодна з правіламі WorldSkills, удзель­нічаюць 2 чалавекі. Узро­ставы цэнз — не 22 гады, як у большасці  ўдзель­нікаў конкурсу, а 25, зыходзячы з таго, што прафесія вельмі складаная, і канкурсанту трэба мець вялікі аб’ём ведаў і ўменняў, у тым ліку набытых на рэальнай вытворчасці. Але ж гэтыя акалічнасці зусім не палохаюць моладзь. Згаданая кампетэнцыя — адна з самых папулярных на чэмпіянатах WorldSkills. Па колькасці ўдзельнікаў яна лідзіруе разам з кампетэнцыяй “Кулінарнае мастацтва”. Так, у Казань для ўдзе­лу ў кампетэнцыі “Мехатроніка” заяўлена каля 50 краін. Як відаць, гэта вельмі перспектыўны напрамак, і з кожным годам канкурэнцыя ў ім узмацняецца. Усё выкарыстанае ў гэтай кампетэнцыі на конкурсе прымяняецца на 97—98% прадпрыемствах любой галіны. Напрыклад, праграмуемыя лагічныя кантролеры. Яны да­зваляюць кіраваць як адной лініяй, так і ўсім прадпрыемствам. Акрамя таго, могуць аб’ядноўвацца ў агульныя складаныя сеткі і за кошт гэтага здольны дыстанцыйна кіраваць працэсамі на вытворчасці. Асабліва гэта актуальна для прадпрыем­стваў, дзе ёсць шкодныя выкіды.

Спонсарам спаборніцтва з’яўля­ецца прадпрыемства FESTO.

Па заданні, канкурсантам трэба сабраць аўтаматычную лінію, якая складаецца з некалькіх станцый, а потым здзейсніць яе пуск-наладку. Пры гэтым трэба, каб каліброўка ўсіх датчыкаў, настройка ўсёй пнеўматыкі, электрыкі, механічная зборка кампанентаў працавалі канкрэтна на гэтую лінію, на задачы, пастаўленыя ў заданні. Спачатку кожнаму ўдзельніку будзе дадзена чыстая пліта, а ўсе неабходныя кампаненты для зборкі лініі будуць складзены ў скрыні. Спатрэбіцца вызна­чыць, якія з іх і як варта прымяніць пры зборцы, у адпаведнасці з тымі міжнароднымі стандартамі, што прымяняюцца пры зборцы лініі. Пасля таго як канкурсанты здзейсняць зборку і настройку, неабходна будзе стварыць кіруючую праграму, алгарытм для працы гэтай лініі. Работа будзе ацэньвацца па 3 крытэрыях: адпрацоўка кіруючай праграмы, праверка з дапамогай спецыяльнага пульта, ці правільна падключаны электрычныя, пнеўматычныя злучэнні, трэці крытэрый — правільнасць зборкі лініі і яе знешні выгляд (згодна з усімі міжнароднымі патрабаваннямі). Павел Віктаравіч удакладніў, што гэтыя крытэрыі не штучныя, распрацаваны не для конкурсных заданняў, а выкарыстоўваюцца ў рэальнай прамысловасці. Так зроблена для таго, каб канкурсанты яшчэ на спаборніцтве запаміналі гэтыя крытэрыі і ў далейшым выкарыстоўвалі іх на месцы працы. З кожным новым заданнем дадаюцца новыя лініі, новыя элементы. Больш за тое, заданні, па сутнасці, складаней, чым на рэальнай вытворчасці.

Акрамя таго, прадугледжана выкананне іншых модуляў. Напрыклад, трэба ажыццявіць абслугоўванне лініі ў час яе работы, замяніць той ці іншы элемент, падкарэкціра­ваць праграму, прычым падчас руху лініі. Таксама ў заданне ўваходзіць пра­грамаванне сэнсарных панэлей. З дапамогай сэнсарнага планшэта ўдзельнік спаборніцтва стварае праграму, каб выконваць пастаўленыя  задачы.

Таксама канкурсантам трэба ўмець працаваць з розным слясарным камбінаваным інструментам, неабходным пры зборцы лініі. Сенсорыка пастаянна ўдасканальваецца, з’яўляецца ўсё больш датчыкаў рознага тыпу, у тым ліку радыёчастотныя, якія ўшыты ў дэталі і нясуць неабходную інфармацыю пра выкарыстанне.

Па ўмовах чэмпіянату, заданне будзе знаходзіцца ў чорнай скрыні, і каманда не будзе ведаць, з якой станцыяй давядзецца працаваць.

Мехатроніку можна лічыць апераджальнай прафесіяй. Яна пастаянна ўдасканальваецца і нацэлена сёння на тэхналогіі “Індустрыі 4.0”. Каб ісці ў нагу з імклівымі пераўтварэннямі ў эканоміцы, яе лічбавізацыяй, у каледжы ажыццяўляецца тэхнічнае пераўзбраенне, каб рыхтаваць адпаведныя кадры. 

Кірыл Шыдлоўскі і Максім Гарохаў цяпер актыўна трэніруюцца. Яны пабывалі ўжо ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, стажыраваліся ў Фінляндыі, наведалі Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве, іншыя навучальныя ўстановы. Наперадзе — Казань.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара і з архіва.