Аб’ядноўваючы моладзь СНД

- 12:02Актуально, Апошнія запісы

На два дні Мінск стаў пляцоўкай для сустрэчы прадстаўнікоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У межах сустрэчы прайшоў Савет па справах моладзі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а таксама разгарнулі работу Міжнародная выстава маладзёжных праектаў “100 ідэй для СНД” і Рэспубліканскі маладзёжны конкурс “100 ідэй для Беларусі”.

Падчас пасяджэння міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка расказаў пра вопыт нашай краіны ў галіне выбудоўвання маладзёжнай палітыкі, пра тое, што ў Беларусі ў гэтай сферы створана сур’ёзная заканадаўчая база, прыняты праграмныя дакументы, якія вызначаюць асноўныя мерапрыемствы маладзёжнай палітыкі і крыніцы іх фінансавання. Ігар Карпенка расказаў аб развіцці беларускай сістэмы адукацыі, мерах, якія прымаюцца ў краіне для падтрымкі таленавітай моладзі і маладых сем’яў, і падкрэсліў, што ў Беларусі разумеюць, наколькі важна для маладых людзей самарэалізацыя. Яркім прыкладам для самарэалізацыі ён назваў конкурс маладзёжных інавацыйных праектаў “100 ідэй для Беларусі”, які праводзіцца пад эгідай БРСМ сёмы год і пашырыўся ўжо на Садружнасць.

— Для маладога чалавека важна стаць не толькі падрыхтаваным спецыялістам, грамадзянінам, сем’янінам, але важна і рэалізавацца ў нейкай канкрэтнай дзейнасці. І такія праекты, у якіх моладзь можа праявіць сябе ў творчасці, навуцы, спорце, грамадскай дзейнасці, маладзёжным парламентарызме, — гэта важныя складнікі глабальнай маладзёжнай палітыкі, накіраванай на тое, каб маладыя грамадзяне годна падхапілі з рук старэйшых пакаленняў нашу маладую, незалежную, суверэнную дзяржаву, — адзначыў ён.

Акрамя таго, удзельнікі пасяджэння абмеркавалі план мерапрыемстваў на 2018—2020 гады па рэалізацыі Стратэгіі міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва краін Садружнасці. Была абмеркавана падрыхтоўка да правядзення форуму маладзёжных арганізацый краін Садружнасці, які запланаваны на восень бягучага года, і XIII маладзёжных Дэльфійскіх гульняў. Былі падведзены прамежкавыя вынікі дзейнасці Маладзёжнай міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Было абмеркавана і супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД у падтрымцы маладзёжнага валанцёрскага руху. У большасці краін Садружнасці культура валанцёрства мае даўнюю гісторыю, але да 2000 года яно не выдзялалася ў самастойную сферу, а з 2010 года ў большасці краін яно стала развівацца сістэмна. У многім гэтаму паспрыялі маштабныя валанцёрскія праграмы ў межах найбуйнейшых маладзёжных мерапрыемстваў, такіх як XXII Алімпійскія зімовыя гульні і XI Параалімпійскія зімовыя гульні 2014 года ў Расіі, Еўрапейскія гульні 2015 года і IV Ісламскія гульні салідарнасці 2017 года ў Азербайджане, Сусветныя гульні качэўнікаў 2016 года ў Кыргызстане, Сусветная зімовая ўніверсіяда 2017 года і Міжнародная спецыялізаваная выстава “Экспа- 2017 “Энергія будучыні” ў Казахстане, XIX Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Сочы і інш. Удзельнікамі пасяджэння быў абмеркаваны план удасканальвання валанцёрскага руху. Так, рыхтуецца да друку зборнік “Вопыт і перспектывы развіцця валанцёрскага руху на прасторы СНД”, удасканальваецца заканадаўчая сістэма, абагульняюцца і распаўсюджваюцца лепшыя практыкі дзяржаўнай падтрымкі валанцёрства, запланавана серыя вэбінараў і семінараў па абмене вопытам у галіне дабравольнасці, будзе рэалізавана вучэбная праграма па медыяваланцёрстве, Арменіяй будзе праведзены маладзёжны форум на тэму навакольнага асяроддзя і змянення клімату. Расія, Азербайджан, Таджыкістан плануюць правесці некалькі міжнародных маладзёжных форумаў і фестываляў валанцёраў і інш.

Удзельнікі савета наведалі выставы маладзёжных праектаў, а эксперты з Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Расійскай Федэрацыі падвялі вынікі Міжнароднай выставы маладзёжных праектаў “100 ідэй для СНД”. Падрабязней пра маладзёжныя праекты чытайце ў нашым дадатку “Шосты дзень”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.