Расія: аб’ём дамашніх заданняў павінен быць мінімальным

- 12:14Паралелі

Аб’ём дамашніх заданняў для школьнікаў павінен быць мінімальным, а асноўная нагрузка павінна прыхо­дзіцца на вучэбныя гадзіны ў школе, як заявіла каардынатар партпраекта “Новая школа” дэпутат Дзярждумы Алёна Аршынава, дадаўшы, што ў найбліжэйшы час у “Адзінай Расіі” абмяркуюць гэтае пытанне з Мін­асветы.

Раней губернатар Белгародскай вобласці Яўген Саўчанка на сваёй старонцы “УКантакце” назваў школьныя дамашнія заданні “дрэннай шматгадовай звычкай, якая траўміруе і вучняў, і бацькоў”. Губернатар прапанаваў рабіць усе дамашнія заданні ў навучальнай установе, як гэта рэалізавана ў школах поўнага дня. Ён адзначыў, што даручыў дэпартаменту адукацыі перагле­дзець гэтае пытанне і ўнесці кардынальныя змены ў сістэму.

“Падтрымліваю меркаванне губернатара Белгародскай вобласці Яўгена Саўчанкі аб частай празмернасці дамашніх заданняў. На жаль, школьнікі нярэдка перагружаны вучэбнымі заданнямі, якія часта вымушаны выконваць пад кантролем і пры непасрэдным удзеле бацькоў. Асноўнае навучанне павінна праходзіць у школе, у вучэбны час. Дамашнія заданні не толькі не павінны быць па нагрузцы супастаўныя з вучэбным працэсам у школе, але і максімальна мінімізаваны”, — сказала А.Аршынава МІА “Расія сёння”.

Дэпутат адзначыла, што развіццё сучасных тэхналогій і лічбавай адукацыі ўжо зараз дазваляе звесці да мінімуму вучэбную нагрузку ў пазаўрочны час. Па словах Алёны Аршынавай, абавязкова трэба рабіць так, каб дамашнія заданні сталі “невялікім дадаткам да вучэбнага працэсу” і іх можна было выконваць без дапамогі дарослых.

“Яўген Саўчанка часта агучвае канструктыўныя і прагрэсіўныя ідэі. Мы абмяркуем гэтае пытанне ў партыі на адной з найбліжэйшых нарад з удзелам Міністэрства асветы”, — паведаміла дэпутат.

Упаўнаважаны пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па правах дзіцяці Ганна Кузняцова, каменціруючы ініцыятыву Я.Саўчанкі, раней заявіла, што ў школьнай адукацыі важна не перагінаць палку з нагрузкай дзяцей, але ў той жа час не дазваляць вучням ленавацца.

Эксперты выявілі негатыўны ўплыў высокіх вучэбных нагрузак, у тым ліку дамашніх, на здароўе дзяцей. Так, па меркаванні спецыялістаў Расспажыўнагляду, больш за 80 працэнтаў дзённага часу большасць навучэнцаў знаходзіцца ў становішчы седзячы, пры гэтым рухальная актыўнасць дзяцей з паступленнем у школу падае амаль на 50 працэнтаў, паступова зніжаючыся ад малодшых класаў да старшых. Асабліва нізкая актыўнасць у школьнікаў у зімовы перыяд, як адзначылі ў ведамстве.

“Маларухомае становішча за партай ці рабочым сталом адбіваецца на функцыянаванні многіх сістэм арганізма школьніка, асабліва сардэчна-сасудзістай і дыхальнай. Пры доўгім ся­дзенні дыханне становіцца менш глыбокім, абмен рэчываў зніжаецца, адбываецца застой крыві ў ніжніх канечнасцях, што вядзе да зніжэння працаздольнасці ўсяго арганізма і асабліва мозгу: зніжаецца ўвага, аслабляецца памяць, парушаецца каардынацыя рухаў, павялічваецца час разумовых аперацый”, — сцвярджаюць эксперты Расспажыўнагляду.

У сувязі з гэтым школьнікам рэкамендуецца ўдзяляць большую ўвагу рухальнай актыўнасці ў дні канікул і ў выхадныя.