Аб’ёмы гандлю — уражальныя, перспектывы — вялікія

Беларусь і Казахстан маюць перадумовы для росту тавараабароту ў 2018 годзе да $1 млрд. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на сустрэчы з паслом Казахстана ў Беларусі Ермухаметам Ертысбаевым.

Сяргей Румас падкрэсліў, што Казахстан з’яўляецца стратэгічным партнёрам Беларусі. “За восем месяцаў тавараабарот склаў $610 млн, што на 40 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Мы ні ў якім разе не павінны збаўляць тэмпы, трэба выйсці ў гэтым годзе на $1 млрд”, — сказаў прэм’ер-міністр.

Ермухамет Ертысбаеў адзначыў высокі ўзровень міжрэгіянальных сувязей дзвюх краін. Развіццю эканамічнага супрацоўніцтва садзейнічае ў тым ліку работа зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі ў Казахстане. “Аб’ёмы гандлю ўражальныя, і перспектывы вельмі вялікія”, — дадаў ён.

Пытанні развіцця двухбаковых адносін будуць абмеркаваны на маючым адбыцца пасяджэнні міжурадавай беларуска-казахстанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Беларускую частку камісіі ўзначальвае першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын.