Аб значным прадмеце

- 10:44Якасць адукацыі

Павышэнне прафесійнага ўзроўню настаўнікаў працоўнага навучання па фарміраванні агульнапрацоўных і тэхніка-тэхналагічных ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў з дапамогай прымянення эфектыўных прыёмаў і метадаў навучання — такія пытанні абмеркавалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага інстытута адукацыі, метадысты рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, кіраўнікі раённых метадычных аб’яднанняў, настаўнікі працоўнага навучання.

Рэспубліканскі семінар “Фарміраванне агульнапрацоўных і тэхніка-тэхналагічных ведаў, уменняў і навыкаў вучняў у сучасных умовах, гатоўнасці да прафесійнага самавызначэння (працоўнае навучанне)” прайшоў на базе гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.
— На працягу 10 гадоў упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі праводзяць конкурс кабінетаў працоўнага навучання, які накіраваны на актывізацыю дзейнасці па стварэнні матэрыяльна-тэхнічнага, навукова-метадычнага забеспячэння, павышэння эфектыўнасці работы прадметных кабінетаў працоўнага навучання, — расказвае метадыст вучэбна-метадычнага аддзела Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Максімец. — Такая работа дазваляе падняць на новы ўзровень работу настаўніка, якому належыць галоўная роля па змястоўным напаўненні і забеспячэнні якасці адукацыі. Так, усе матэрыялы, якія падаюцца на конкурс, з’яўляюцца аўтарскімі. У Гродзенскай вобласці створаны раённыя рэсурсныя цэнтры па працоўным навучанні. Аб рабоце рэсурснага цэнтра Шчучынскага раёна расказала яго кіраўнік Наталля Кулак. Удасканаленне выкладання і павышэнне якасці працоўнага навучання — так можна сфармуляваць галоўную мэту дзейнасці цэнтра. Асноўнымі кірункамі работы тут выбраны прадметнае кансультаванне педагогаў і навучэнцаў па прадметных галінах, метадычнае суправаджэнне і інфармацыйная падтрымка педагогаў-неспецыялістаў, аказанне метадычнай і арганізацыйнай дапамогі ўстановам адукацыі па рабоце з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі, правядзенне семінараў і майстар-класаў. Тут навучэнцы могуць займацца даследчай дзейнасцю, рыхтавацца да алімпіяд. На працягу апошніх гадоў выніковасць удзелу каманды Шчучынскага раёна на абласным этапе алімпіяды, а ў мінулым годзе і на заключным этапе — ад 80 да 100 працэнтаў.
Работа семінара ўключала азнаямленне з рознымі ўзроўнямі арганізацыі дзейнасці па выкладанні прадмета: прэзентацыі вопыту работы праз адкрытыя ўрокі ў незнаёмым класе, майстар-класы, азнаямленне з выставамі творчасці навучэнцаў Слонімскага раёна, прэзентацыі вучэбных майстэрань.
Удзельнікі семінара не толькі слухалі і назіралі, але і самі вельмі зацікаўлена браліся за работу. Разам з настаўнікам Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Аляксандрам Камяком засвойвалі геаметрычную разьбу па дрэве. У Галіны Старавойтавай, настаўніцы працоўнага навучання Ваўкавыскай дапаможнай школы-інтэрната, засвойвалі кірунак 3D — кветкі ў жэле. А ўвогуле дзеці ў Галіны Анатольеўны могуць навучыцца вышыўцы і бісерапляценню, мастацкай разьбе па яечнай шкарлупіне, рабіць вырабы з халоднага фарфору, а яшчэ смачна гатаваць, па-мастацку афармляць стравы, канструяваць і шыць адзенне. Усяго было арганізавана 12 майстар-класаў, якія, дарэчы, правялі настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі са школ Гродзеншчыны. Майстар-клас “Адкрытае пасяджэнне школы моды “Тынэйджар” сярэдняй школы № 3 Слоніма, які правяла настаўніца Таццяна Шаўчэнка, паказаў новы метад работы па арганізацыі факультатыўных заняткаў — бінарны, калі ў ім удзельнічае некалькі педагогаў, што дазваляе інтэграваць веды вучняў з розных галін. Удзельніцы факультатыву не толькі мадэлявалі адзенне з ільну, але і атрымлівалі веды па гісторыі, літаратуры, беларускіх традыцыях і фальклоры. Аб укараненні метаду актыўнай ацэнкі разам з вучнямі і іх бацькамі расказала на сваім майстар-класе настаўніца гімназіі № 1 Навагрудка Людміла Аляшкевіч. На яе занятках адзнаку ставіць не толькі настаўнік, але і вучні ацэньваюць сваю работу, іх вырабы могуць ацаніць і бацькі дома. Так атрымліваецца агульная актыўная ацэнка.
Цікавым і пазнавальнм было азнаямленне з матэрыяльнай базай сельскіх устаноў адукацыі Слонімскага раёна. У Новадзявяткавіцкай школе загадчыкам кабінета тэхнічнай працы з’яўляецца Мікалай Прыгуноў, які стаў дыпламантам І ступені Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” за праект “Свет чарчэння”. Камбінаваная вучэбная майстэрня школы абсталявана станкамі розных відаў вытворчасці, у тым ліку адукацыйным шматфункцыянальным модульным механізаваным станком-канструктарам для апрацоўкі вырабаў з дрэва, пластмасы, мяккіх металаў, камп’ютарам, мультыбордам. У кабінеце абслуговай працы, дзе загадчыцай працуе Алена Прыгунова, усталяваны сучасныя швейныя машыны, ёсць прымерачная, камп’ютар, дэманстрацыйны экран. Новыя метады выкладання з прымяненнем ІКТ, у тым ліку і прадмета “Працоўнае навучанне”, дазволілі школе ў мінулым годзе атрымаць званне лепшай установы адукацыі па вучэбна-метадычным забеспячэнні і арганізацыі інавацыйнай дзейнасці ў Слонімскім раёне.
— З’яўленне ў кабінеце тэхнічнай працы такога абсталявання, як мультыборд, выклікала сапраўдны бум цікавасці ў вучняў, — гаворыць дырэктар Новадзявяткавіцкай школы Дзмітрый Блізнюк. — Сучасныя дзеці веды з дапамогай камп’ютара ўспрымаюць натуральна і лёгка.
Сваімі поспехамі з удзельнікамі семінара падзялілася педагагічная сям’я Швабовіч з Мураванаашмянкоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Ашмянскага раёна і Таццяна Лянец, настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 16 Гродна.
У Міжэвіцкай сярэдняй школе ўдзельнікаў семінара пазнаёмілі з тым, як мадэлююцца працоўныя адносіны “я+школа+сям’я” і фарміруюцца традыцыі па працоўным выхаванні вучняў. А ў 9-й слонімскай школе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ала Бонда расказала аб рэалізацыі прадметнага зместу сродкамі сацыяльна-працоўных кампетэнцый.
— Наш прадмет значны! — гаворыць метадыст аддзела прыродазнаўча-матэматычных і тэхнічных дысцыплін Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Валянціна Шарапава. — Такая выснова яшчэ раз знаходзіць пацвярджэнне пасля семінара. Уразіла матэрыяльна-тэхнічная база і стаўленне кіраўнікоў устаноў адукацыі да прадмета “Працоўнае навучанне”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.