Абараніць сваю Айчыну

- 9:37Авторские колонки, Ремарка

Люты — гэта мужчынскі месяц. Па-першае, з-за святкавання Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, калі мужчыны адчуваюць сябе мужнымі абаронцамі сваіх родных і блізкіх. Па-другое, у лютым зіма, як правіла, паказвае, што да пяшчотных веснавых дзён і кволых кветак яшчэ ой як далёка — праяўляе па-сапраўднаму мужчынскі характар.

Наталля КАСТЭНКА

На вялікае шчасце, мы жывём у мірнай краіне. Нашы любімыя абаронцы Радзімы — мужы, браты, таты, сы­ны, калегі — кожны дзень побач з намі. Мужчыны-педагогі трымаюць у руках сшыткі і падручнікі, а не аўтаматы. І гэта напаўняе нашы жано­чыя сэрцы вялікай удзячнасцю. У сучаснай Беларусі жывуць пакаленні, якія не ведаюць жахаў вайны, не хаваюцца ад баявых дронаў і не страч­ваюць родных людзей пад бамбёжкамі. Кожны беларус гэта цэніць, бо вайна — яна побач, амаль на межах нашай дзяржавы. І наша мірнае жыццё — вялікая заслуга самага галоўнага абаронцы нашай Айчыны — Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Нізкі яму паклон ад нас, жанчын — маці, сясцёр, дачок, бабуль!

Кожны з вас, дарагія мужчыны, абараняе нашу Радзіму па-свойму. Таму што Ра­дзіма — гэта не толькі наша краіна, гэта для кожнага з нас свой дом, сям’я, дзеці і бацькі, сябры, калегі. Гэта тое месца, дзе мы адчуваем сябе дома, адчуваем сваю прыналежнасць да агульнай справы і лічым сябе часткай вялікай Бацькаўшчыны.

Настаўнік года Рэспублікі Беларусь выкладчык выяў­ленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Сяргей Шамінскі абараняе нашу Айчыну, выхоўваючы ў сваіх навучэнцах важныя чалавечыя якасці, такія як дабрыня і разуменне. “Дзе б ты ні знаходзіўся, што б ні рабіў, ты павінен заўсёды памятаць, што абавязаны заставацца не проста настаўнікам, а найперш чалавекам. І да дзіцяці павінен ставіцца як да маленькага чалавека, маленькага грамадзяніна, як да роўнага сабе”, — лічыць педагог.

Гэтыя важныя маральныя якасці — у аснове асобы самога Сяргея Шамінскага, таму настаўнік не чакае, калі яго пазавуць на дапамогу, а выходзіць на дапамогу сам і заве сваіх вучняў, як было, напрыклад, падчас прыбірання наступстваў летняга ўрагану ў Гомельскай вобласці.

Думаю, не трэба прасіць аб дапамозе і педагога-псіхолага Бярэзінскай гімназіі Уладзіміра Ганчука. Яго Айчына — яго родны горад, гімназія, навучэнцы. Калі падлетак трапляе ў няпростую жыццёвую сітуацыю, педагог-псіхолаг адразу выступае ў яго абарону, таму што гэта нармальная мужчынская рэакцыя — абараніць таго, хто мае ў гэтым патрэбу. Мужчына ва ўстанове адукацыі — гэта тая каменная сцяна, за якой нам, жанчынам, так хочацца схавацца і якую мы шукаем праз усё сваё жыццё.

Па характары сваёй дзейнасці я часта бываю ў каман­дзіроўках і кантактую з вялікай колькасцю педагогаў. І калі мне лёс дае ў якасці рэспандэнта педагога-мужчыну, я ўдзячная, бо гэта шанс дакрануцца да мужчынскага свету і мужчынскага характару. Шанс убачыць, як мужчына абараняе сваю Айчыну.

Дырэктар сярэдняй школы № 7 Смаргоні Аляксандр Джумкоў абараняе Радзіму тым, што клапоціцца пра здаровы лад жыцця і фізічную падрыхтаванасць сваіх вучняў. Для гэтага ў школе створаны і працуе адмысловы музей “Спартыўнае сузор’е Смаргоншчыны”, а ўрокам фізічнай культуры і здароўя ўдзяляецца максімум увагі. Дзеці — будучыня Беларусі, і яна павінна быць моцнай і здаровай.

Падобныя задачы вырашае педагог дадатковай адукацыі Цэнтра турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна Дзмітрый Ніканораў. Не так даўно ён адслужыў у арміі, таму яшчэ добра памятае, што абараняць Радзіму павінны моцныя целам і духам мужчыны. Ён такіх і выхоўвае, трэніруючы сваіх выхаванцаў і будучых мужчын на скаладроме.

Дарагія нашы абаронцы Айчыны! Ад усяго сэрца віншуем вас са святам сапраўдных мужчын! У кожнага з вас — свая маленькая радзіма і блізкія людзі, якіх вы абараняеце штодзень. Але мы цвёрда ўпэўнены: з такімі абаронцамі, як вы, наша любімая краіна — Рэспубліка Беларусь — пад надзейнай аховай.

Фота на прэўю з архіва рэдакцыі, носіць ілюстрацыйны характар