Абараняць дзіця ад шкоднай інфармацыі — прамы абавязак дарослых

- 12:19Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Міністэрства адукацыі разам з зацікаўленымі распрацоўвае план мерапрыемстваў па прывядзенні актаў заканадаўства ў адпаведнасць з Законам ад 11 мая 2016 года № 362-З “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”. Як паведаміў намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, папраўкі, унесеныя ў закон, тычацца абароны дзяцей ад інфармацыі, якая можа нанесці шкоду іх здароўю і развіццю.

“Сучаснае развіццё інтэрнэт-тэхналогій патрабуе ўважлівага і вельмі сур’ёзнага стаўлення з боку дарослых да інфармацыйных патокаў, у якія ўключаны нашы дзеці. Безумоўна, стварэнне належных умоў для развіцця маральна здаровай і ўстойлівай да знешніх уздзеянняў асобы дзіцяці з’яўляецца адной з галоўных задач нашай дзяржавы. Менавіта на яе рэалізацыю і накіраваны гэты закон”, — падкрэсліў Віктар Якжык. Паводле яго слоў, дакумент носіць міжгаліновы характар і прызначаны для комплекснага прававога рэгулявання адносін, звязаных з абаронай дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду. У мэтах каардынацыі дзейнасці пры ўрадзе будзе створаны грамадска-кансультацыйны савет па абароне дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю.
Пры гэтым намеснік міністра адзначыў, што ў сувязі з гэтым адкарэкціраваны будуць законы “Аб правах дзіцяці”, “Аб сродках масавай інфармацыі”, “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”, “Аб рэкламе”, “Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь”. Змяненні і дапаўненні ў дзеючыя заканадаўчыя акты замацоўваюць права дзіцяці на абарону ад інфармацыі, што наносіць шкоду яго здароўю і развіццю, вызначаюць звесткі, здольныя аказаць негатыўны ўплыў на яго здароўе, фізічнае і маральнае развіццё, вызначаюць умовы і парадак апавяшчэння аб змесце інфармацыйнай прадукцыі і магчымасці прычынення ёй шкоды здароўю і развіццю дзіцяці шляхам прысваення інфармацыйнай прадукцыі адпаведнага знака ўзроставай катэгорыі.

Вызначана кола асоб, на якіх ускладаецца абавязак прысвойваць інфармацыйнай прадукцыі знак узроставай катэгорыі. Прапаноўваецца ўстанавіць, што маркіроўка айчыннай інфармацыйнай прадукцыі ажыццяўляецца яе вытворцамі, а інфармацыйнай прадукцыі, якая распаўсюджваецца праз культурныя мерапрыемствы, — арганізатарамі гэтых мерапрыемстваў. Прадугледжваецца таксама, што для распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі замежнай інфармацыйнай прадукцыі, якая не мае знака ўзроставай катэгорыі, распаўсюджвальнікі маюць права самастойна прысвоіць ёй такі знак.

Інфармацыйная прадукцыя, якая адносіцца да мастацкай, гістарычнай, культурнай каштоўнасці, а таксама тэле- і радыёперадачы інфармацыйна-аналітычнага, інфармацыйнага, культурна-асветнага, спартыўнага і духоўна-асветнага характару, друкаваныя сродкі масавай інфармацыі, якія спецыялізуюцца на распаўсюджванні такой інфармацыі, будуць распаўсюджвацца без пазначэння знака ўзроставай катэгорыі. Дакумент прадугледжвае магчымасць бацькам (апекунам, папячыцелям) у мэтах абароны дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду здароўю і развіццю дзіцяці, заключаць з пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслуг дагаворы на аказанне паслуг па абмежаванні доступу да інфармацыі ў інтэрнэце.