Расія: абарона ад Сколкава

Як паведаміла “Расійская газета”, праграма аспірантуры ў Расіі атрымала міжнародную акрэдытацыю.

Міжнародныя эксперты, вывучыўшы ў Сколтэху (Сколкаўскі інстытут навукі і тэхналогій створаны пры падтрымцы Масачусецкага тэхналагічнага інстытута; навучанне ажыццяўляецца па праграмах магістратуры і PhD) падрыхтоўку аспірантаў па праграме “Навукі пра жыццё”, прызналі, што расійскі выпускнік ні ў чым не саступае замежным. Зрэшты, так і павінна быць. Сколкава для таго і ствараўся і атрымліваў розныя прэферэнцыі, каб рыхтаваць навуковую эліту. Напрыклад, калі стыпендыя звычайнага аспіранта — 7,7 тысячы рублёў, то ў Сколтэху — 75 тысяч. І зарплата прафесарска-выкладчыцкага складу тут у разы большая, чым сярэдняя па краіне.

Сур’ёзныя ўкладанні павінны працаваць з максімальнай аддачай. І, мяркуючы па ўсім, гэта ў цэлым атрымліваецца. Калі ў Расіі сёння абараняецца 14% аспірантаў, то ў Сколтэху — амаль 100%. Але адной грашовай “морквай” такой розніцы не дасягнуць. Трэба выбудаваць сістэму падрыхтоўкі кадраў. Менавіта яна і ўразіла экспертаў.

“Яна (сістэма) пачынае працаваць ужо з адбору будучых аспірантаў, якім трэба прайсці конкурс у 10 чалавек на адно месца, — гаворыць прафесар Сколтэха і кіраўнік праграмы аспірантуры ў галіне навук пра жыццё Канстанцін Севярынаў. — Чалавек абавязаны за­гадзя вызначыцца з тэмай будучай даследчай работы, выбрац­ь навуковага кіраўніка і пераканаць яго ўзяць у аспірантуру. Прафесары вельмі патрабавальныя, бо яны павінны гарантаваць Сколтэху, што аспірант абароніцца ў адведзеныя чатыры гады”.

Аспірант знаходзіцца пад пастаянным прэсінгам. Першыя збоі ў падрыхтоўцы па яго віне разглядаюцца ў дысцыплінарным камітэце. Дарэчы, гэты орган — чыста сколкаўскае вынаходніцтва, падобнага няма ў іншых краінах. Вынікам можа стаць зняцце стыпендыі і нават адлічэнне. Акрамя таго, штогод прафесарскі камітэт ацэньвае, ці ёсць прагрэс у падрыхтоўцы дысертацыі ў кожнага аспіранта. І вырашае, ці трэба далей фінансаваць работу, які ўстанавіць памер стыпендыі і г.д.

Асабліва жорсткія патрабаванні прад’яўляюцца да абароны дысертацыі. Каб аспіранта да яе дапусцілі, ён абавязаны мець не менш за 2 публікацыі ў вядучых часопісах і хоць бы ў адной узначальваць спіс аўтараў. А яшчэ трэба выступіць на 2 міжнародных канферэнцыях, прайсці стажыроўку па праграме акадэмічнай мабільнасці ў лепшых універсітэтах ЗША, Еўропы, Кітая, Японіі, Ізраіля, якую аплачвае Сколтэх. Той, хто прайшоў праз гэта, дапускаецца да абароны. Яна павінна ўносіць істотны ўклад у навуку. Так гэта ці не, ацэньваюць спецыялісты, сярод якіх павінна быць не менш за 2 запрошаныя міжнародныя апаненты.