Абарона эканамічных інтарэсаў на дзяржграніцы — сур’ёзнае пытанне

- 10:09Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2016 годзе.

На нарадзе, прысвечанай зацвярджэнню рашэння на ахову дзяржграніцы, Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на сучасных выкліках і пагрозах, у тым ліку на міграцыйным крызісе ў Еўропе. “Мы цяпер глядзім на тое, як захліпнулася Еўропа ад патоку мігрантаў. Багатая, арганізаваная, здавалася б, Еўропа. Але мы не павінны склаўшы рукі сядзець і думаць, што нас гэта не тычыцца”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ў Беларусі такая сітуацыя немагчыма. Аднак трэба працаваць, захоўваючы дзеючую палітыку адносна мігрантаў. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі не супраць павелічэння іх патоку, але кожнага чалавека, які прэтэндуе на тое, каб жыць у краіне, будуць разглядаць, вобразна кажучы, пад павелічальным шклом.
“Мы транзітная дзяржава, і калі мы гэтыя працэсы ўпусцім, як гэта зрабіла Еўропа, мы захліпнёмся потым ад злачыннасці, якую сюды прыўнясуць мігранты. Таму мы павінны праводзіць палітыку, якую праводзілі раней”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі даручыў кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандру Косінцу стварыць групу незалежных спецыялістаў, якія вывучаць, ці ўсё зроблена па даручэннях кіраўніка дзяржавы па ахове эканамічных інтарэсаў на граніцы. Прэзідэнт растлумачыў, што размова ідзе аб пошлінах, дазволах, тарыфным і нетарыфным рэгуляванні. Гэта неабходна для таго, каб абараніць унутраны рынак.
У Беларусі заўсёды ўдзялялася самая павышаная ўвага пытанням аховы дзяржаўнай граніцы і пагранічнай бяспекі ў цэлым, а тым больш цяпер. Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў удзельнікаў нарады, што сёння ў гэтай тэме яго больш хвалюе эканамічны аспект. “Граніца — гэта не толькі бяспека, гэта вялікая эканоміка. Гэта падаткі, дзяржаўны бюджэт”, — адзначыў прэзідэнт. Таму на нараду разам з ваеннымі запрошаны і прадстаўнікі грамадзянскай часткі Савета бяспекі.
Прэзідэнт выказаў занепакоенасць тым, што спажывецкі рынак у Беларусі наводнены імпартнымі таварамі. “Народ павінен разумець, што імпартныя шмоткі — гэта не толькі вялікія грошы з іх кішэні, але і адсутнасць работы ў сябе”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт перакананы, што для вырашэння гэтай праблемы трэба актывізаваць уласную прамысловасць, каб яна выходзіла на адпаведны ўзровень. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што айчынныя тавары павінны і могуць быць не горшымі за імпартныя і таннейшымі.
Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў, што абарона эканамічных інтарэсаў Беларусі на дзяржграніцы — сур’ёзнае пытанне, якое неабходна вывучыць у імя захавання ўнутранага рынку для айчыннай вытворчасці.
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка абазначыў пазіцыю Беларусі ў сувязі са змяненнем правіл гандлю паміж Украінай, ЕС і Расіяй.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў сувязі з сур’ёзнымі змяненнямі правіл гандлю паміж Украінай, ЕС і Расіяй мы зноў апынуліся паміж молатам і кавадлам, паміж двума буйнымі эканамічнымі гульцамі.
“Зразумела, што гэта будзе ўплываць на нашу знешнеэканамічную дзейнасць, таму неабходна пастаянна трымаць у полі зроку ўсе аспекты і праблемы гэтай сферы. І ўраду трэба ў тым ліку публічна вызначыцца тут. Мы павінны выканаць свае абавязацельствы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза перад Расійскай Федэрацыяй”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь не мае намеру закрывацца ад Украіны, паколькі гэта прывядзе да страт тавараабароту ў памеры $5—6 млрд. Расійскі бок гэтага ніколі і не прасіў, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. “Але Расія хоча, і так правільна, каб гэты працэс быў празрыстым”, — дадаў прэзідэнт. Расійскаму боку было прапанавана вызначыць напрамкі, па якіх Беларусь будзе прапускаць транзітам прадукцыю з Украіны і трэція краіны, што і было зроблена.
Кіраўнік дзяржавы расказаў таксама, што Беларусь можа перапрацоўваць украінскую прадукцыю, якая паступае, і потым пастаўляць ужо ў Расію. “Гэта не забаронена, мы з Расіяй так і дамовіліся. Калі гэта беларускі тавар — мы пастаўляем”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выступіў рэзка супраць наяўнасці ў краіне баевікоў, якія ваявалі ва Украіне з таго або іншага боку, і запатрабаваў у сілавікоў неадкладна разабрацца ў сітуацыі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму вядома, што некаторыя так званыя смелыя людзі, баевікі, якія ваявалі ў Данбасе, пазіруюць ужо ў Мінску са зброяй. Стаўленне Беларусі да такіх людзей, якія ваявалі ва Украіне з таго або іншага боку, вядома, падкрэсліў прэзідэнт. Звяртаючыся да прысутных на нарадзе, Аляксандр Лукашэнка даручыў: “Разбірайцеся імгненна разам з міліцыяй і КДБ”.
“Ніякіх пазёраў, ніякіх баевікоў у краіне быць не павінна”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Працэдура перасячэння дзяржграніцы Беларусі будзе спрашчацца толькі на аснове захавання нацыянальных інтарэсаў, таксама адзначыў на нарадзе кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў пунктах пропуску на беларускай граніцы, безумоўна, трэба пазбаўляцца ад чэргаў, трэба таксама аблягчаць пагранічныя працэдуры. “Але ўсе рашэнні па спрошчаным парадку дзеянняў павінны рэалізоўвацца выключна на аснове захавання нацыянальных інтарэсаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У час нарады прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што санкцыйнымі і рэжымнымі мерамі неабходна наводзіць парадак на прыгранічнай тэрыторыі. “На ёй не павінна быць ніякага свавольства і бескантрольнасці”, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што да аховы дзяржграніцы можна і трэба актыўней прыцягваць мясцовае насельніцтва.